Першы намеснік старшыні КДБ генерал-маёр Ігар Сяргеенка ў часе круглага стала ў «Советской Белоруссіі» па пытаннях мемарыялізацыі Курапат назваў лічбу рэпрэсаваных у савецкі час. Ён сказаў наступнае:

«…Я не зводзіў бы ўсё менавіта да 1937 года. Гэта быў пік рэпрэсій. Але звяртаю ўвагу, што пасля ЦК КПСС прымаў рашэнне аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 1920—1980-х гадоў. Пачатак рэпрэсій прыпадае менавіта на 1920-я гады… Сучасная навука кажа: ідэалагічнай асновай палітычных рэпрэсій была тэза Сталіна, што па меры будаўніцтва сацыялізму класавая барацьба абвастраецца. Хацеў бы прывесці некаторыя лічбы датычна архіваў Камітэта дзяржбяспекі. Зразумела, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны частка архіваў была знішчана, але гэтая частка зусім нязначная. Таму сёння, абапіраючыся на фактычныя лічбы, я магу сказаць: па крымінальных справах — судовымі і несудовымі спосабамі — было рэпрэсавана 235,5 тысячы чалавек [у гэтай лічбе не ўлічваюцца рэпрэсаваныя без крымінальных спраў — напрыклад, дэпартаваныя ў Сібір багатыя сяляне. — НН]. Гэта за ўвесь перыяд — з 1920-х па 1950-я гады. Гэта справы, якія знаходзяцца ў Цэнтральным архіве КДБ і архівах абласных упраўленняў, якія тычацца і пазбаўленых свабоды, і расстраляных. З іх 176 тысяч былі рэабілітаваныя…

Сёння ні ў каго не выклікае сумневу тое, што ў Курапатах ляжаць людзі, якія былі бязвінна, незаконна расстраляныя ў 1930—1940-я гады, — сказаў намеснік старшыні КДБ. — Тое, што мы абмяркоўваем гэта сёння і выходзім на канкрэтныя прапановы, кажа пра наступнае: з гэтай тэмы неабходна зняць штучную палітызаванасць, якая ніколі ні да чаго добрага не прыводзіла. Сёння пра Курапаты можна казаць як пра вялікія могілкі нацыянальнага маштабу, дзе спачываюць такія ж людзі, якія гінулі і ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мазыры, Оршы, Полацку, Слуцку, Чэрвені. У вывучаных справах паказваецца 11 такіх месцаў. Ствараючы памятны знак, мы аддамо даніну памяці ўсім загінулым, незалежна ад таго, дзе гэта адбылося…», — сказаў першы намеснік старшыні КДБ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?