FAINY.BY: «Світшот на ўсе выпадкі жыцця»

Калі вы фанат вышыўкі, то ўжо, мабыць, чулі нешта пра брэнд FAINY.BY, які вырабляе адзенне і прыгожыя рэчы накшталт нататнікаў з рукадзельным арнаментам. Іх паслугамі ужо скарысталася шмат іншых беларускіх дызайнераў і знакамітых людзей: нядаўна FAINY.BY на заказ рабілі падарунак Сяргею Лазараву, пару гадоў таму вышывалі форму для Максіма Мірнага.

Дарэчы, кліент сам можа прапанаваць вытворцам нейкі сюжэт, які потым з’явіцца на адзенні.

Сваім яркім дызайнам каманда брэнда набліжае надыход вясны ўжо даўно. «Усім беларускім модніцам раю ў гэтым сезоне звярнуць увагу на нашы світшоты, універсальную рэч, якую пры жаданні можна надзець і ў офіс, і на спатканне. Пасля доўгай зімы ўсім хочацца колеру. Выбірайце яркія фарбы: нябесны блакітны, глыбокі зялёны, сонечны жоўты, насычаны фіялетавы. Усе гэтыя колеры вы знойдзеце ў нашай новай калекцыі. А яшчэ — далікатныя тоны для прынцэс: крэмавы, ружовы і блакітны, пастэльны бэзавы», — кажа дызайнер Кацярына Кузьміч.

Хутка ў продаж паступяць спартыўныя штаны, іх можна будзе насіць у камплекце са світшотамі. Не за гарамі калекцыя сукенак і кашуляў з кветкавай вышыўкай.

 Больш мадэляў можна знайсці на сайце, а таксама ў сацсетках:

Swan: «Рамантычнасць і крыху хуліганства»

У надыходзячым сезоне Галіна Бурак раіць звярнуць увагу на двухбортныя паліто, касцюмы мужчынскага крою, штаны з лампасамі, быццам пазычаныя ў таты, і сукенкі з валанамі і рушамі. Што датычыцца колераў, то асабісты топ дызайнера — гэта адценні пудры і зеляніны (так званы колер кучаравай капусты), спалучэнне чырвонага і фуксіі.

 LSD Clothing: «Час асвяжыцца»

Натуральныя тканіны і небанальныя расфарбоўкі — вось што будзе модна, на думку гэтага брэнда. Напрыклад, персікавы і аўтарскі вінны. Асістэнт дызайнера Ганна таксама расказала, якую рэч на вуліцах горада варта чакаць дакладна: штаны-кюлоты.

 MURMUR: нясумны офіс

Дызайнеры Кацярына Латышава і Святлана Камарова ў першую чаргу працуюць з адзеннем для офіса, імкнучыся, каб нават у чатырох сценках жанчыны адчувалі сябе камфортна і стылёва. Вясна дадасць у іх творчасць новую палітру фарбаў: ультратрэндавыя рэчы ружовага колеру, сукенкі з устаўкай-сеткай і аўтарскі прынт з кактусамі.

 LIMITEDMINSK: з любоўю да радзімы

Некаторыя ўспрымаюць гэты брэнд як падлеткавы, але гэта зусім не так. Іх адзенне вельмі пасуе дзелавым людзям, якія ведаюць, чаго хочуць ад жыцця і любяць родны край. Лінейка з выявамі конікаў і зуброў стваралася, каб расказаць пра нашу краіну з новага боку, і дызайнер Наталля Жук упэўнена, што яны з напарнікам і далей будуць чэрпаць натхненне ў беларускай гісторыі. Сапраўдныя хіты сезона — паліто з аўтарскімі брошкамі ў выглядзе хмарак з подпісам «Дажджліва», не страціўшыя актуальнасць бомберы і кюлоты, хараство якіх паступова асэнсоўваюць і ў нас. Асобная калекцыя «Сіноптык» будзе прысвечана непастаяннаму беларускаму надвор’ю: тут вам і прыкольныя дажджавікі, і вятроўкі, якія падымаюць настрой.

 HEARTINESS — не толькі шалі і палантыны

Гэты брэнд ручнога ткацтва вядомы ўсім, хто дока ў дэталях і шануе ўтульнасць (мужчынам таксама!). Аксана Вінаградава пачала з вырабу слінгаў, а цяпер прыйшла да працэсу стварэння паўнавартаснага адзення. Каманда «Хартнэс» робіць сукенкі на заказ, а вясной плануе пачаць ткаць паліто «oversize». Да 8 сакавіка будзе гатова калекцыя шаляў са стаадсоткавага эўкаліпта. Нягледзячы на тое, што хітом сезона стане колер «грын», дызайнер не збіраецца адходзіць ад сваіх любых, быццам «запыленых», складаных адценняў.

 Historia Naturalis: калі ты не такая, як усе

У фанатаў гэтага брэнда свой свет: незвычайны, крыху фрыкаваты і пры гэтым вельмі натуральны. Дызайнеры імкнуцца актыўна выкарыстоўваць лён, але не для этнічнай тэматыкі, як гэта ўспрымаецца традыцыйна, а для футурыстычных і канцэптуальных матываў: прынты з трусікамі, кляксамі, анімалістыка. Сапраўдны хіт дуэта двух дызайнераў гэтага брэнда — доўгі світшот (насамрэч сукенка), які будзе незаменным для халоднага надвор’я сакавіка. У новай калекцыі чакаецца трошкі ад анімэ і графікі. Карацей, калі вы любіце вылучацца з натоўпу — вам сюды.

 The Young Clothes: маладосць і пяшчота

З набліжэннем вясны сёстры Леванюк закупілі далікатна-ружовыя, ментолавыя і кветкавыя тканіны. З гэтага ўсяго зробяцца касцюмы, кашулі, паліто і камізэлькі. Актуальнымі для новай пары года будуць і сарафаны з карункамі, а таксама спадніцы-плісэ. Прыйдзецца даспадобы як юным студэнткам, так і кабетам больш саліднага ўзросту. Праўда, калі яны носяць памеры не больш за 46-ы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?