Канфлікт на будпляцоўцы каля Курапат часова заціх: з будпляцоўкі прыбралі ўсю тэхніку, рабочых на аб'екце няма. Але актывісты, якія ўжо больш за тыдзень абараняюць участак каля дома № 49 на Мірашнічэнкі ад будаўніцтва бізнэс-цэнтра, працягваюць несці вахту ля пляцоўкі. Ад уладаў яны патрабуюць цалкам згарнуць будоўлю. У Мінгарвыканкаме такое рашэнне пакуль не прынялі. Мэр Мінска пасля сустрэчы з актывістамі паабяцаў толькі на тыдзень спыніць усе працы.

Акцыянер кампаніі-замоўцы «Белрэканструкцыя» Ігар Анішчанка ў каментары TUT.BY выказаў сваё стаўленне да сітуацыі, якая склалася.

«Чаму прадалі ўчастак, які ўваходзіў у ахоўную зону?»

Участак каля дома № 49 быў набыты на аўкцыёне чатыры гады таму. Тады гэты ўчастак яшчэ ўваходзіў у зону рэгуляванай забудовы Курапат. Вывелі яго з зоны толькі праз год.

— Вы бачылі, што зямля ўваходзіць у ахоўную зону Курапат?

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

— Участак набыты чатыры гады таму. За ўвесь гэты час было пройдзена з дзясятак экспертыз, атрыманыя ўсе заключэнні, і ніхто, ні разу да выхаду на будоўлю, не сказаў, што могуць узнікнуць нейкія пытанні, звязаныя з Курапатамі, — кажа Ігар Анішчанка. — Гістарычнай экспертызы не было, бо яна праводзіцца, толькі калі ўчастак знаходзіцца ў ахоўнай або зоне рэгулявання забудовы. Калі мы куплялі ўчастак, ён ні па адным дакуменце не праходзіў як ахоўная зона Курапат. Таму ўся гэтая сітуацыя стала для нас поўнай нечаканасцю.

Калі б хаця б падчас грамадскага абмеркавання нехта сказаў, што гэта ахоўная зона, мы б прыслухаліся. Мы законапаслухмяная кампанія. Таму цяпер у нас пытанне: чаму нам прадалі ўчастак, які ўваходзіў у ахоўную зону?

Так, там не расстрэльвалі і не было там дарогі смерці. Але нас паставілі ў супрацьстаянне з людзьмі, якія хочуць абараніць памяць рэпрэсаваных. Я таксама хачу абараніць іх памяць. І жаданні людзей і іх дзеянні нам зразумелыя.

«Канфлікты нам не патрэбныя, таму будоўля спыненая, чакаем рашэнне горада»

Цяпер кампанія цалкам спыніла будоўлю да прыняцця горадам канчатковага рашэння.

— На сёння мы прынялі рашэнне не прыпыніць, а цалкам спыніць будоўлю. Мы вывезлі з участка ўсю тэхніку, рабочых. І цяпер чакаем рашэння горада, бо яно ў яго кампетэнцыі. Мінгарвыканкам нам сказаў пачакаць, і мы думалі, што рашэнне прымуць за пару дзён. Але прыняцце рашэння зацягнулася, а працягваць працы ў такой сітуацыі немагчыма і небяспечна. Будаваць там, дзе людзі катэгарычна супраць, дзе яны прыкоўваюць сябе кайданкамі да тэхнікі, катэгарычна нельга.

— Калі горад прапануе вам іншы ўчастак, як гэта было ў Катоўцы, пойдзеце будаваць туды?

— Вядома. Страты не граюць у дадзеным выпадку істотнай ролі. Галоўнае — гэта тое, што нам не патрэбныя ніякія канфлікты. Яны нікому не патрэбныя, — кажа Ігар Анішчанка.

І падкрэслівае:

— Усе людзі маюць права выказваць свой пункт гледжання і абараняць яго. Мы разумеем тых актывістаў, якія стаяць там. Змагацца з імі мы не можам і не павінны. Мы не хочам ніякага супрацьстаяння ў грамадстве, і мы просім горад знайсці рашэнне гэтай сітуацыі. Усё, што маглі, мы зрабілі: спынілі працы.

Прапанова журналістаў, актывістаў і гісторыкаў усталяваць на гэтым месцы або каля саміх Курапат мемарыял кампанія падтрымлівае і гатовая ўзяць актыўны ўдзел у гэтым.

— Мы гатовыя ўдзельнічаць ва ўстаноўцы мемарыяла на гэтым месцы, калі ўчастак забяруць, або каля саміх Курапат. Мы шануем памяць загінулых, і нам не ўсё роўна, што адбывалася ў гэтым гістарычным месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?