Прапажу больш за 70 крыжоў з могілак у вёсцы Залейкі Іўеўскага раёна нядаўна выявілі мясцовыя жыхары. У разгубленасці выклікалі на месца не міліцыю, а кіраўніка мясцовага сельвыканкама, піша sb.by.

Старшыня Морынскага сельвыканкама Таісія Лось паспяшалася выехаць на месца і сама патэлефанавала ў дзяжурную частку:

«Крыжы былі проста выламаныя, выкручаныя. Пацярпелі магілы, якія ўладкоўваліся ў 80-х — 90-х гадах. Тады было прынята ўсталёўваць металічныя крыжы. Менавіта яны і сталі здабычай злачынцаў. Пасля гэтага прыязджалі следчыя, праводзілі праверку сярод мясцовых жыхароў. Але гэта, хутчэй за ўсё, зрабілі не яны. Не так выхаваныя».

Варта адзначыць, што тэрыторыя Морынскага сельвыканкама — спецыфічнае месца. Тут вельмі шмат дамоў выкупленыя гараджанамі: мінчанамі, лідчанамі, гарадзенцамі.

Фактычна суадносіны вясковых жыхароў і дачнікаў — адзін да аднаго. Да таго ж, могілкі размешчаныя ў бязлюдным месцы, у лесе, за пару соцень метраў ад трасы Мінск—Гродна. Непрыкметна пад'ехаць, выламаць і пагрузіць крыжы ў машыну мог хто заўгодна.

Па факце выкрадання алюмініевых крыжоў заведзеная крымінальная справа, вядзецца расследаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0