Усе ўдзельнікі баёў за Алепа, уключаючы сірыйскія ўрадавыя войскі, ВКС РФ, якія падтрымлівалі іх, а таксама сірыйскую апазіцыю, здзяйснялі ваенныя злачынствы падчас спробаў узяць горад пад кантроль у ліпені-снежні 2016 года. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе незалежнай міжнароднай камісіі ААН па расследаванні падзей у Сірыі, апублікаваным у сераду ў Жэневе, паведамляе DW.

Так, у справаздачы паказваецца, што ВПС Сірыі і ВКС Расіі наносілі па раёнах усходняга Алепа, якія ўтрымлівала апазіцыя, «штодзённыя паветраныя ўдары», у выніку якіх сотні чалавек былі забітыя, а таксама разбураныя некалькі медыцынскіх устаноў. Акрамя таго, сірыйская ўрадавая авіяцыя «наўмысна» разбамбіла калону з гуманітарным грузам, што прывяло да 14 ахвяр і прыпынення аперацыі па аказанні дапамогі мясцоваму насельніцтву, падкрэсліваецца ў дакуменце.

Асобнага згадвання таго, у якіх менавіта ваенных злачынствах падазраецца расійскі бок, у справаздачы не ўтрымліваецца, удакладняе Reuters. Аўтары дакладу, у прыватнасці, адзначаюць выкарыстанне з паветра касетных боепрыпасаў, аднак не ўскладаюць адказнасць за гэта адрасна — на Маскву ці Дамаск. Нарэшце, камісія ААН звяртае ўвагу на тое, што сірыйскія ВПС ўжывалі «бомбы з хларынам у населеных раёнах», што пацягнула за сабой гібель «сотняў мірных грамадзян».

Генеральная асамблея ААН у снежні 2016 года абвясціла аб стварэнні спецыяльнай рабочай групы. У яе задачы ўваходзіць стварэнне дасье матэрыялаў аб ваенных злачынствах у Сірыі. Мяркуецца, што гэта дапаможа міжнародным органам юстыцыі сабраць даказальны матэрыял, які яны змогуць выкарыстоўваць для прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?