Стваральнікі дыснэеўскага мастацкага фільма «Прыгажуня і пачвара», які выходзіць на экраны праз два тыдні, паведамілі, што адзін з персанажаў мужчынскага полу адчувае моцныя пачуцці да галоўнага антаганіста Гастона, піша ВВС.
AP
Такім чынам, любоўная сцэна персанажа Лефу і Гастона стане першым з'яўленнем аднаполых адносін у карцінах студыі Уолта Дыснея.
Трэйлер новай экранізацыі класічнай казкі быў выпушчаны ў канцы мінулага года. Толькі за першыя суткі яго паглядзелі больш за 130 тысяч разоў.
Згодна з сюжэтам, Лефу (чыё імя перакладаецца з французскага як «вар'ят») — шчыры сябар Гастона, які ў нейкі момант пачынае хацець яго. Ролю Лефу выканаў амерыканскі акцёр Джош Гэд.
Рэжысёр Біл Кондан сказаў брытанскаму часопісу Attitude, што роля Лефу стане прарыўной з пункту гледжання асвятлення ЛГБТ-супольнасці ў фільме кінастудыі, традыцыйна арыентаванай на дзіцячую і сямейную аўдыторыю.
«[Гэты герой] толькі пачынае разумець свае пачуцці. І Джош сыграў яго вельмі тонка і далікатна. У канцы фільма гэтым пачуццям будзе дадзены адказ, але я не хачу руйнаваць інтрыгу», — адзначыў Кондан.
Мэт Кейн — выпускаючы рэдактар Attitude — выказаў аптымізм у сувязі з такім сюжэтным паваротам у стужцы.
«Гэта крок у правільным кірунку, і я апладзірую «Дыснею» за тое, што яму хапіла смеласці. Спадзяюся, гэта дапаможа змяніць настрой грамадства і спрыяць сацыяльнаму прагрэсу», — сказаў Кейн.
У ролі прыгажуні выступае Эма Уотсан. Яна не раз казала, што хацела б паказаць прыгажуню больш феміністычнай гераіняй, чым гэта было прынята ў класічных экранізацыях казкі.
Практычна поўная адсутнасць ЛГБТ-персанажаў і любоўных ліній у кінастужках «Дыснея» станавілася падставай для крытыкі з боку актывістаў гей-руху. Пры гэтым, напрыклад, у сусвеце коміксаў Marvel, і іх экранізацый ЛГБТ-персанажы сустракаюцца рэгулярна.
Праваабарончыя арганізацыі правяраюць фільмы тэстам імя Віта Русо — сузаснавальніка GLAAD і змагара за грамадзянскія правы.
Па ўмовах тэсту, у фільме павінен прысутнічаць ЛГБТ-персанаж, чыя сэксуальнасць не павінна быць яго адзінай якасцю і чыё знікненне са сцэнара адбілася б на сюжэце карціны.
Паводле даных мінулага года, з усіх буйных амерыканскіх кінастудый найбольш здавальняючы вынік паказала Lionsgate, у той час як Disney цалкам праваліў тэст.
У маі мінулага года тысячы інтэрнэт-карыстальнікаў падтрымалі прапанову 17-гадовай Ісабэль Манкады аб тым, каб у гераіні Эльзы з дыснэеўскага паўнаметражнага сіквела «Халоднага сэрца» з'явілася дзяўчына.