Бравага салдата Швейка правакуюць у карчме на палітычнае выказваньне і забіраюць у паліцыю па абвінавачаньні ў датычнасьці да забойства эрцгерцага Фэрдынанда. А там ужо поўная камэра гэткіх самых. Урывак з раману Яраслава Гашака амаль пра 4 ліпеня.

Замах у Сараеве напоўніў паліцэйскую ўправу шматлікімі ахвярамі. Іх прыводзілі адну за адной, і стары інспэктар у канцылярыі, дзе прымалі арыштаваных, дабрадушна гаварыў ім:

— Гэты Фэрдынанд вам бокам выйдзе!

Калі Швейка замкнулі ў адной са шматлікіх камэр другога паверха, ён знайшоў там кампанію з шасьці чалавек. Пяцёра зь іх сядзелі наўкол стала, а ў кутку на ложку, цураючыся іх, сядзеў шосты — мужчына сярэдняга веку.

Швейк пачаў распытваць аднаго за адным, за што яны сядзяць. Ад тых пяці, што сядзелі ўкруг стала, ён атрымаў амаль аднолькавыя адказы:

— З-за Сараева.

— З-за Фэрдынанда.

— З-за гэтага забойства эрцгерцага.

— За Фердынанда.

— За тое, што ў Сараеве кокнулі пана эрцгерцага.

Шосты, які трымаўся ўбаку ад астатніх, сказаў, што ён ня хоча мець зь імі нічога супольнага, каб яго ні ў чым такім не западозрылі, бо ён сядзіць тут усяго толькі за спробу забойства голіцкага селяніна з мэтай крадзяжу.

Швейк падсеў да грамады змоўшчыкаў, якія ўжо ў дзесяты раз апавядалі адзін аднаму, як трапілі сюды.

Усе, апрача аднаго, былі схоплены або ў карчме, або ў шынку, або ў кавярні. Выключэньнем быў надзвычай тоўсты пан у акулярах, з заплаканымі вачыма, якога арыштавалі ва ўласным доме, бо за два дні да замаху ў Сараеве ён плаціў «У Брэйшкі» па рахунку за двух сэрбскіх студэнтаў-тэхнікаў і, звыш таго, быў заўважаны дэтэктывам Брыксі п’яным у таварыстве тых жа студэнтаў у «Манмартры» на Ржэцезавай вуліцы, дзе, як арыштаваны сам пацьвердзіў у пратаколе сваім подпісам, таксама расплачваўся за іх.

На папярэднім сьледзтве ў паліцэйскай управе на ўсе пытаньні ён верашчаў адну і тую ж стэрэатыпную фразу:

— У мяне крама пісьмовых тавараў!

На што атрымліваў гэткі ж стэрэатыпны адказ:

— Гэта для вас не апраўданьне.

Невысокі пан, якога загрэблі ў карчме, быў выкладчыкам гісторыі і расказваў карчмару гісторыю розных замахаў. Яго ўзялі якраз у той момант, калі ён заканчваў псыхалягічны аналіз замахоўцаў словамі:

— Ідэя замаху простая, як калюмбава яйка.

— Гэтак жа, як і тое, што вас чакае Панкрац, — дапоўніў яго вывад паліцэйскі камісар на допыце.

Трэці змоўшчык быў старшынём дабрачыннага таварыства ў Годкавічках «Дабралюб». У дзень замаху «Дабралюб» ладзіў у садзе гуляньне з канцэртам. Прыйшоў жандарскі вахмістар і запатрабаваў, каб удзельнікі сьвята разыходзіліся, бо Аўстрыя ў жалобе, на што старшыня «Дабралюба» прастадушна адказаў:

— Пачакайце хвілінку, пакуль дайграюць «Гэй, славяне».

Цяпер ён сядзеў, зьвесіўшы галаву, і бубніў:

— У жніўні перавыбары прэзыдыюму праўленьня. Калі да таго часу я не вярнуся дадому, можа здарыцца, што мяне ня выберуць. А я старшынюю ўжо дзясяты год! Такой ганьбы я не перажыву!

Дзіўную штуку ўрэзаў нябожчык Фэрдынанд з чацьвертым арыштантам, чалавекам адкрытага характару і бездакорнай сумленнасьці. Цэлых два дні ён пазьбягаў якой бы там ні было гаворкі пра Фэрдынанда і толькі вечарам у кавярні за мар’яжам ён, б’ючы жалудовага караля казырнай бубновай сямёркай, сказаў:

— Сем куль, як у Сараеве!

У пятага, які, паводле ягонага ж прызнаньня, сядзеў «за тое, што ў Сараеве кокнулі пана эрцгерцага», яшчэ сёньня валасы ад жаху стаялі дуба і была ўскалмачаная барада, так што яго галава нагадвала стаеннага пінчара. Ён быў арыштаваны ў кавярні, дзе не прамовіў ніводнага слова, нават не чытаў газэт, у якіх пісалі пра забойства Фэрдынанда; ён сядзеў за сталом у поўнай адзіноце, як раптам да яго падсеў нейкі пан, і хутка спытаў:

— Вы чыталі пра гэта?

— Не чытаў.

— А ведаеце пра гэта?

— Ня ведаю.

— А ведаеце, пра што пішуць?

— Ня ведаю і не цікаўлюся.

— Але ж усё гэта павінна было вас зацікавіць.

— Ня ведаю, што там павінна было б мяне зацікавіць. Я выкуру сыгару, вып’ю некалькі куфляў піва, павячэраю. А газэт я не чытаю. Газэты хлусяць. Навошта мне яшчэ нэрвавацца.

— Значыцца, вас не цікавіць нават гэтае забойства ў Сараеве?

— Мяне ўвогуле не цікавяць ніякія забойствы — ні ў Празе, ні ў Вене, ні ў Сараеве ці ў Лёндане. На тое ёсьць розныя ўстановы, суды і паліцыя. Калі каго заб’юць, то так яму і трэба. Ці можна ж быць такім цюхцяём, каб даць сябе забіць?

Гэта былі яго апошнія словы. З гэтага часу ён праз кожныя пяць хвілін толькі голасна паўтараў:

— Я не вінаваты! Я не вінаваты!

Гэтыя словы ён паўтараў і ў браме паліцэйскай управы, іх ён будзе паўтараць і тады, калі яго павязуць у праскі крымінальны суд, і з гэтымі ж словамі ён увойдзе ў сваю турэмную камэру.

Выслухаўшы ўсе гэтыя страшныя змоўніцкія гісторыі, Швейк палічыў, што будзе дарэчы высьветліць вязьням усю безнадзейнасьць іх становішча.

— Кепскія нашы справы, — пачаў ён сваё суцяшальнае слова. — Гэта няпраўда, быццам вам, усім нам, нічога за гэта ня будзе. Навошта ж тады паліцыя, як не для таго, каб караць нас за наш доўгі язык? Калі ўжо надышоў такі небясьпечны час, што страляюць у эрцгерцагаў, то няма чаго зьдзіўляцца, што цябе вядуць у паліцыю. Усё гэта дзеля бляску, каб Фэрдынанду перад пахаваньнем зрабіць рэкляму. Чым болей нас тут зьбяруць, тым лепей для нас, бо нам будзе весялей. (...) А колькі невінаватых людзей бывае асуджана — і ня толькі ў войску, але і грамадзянскімі судамі! (...) Возьмем, да прыкладу, таго бязьвіннага цыгана з Забегліц, што ў калядную ноч узламаў крамку дробнага тавару. Ён кляўся, што зайшоў пагрэцца, але гэта яму не дапамагло. Калі ўжо трапіў у лапы правасудзьдзя, справы дрэнь. Але што зробіш? Трэба ўсё-такі прызнаць, што ня ўсе людзі такія паганцы, як мы часам мяркуем. Але як сёньня адрозьніш прыстойнага чалавека ад прахвоста, асабліва ў такі сур’ёзны час, калі нават Фэрдынанда цюкнулі? У нас таксама, калі я служыў у войску ў Будзяёвіцах, застрэлілі неяк сабаку ў лесе за вучэбным пляцам. А сабака быў капітанаў. Калі капітан пра гэта даведаўся, то выклікаў нас усіх, пастроіў і кажа: «Хай выйдзе наперад кожны дзесяты». Я, само сабой, аказаўся дзесятым. Сталі мы па стойцы «сьмірна» і «не маргні». Капітан ходзіць наўкола нас і гаворыць: «Вы нягоднікі! Нікчэмнікі! Паганцы! Гіены плямістыя! Усіх бы вас за гэтага сабаку ў адзіночку! Пасячы вас на кавалкі! Перастраляць! Нарабіць з вас адбіўных катлет! Ведайце, літасьці ня будзе, усіх на два тыдні ўпяку ў казармы!» Бачыце, тады гаворка ішла толькі пра маленькага сабачку, а цяпер жа пра самога эрцгерцага. Тут трэба нагнаць такога страху, каб жалоба была як мае быць.

— Я не вінаваты, я не вінаваты! — паўтараў ускудлачаны чалавек.

— Ісус Хрыстос быў таксама невінаваты, — сказаў Швейк, — а яго ўсё-такі ўкрыжавалі. Нідзе ніхто ніколі не зважаў на лёс бязьвіннага чалавека «Maul halten und weiter dienen» , як чаўплі нам у войску. Так яно найлепей і спакойней.

Швейк лёг на ложак і спакойна заснуў.

Тым часам прывялі двух новенькіх. Адзін зь іх быў басьніец. Ён хадзіў па камэры, скрыгатаў зубамі і праз кожнае слова мацюкаўся. Яго мучыла думка, што ў паліцэйскай управе згубіцца яго латок з таварам. Другі навічок быў шынкар Палівец, які, убачыўшы свайго знаёмага Швейка, пабудзіў яго і трагічным голасам усклікнуў:

— I я ўжо тут!

Швейк сардэчна паціснуў яму руку і сказаў:

— Шчыра рады. Я ведаў, што той пан стрымае слова, калі паабяцаў, што па вас прыйдуць. Такая акуратнасьць — рэч добрая.

Аднак пан Палівец заўважыў, што такая акуратнасьць гроша меднага ня варта, і ціха спытаў Швейка, ці ня злодзеі астатнія арыштаваныя: яму як гандляру гэта магло пашкодзіць. Швейк яму растлумачыў, што ўсе, апрача аднаго, які пасаджаны за спробу забойства селяніна з Голіц, адносяцца да іх гурту — сядзяць з-за эрцгерцага.

Пан Палівец пакрыўдзіўся і сказаў, што ён тут не з-за нейкага недапечанага эрцгерцага, а з-за самога пана імпэратара. Усе зацікавіліся, і ён расказаў, як мухі запаскудзілі партрэт пана імпэратара ў яго шынку.

— Запэцкалі мне яго, шэльмы, — закончыў ён аповед пра свае нягоды, — і вось давялі мяне да крыміналу. Я гэтым мухам не дарую, — прыгразіў ён.

Швейк зноў было ўлёгся прыдрамнуць, але спаў нядоўга — па яго прыйшлі, каб адвесьці на допыт.

Падымаючыся па лесьвіцы ў трэці аддзел на допыт, Швейк без нараканьняў нёс свой крыж на Галгофу, нават не заўважаючы свайго пакутніцтва. Убачыўшы надпіс: «Пляваць на лесьвіцы забараняецца», ён папрасіў у вартавога дазволіць плюнуць у плявальніцу і, зьзяючы сваёй прастакаватасьцю, увайшоў у канцылярыю са словамі:

— Добры вечар вам усім, людзі добрыя!

Замест адказу нехта даў яму пад рэбры і падштурхнуў да стала, за якім сядзеў пан з халодным службовым выразам твару. Ён крыважэрна зірнуў на Швейка і сказаў:

— Ня стройце зь сябе дурня.

— Нічога ня зробіш, — сур’ёзна адказаў Швейк. — Мяне вызвалілі ад вайсковай службы за ідыятызм. Спэцыяльная камісія афіцыйна прызнала мяне ідыётам. Я афіцыйны ідыёт.

Пан з тварам злачынцы заскрыгаў зубамі.

— Зьдзейсьненыя вамі ўчынкі, у якіх вас абвінавачваюць, сьведчаць аб тым, што ў вас галава варыць.

I ён тут жа пералічыў Швейку цэлы шэраг розных злачынстваў, пачынаючы ад дзяржаўнай здрады і канчаючы зьнявагай яго вялікасьці і членаў пануючага дома. У цэнтар гэтай процьмы злачынстваў была пастаўлена ўхвала забойства эрцгерцага Фэрдынанда, адкуль адгаліноўвалася новая гронка злачынстваў, сярод якіх зырка зіхацела падбухторваньне да бунту, бо ўсё гэта адбывалася ў грамадзкім месцы.

— Што вы на гэта скажаце? — пераможна спытаў пан зь лютым выразам твару.

— Мнагавата, — бязьвінна адказаў Швейк. — Што задужа — нездарова.

— Вось бачыце, вы самі прызнаяце...

— Я прызнаю ўсё. Строгасьць павінна быць, безь яе ніхто нікуды б не дайшоў. Я, калі служыў у войску...

— Маўчаць! — гаркнуў паліцэйскі камісар на Швейка. — Гаварыце толькі тады, калі вас запытаюць! Разумееце?

— Яшчэ б не разумець, — сказаў Швейк. — Асьмелюся далажыць, разумею і ўсё, што вы маеце ласку сказаць, магу ўцяміць.

— З кім маеце зносіны?

— Са сваёй служанкай, ваша міласьць.

— А ці маеце каго знаёмага ў мясцовых палітычных колах?

— А як жа, паночку, маю. Купляю вячэрні выпуск «Нацыянальнай палітыкі», «сучку».

— Вон! — зароў на Швейка пан са зьверскім выразам твару.

Калі Швейка выводзілі з канцылярыі, ён сказаў:

— Дабранач, ваша міласьць.

Вярнуўшыся ў сваю камэру, Швейк паведаміў астатнім, што гэткі допыт — толькі сьмех адзін.

— Трохі там на вас накрычаць, а пад канец выганяць. (...) Цяпер сядзець у турме — адна прыемнасьць, — нахвальваў вязьніцу Швейк. — Ні табе чвартаваньня, ні гішпанскіх ботаў, ложкі маем, стол маем, лаўкі маем, адзін на адным не сядзім, поліўку атрымліваем, хлеб даюць, збан вады прынясуць, прыбіральня пад носам. Ва ўсім відзён прагрэс. Праўда, трохі далекавата хадзіць на допыт — аж па трох лесьвіцах падымацца на паверх вышэй, але затое на лесьвіцах чыста і жыцьцё віруе: аднаго вядуць сюды, другога — туды, і маладых, і старых, і мужчын, і жанчын. Радуесься, што ты, прынамсі, тут не адзін. Кожны спакойна ідзе сваёй дарогай, і не даводзіцца баяцца, што ў канцылярыі яму скажуць: «Мы тут параіліся, і заўтра вы будзеце расчвартаваныя або спалены, паводле вашага ўласнага выбару». Вядома, гэта быў бы цяжкі выбар! I я думаю, панове, што шмат хто з вас у такі момант проста аслупянеў бы. Так, цяпер умовы зьмяніліся на нашу карысьць.

Швейк толькі закончыў сваю прамову ў абарону турэмнага ўтрыманьня грамадзян, як наглядчык адчыніў дзьверы і крыкнуў:

— Швейк, апранайцеся і ідзіце на допыт!

— Я, канечне, апрануся, — адказаў Швейк, — супраць гэтага я нічога ня маю, але баюся, што тут нейкая памылка. Мяне ўжо адзін раз выгналі з допыту. I потым, я баюся, што астатнія паны, якія тут сядзяць са мной, пачнуць гневацца на мяне за тое, што я іду на допыт другі раз запар, а яны яшчэ ні разу за гэты вечар не былі.

— Вылазь і не балбачы! — пачулася ў адказ на Швейкава джэнтэльмэнства.

Зноў Швейк апынуўся перад панам злачыннага тыпу, які без усякіх акалічнасьцяў спытаў цьвёрда і рашуча:

— Вы прызнаяцеся ва ўсім?

Швейк утаропіў свае добрыя блакітныя вочы на няўмольнага чалавека і мякка сказаў:

— Калі вы жадаеце, ваша міласьць, каб я прызнаўся, то я прызнаюся. Мне гэта не пашкодзіць. Але калі вы скажаце: «Швейк, не прызнавайцеся ні ў чым», дык я буду выкручвацца, хоць крой мяне на кавалкі.

Суровы пан нешта напісаў на пратаколе і, падаючы Швейку пяро, сказаў яму падпісацца. I Швейк падпісаў паказаньні Брэтшнайдэра з такім дадаткам:

«Усе вышэйпададзеныя абвінавачаньні супраць мяне грунтуюцца на праўдзівых фактах. Ёзаф Швейк». Падпісаўшыся, Швейк зьвярнуўся да суровага пана:

Яшчэ што-небудзь падпісаць? Ці лепей прыйсьці ранкам?

— Ранкам вас павязуць у крымінальны суд, — пачуў ён у адказ.

— А ў колькі часу, ваша міласьць? Каб, крый мяне Божа, не праспаць?

— Вон! — зноў зароў пан з другога боку стала, перад якім стаяў Швейк.

Вяртаючыся да свайго новага, закратаванага жытла, Швейк сказаў свайму канваіру:

— Тут усё ідзе як па пісаным.

Як толькі за ім замкнулі дзьверы, таварышы па камэры засыпалі яго самымі рознымі пытаньнямі, на якія Швейк проста і выразна адказаў:

— Я толькі што прызнаўся, што, відаць, гэта я забіў эрцгерцага Фэрдынанда.

Шасьцёра мужчын у жаху пахаваліся пад вашывыя коўдры, толькі басьніец сказаў:

— Сардэчна вітаю!

Мосьцячыся на ложку, Швейк заўважыў:

— Кепска, што ў нас няма будзільніка...


Друкуецца паводле: Яраслаў Гашак. Прыгоды бравага салдата Швейка. Пераклад А.Мажэйкi. — Менск, 1998

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0