Суд ў Аўстрыі прызнаў васьмярых імігрантаў з Ірака вінаватымі ў групавым згвалтаванні турысткі з Германіі падчас святкавання Новага года ў Вене, паведамляе ВВС.

Адзін з абвінавачаных у ходзе судовага пасяджэння. Фота API

Адзін з абвінавачаных у ходзе судовага пасяджэння. Фота API

Мужчыны атрымалі тэрміны ад дзевяці да 13 гадоў за напад, які адбыўся ў ноч на 1 студзеня 2016 года. Перад судом паўстаў і дзевяты падазраваны, але суд прызнаў яго невінаватым.

Асуджаным мужчынам ад 22 да 48 гадоў. Усе яны прыбылі ў Аўстрыю як мігранты з мая па снежань 2015 года. Пяць з іх атрымалі статус бежанца.

Іх ахвярай стала 28-гадовая жанчына. Яна атрымала кампенсацыю ў 25 тысяч еўра. Па словах пракурораў, жанчына да гэтага часу пакутуе ад посттраўматычнага шоку.

Жанчына спраўляла Новы год у цэнтры Вены з сябрамі. Каля 2 гадзін ночы чацвёра нападнікаў павезлі яе ў кватэру ў Вене. Там іх чакалі яшчэ чатыры чалавекі. Усе разам яны па чарзе яе згвалтавалі.

Жанчына была вельмі п'яная і не магла сябе абараніць, тлумачаць пракуроры. Калі яна змагла зноў кантраляваць сябе, то выявіла, што ляжыць голай у ложку.

Абарона спрабавала даказаць, што жанчына пасылала абвінавачаным «фальшывыя сігналы». На думку пракуратуры, гэта немагчыма, бо яна была ў беспрытомным стане. Абодва бакі будуць падаваць апеляцыю на гэтае рашэнне суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?