Аграрная нарада, што прайшла 25 ліпеня на Берасьцейшчыне, нагадала мне савецкі анэкдот. "Што будзе, калі ўсталяваць камунізм у Сахары?" — "Дэфіцыт пяску".

У нас жа, як паведамляе ўрадавае агенцтва, "складваецца няпростая сытуацыя з кадравым забеспячэньнем вёскі аграрыямі…".

Чаму аграрыі ня хочуць у вёску — гэта пытанне кшталту: чаму рыба ня хоча жыць у вадзе?

Столькі грошай увалілі ў тое "адраджэньне вёскі" — а зь яе рвуць кіпці пры першай магчымасьці.

Са слоў кіраўніка дзяржавы, на рэалізацыю праграмы адраджэньня вёскі цягам 2005—2007 гадоў накіравана блізу Br46 трлн., або 125% да прадугледжанага аб'ёму фінансаваньня. Разам з тым, за тры гады прырост сельгаспрадукцыі склаў толькі 12,2% пры заданьні 21-27%. Недададзена каля 1,3 млн.т збожжа, столькі ж бульбы, болей за 60 тыс.т ільновалакна.

Карацей, колькі ні сьпявай дыфірамбаў той праграме, няўзброеным вокам бачна, што дзяржаўная напампоўка аграрнай галіны грашыма не дае належнага эфэкту.

Дарэчы, хто патлумачыць, што ў гэтым выпадку маецца на ўвазе пад адраджэньнем? Да якой гістарычнай рысы ідзе ўяўная храналагічная адкрутка? Калі вёска квітнела і дыхала вольна? Мо' пры калгасах? Ці за часамі прыгону?

© bymedia.net

Зрэшты, што калгас, што прыгон — розьніца невялікая. І ўлада, здаецца, наважылася аднавіць элементы прыгону. Іначай як патлумачыць словы афіцыйнага лідэра: "Паступіў у ВНУ — ведаў, куды ішоў. І проста адпрацаваць і некуды пайсці ня будзе дазволена. Мы гэта юрыдычна замацуем".

Таксама было заяўлена, што "малады спецыяліст, накіраваны паводле размеркаваньня, без дазволу старшыні раённага або абласнога выканкаму ня зможа перайсьці на іншае месца працы".

Вось табе, бабуля, і Юр'еў дзень!

Цікава, а калі напужаная моладзь увогуле не захоча ісьці ў сельгасВНУ? Рэкрутаваць давядзецца, мусіць. Забрываць ілбы — і на 25 гадоў. Ці ўсталёўваць усеагульную аграрную павіннасьць. І гэта мы ўжо праходзілі за савецкім часам, калі прафэсуру гналі на базы перабіраць гнілую гародніну.

Заключнымі акордамі нарады сталі загады, калі пачынаць і калі сканчаць жніво. Рэжым ручнога кіраваньня сельскай гаспадаркай нікуды не падзеўся.

Што ж да нарошчваньня экспарту прадуктаў на тле "галодных бунтаў па ўсім сьвеце", то незалежныя эканамісты кажуць, што трэба яшчэ разабрацца, ці ёсьць тая выгада. Бо калі ўлічыць, колькі датацый ідзе нашаму аграрнаму сэктару, дык ці не атрымліваецца, што мы ў рэшце рэшт субсідуем замежнага спажыўца?

Са слоў Леаніда Злотнікава, вываз ў Расею ялавічыны, птушкі, яек, масла ўвогуле стратны. Сабекошт кіляграму ялавічыны, напрыклад, дзесяць тысяч рублёў, а расейцам прадаем па шэсьць. "То бок, беларуская сельская гаспадарка застаецца неэфэктыўнай", — кажа экспэрт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?