Паэт Ярыла Пшанічны не паспеў выдаць пры жыцці сваю другую кнігу, таму гэта вырашылі зрабіць ягоныя сябры, якія распачалі на грамадзянскай платформе Talaka.by збор грошай для выдання вясёлай, вострасацыяльнай і багата ілюстраванай кнігі «Атамная лучына».

Ярыла Пшанічны (сапр. Уладзімір Банько; (1.11.1973 — 19.04.2015) — адзін з яркіх прадстаўнікоў беларускага паэтычнага, музычнага і мастацкага андэграўнду, удзельнік гуртоў і праектаў «Cage», «Karaoke Vomit», «Барадаты Грынвіч», «Flowervill», «Lucky Luck», «Буслік супраць Кадука», «Roomdark», «Рацыянальная дыета», «Generation Skweee», «Князь Мышкін», перформер-груп «Тэатр псіхічнае неўраўнаважанасці» і «Спецбрыгада афрыканскіх братоў». Неаднаразова ўдзельнічаў у мастацкіх выставах, афармленні кніг і часопісаў.

У літаратуры Ярыла Пшанічны набыў вядомасць найперш тым, што асноўнай працоўнай мовай сваёй творчасці зрабіў «трасянку», як часам іранізуюць — «трэцюю дзяржаўную мову Рэспублікі Беларусь». Натуральна, гэтая з’ява знаходзіцца па-за межамі літаратурнай нормы, а вось Ярыла Пшанічны ўзяў ісвядома ўвёў яе ў літаратурны ўжытак. Сатырычныя, іранічныя і неа-сацартаўскія вершы на «трасянцы» ён спачатку друкаваў у анархісцкай газеце «Навінкі», а пазней, у 2011 годзе, выдаў кнігу пад назвай «Пішчавыя лішкі», унікальную ў кантэксце сучаснай беларускай літаратуры.

«Атамная лучына» — другая, пасмяротная кніга Ярылы Пшанічнага. Яна нашмат аб’ёмнейшая за першую, аздобленая графічнымі працамі аўтара і фотаздымкамі. Назву кнізе дала аднайменная паэма, над якой Ярыла Пшанічны працаваў на працягу 2010 — 2011 гг. Гэта сатырычны водгук паэта на

экалагічныя праблемы сучаснасці, стылізаваная пад фальклор і фантастыку гісторыя пра тое, як «Янка марыў стаць атамшчыкам. Яго абразіў Нячысьцік Д’ябла, каб скрасці вялікі беларускі сакрэт, накіраваў у будучыню і ажаніў». Іранізуючы і з галоўнага героя, і з неверагодных сітуацый, у якія ён трапляў, у эпілогу Ярыла Пшанічны паўстае найбольш удумлівым і сур’ёзным, а яго іронія набывае зусім «чорнае» адценне: «Спачатку народ / Крэміруем / А потым д’ябла/ Прэміруем». Разглядаючы яшчэ папярэднюю кнігу Ярылы Пшанічнага, крытыкі зазначалі: «Так, блазенства і сур’ёзнасць, бяздумная радасць і горкі смутак — у жыцці зусім побач стаяць, і маюць уласцівасць вокамгненна трансфармавацца адно ў адно» (Міхась Южык, «Тэксты», 2012, № 2).

Акрамя паэмы, у кнігу ўвайшлі вершы Ярылы Пшанічнага, якія пісаліся з 2000 па 2015 год і ў папярэдні зборнік не ўвайшлі. Яны таксама збольшага працягваюць сатырычна-іранічны кірунак, зададзены ў першай кнізе. Паэт, верны свайму анархісцкаму амплуа, працягвае сцябаць і беларусаў і замежнікаў, і ўладу і апазіцыю, і гопнікаў і інтэлігенцыю, і сябе асабіста, і, па вялікім рахунку, саму паэзію — калі, парадзіруючы заштампаванасць прыёмаў мастацкай вобразнасці, аўтар звяртаецца да трэш-эстэтыкі кшталту «Сонца градусам калоціць / Кулаком па галаве». І магчыма, па вершах Ярылы Пшанічнага калі-небудзь будуць вывучаць нашую гісторыю — як па гэткім займальным навучальным дапаможніку…

Уклаў кнігу паэт і літаратуразнавец Віктар Жыбуль, а выдаць яе збіраецца выдавецтва «Галіяфы».

Кніга будзе выдадзена аб’ёмам больш за 360 старонак на крэйдаванай паперы, у цвёрдай вокладцы, з вялікай колькасцю ілюстрацый, фотаздымкаў з перформансаў і літаратурных выступаў.

Меркаваны наклад — 300 асобнікаў.

Кніга будзе выдадзена аб’ёмам больш за 360 старонак у цвёрдай вокладцы з вялікай колькасцю ілюстрацый, фотаздымкаў з перфоменсаў і літаратурных выступаў. Меркаваны наклад — 300 асобнікаў.

Падтрымаць праект

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0