Звальненне Валерыя Цапкалы з пасады кіраўніка адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій стала для многіх нечаканым. Хоць чуткі пра гэта мусіраваліся на працягу апошніх некалькіх месяцаў вельмі ўпарта. Як бы там ні было, дырэктарства Валерыя Цапкала стала гісторыяй. Цяпер цікава, хто можа ўзначаліць ПВТ.

Дзяржаўная ўстанова «Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій» створана ў адпаведнасці з дэкрэтам ад 22 верасня 2005 г. № 12 «Аб Парку высокіх тэхналогій». Адміністрацыя ПВТ падпарадкоўваецца Аляксандру Лукашэнку і падсправаздачная Савету міністраў. Відавочна, што новым кіраўніком акажацца хтосьці з кадравага рэзерву прэзідэнта. Па інфармацыі TUT.BY, узначаліць адну з нямногіх галін, якая нават у крызіс паказвае рост, не адмовіліся б многія. Праблема ў тым, што ў ёй трэба добра разбірацца. Гэта значна складаней, чым гандляваць звыклымі цукрам, мэбляй або майткамі. Як важна і іншае — не наламаць дроў у гэтай сферы. Таму што прызначэнне абсалютна чужога чалавека можа выклікаць абурэнне айцішнікаў, якія лёгкія на ўздым. Зыходзячы з гэтых ключавых пасылаў, TUT.BY і сфармаваў пералік прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка ПВТ.

Самым рэальным кандыдатам на пасаду новага кіраўніка парка з'яўляецца цяперашні старшыня назіральнай рады ПВТ Усевалад Янчэўскі. Чалавека з абоймы Лукашэнкі ў 2008 годзе прызначылі памочнікам прэзідэнта — начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта. Праз некалькі гадоў дзяржава даручыла яму курыраваць сферу інфарматызацыі і высокіх тэхналогій. Да гэтага ён стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, дэпутатстваваў і быў галоўным рэдактарам часопіса «Планета», які выдаецца «Белтрансгазам». Паводле інфармацыі TUT.BY, у апошні час паміж двума куратарамі галіны Цапкала і Янчэўскім не было поўнага ўзаемапаразумення.

У кулуарах гучыць таксама імя цяперашняга першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова. Здавалася б, што можа звязваць Рыжанкова, які пакуль больш спецыялізаваўся на спорце, з IT-сферай? Цапкала прыйшоў у ПВТ, будучы кар'ерным дыпламатам. Рыжанкоў таксама дасведчаны дыпламат. Ён таксама малады, цікавіцца новымі тэхналогіямі і добра ведае ангельскую мову. Можа атрымацца добры пасярэднік паміж уладай і ІТ-супольнасцю (у тым ліку і міжнароднай). Але ці дастаткова гэтага для кіраўніцтва ПВТ?

У апошні час Аляксандр Лукашэнка прызнаваў заслугі і дасягненні беларускіх айцішнікаў, аднак выказаў і шэраг прэтэнзій. Адна з апошніх тычылася ўхілення ад выплаты падаткаў у поўнай меры ў Беларусі. «Хлопцы, хопіць жартаваць», — сказаў Лукашэнка і даручыў сілавікам правесці з айцішнікамі прафілактычную гутарку. Таму адна з кандыдатур бачыцца з гэтага сектара. Высокапастаўленага чалавека ў пагонах наўрад ці прыме IT-супольнасць. Але выхадзец са спецслужбаў — чаму б і не. Напрыклад, у назіральную раду ПВТ уваходзіць Канстанцін Шульган, намеснік начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце.

Яшчэ адна кандыдатура, якая бачыцца лагічнай, — гэта чалавек з досведам работы ў ІТ-бізнэсе. Наўрад ці такі ёсць у кадравым рэзерве прэзідэнта. Але калі мы хочам здзейсніць прарыў у сферы высокіх тэхналогій, то прафесіянал з галіны бачыцца прыдатнай кандыдатурай. Першым на розум прыходзіць Леанід Лознер. Ён ужо не займаецца аператыўнай дзейнасцю ў EPAM Systems. Такім чынам, можа быць зведзены да мінімуму канфлікт інтарэсаў. У Беларусі ён больш вядомы зараз праектамі ў галіне ІТ-адукацыі, навукі і робататэхнікі. Аднак вялікае пытанне, ці захочуць прадпрымальнікі запрагацца ў беларускую дзяржслужбу і займацца развіццём ПВТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?