Гісторык-заходнерусіст, колішні намеснік старшыні Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пра Адміністрацыі прэзідэнта Леў Крыштаповіч выступіў з феерычным артыкулам «Аб народнай і ліберальнай інтэлігенцыі» на старонках расійскага часопіса «Маладая гвардыя».
Крыштаповіч адразу накідваецца на тых, хто супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. «Праціўнікі яднання беларускага і рускага народаў ўяўляюць сабой «клікуш» з ліку асоб, пакрыўджаных жыццём, якія гатовыя гаварыць усялякія глупствы з адзінай мэтай і просяць у сваіх заходніх гаспадароў чарговую порцыю падачак для сваіх нібыта навуковых, літаратурных і палітычных даследаванняў».
Гісторык піша, што асноўны аргумент праціўнікаў зводзіцца да таго, што Беларусь ператворыцца ў перыферыю Расіі, а таксама страціць свой суверэнітэт. На думку Крыштаповіча, гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі.
«Як вядома, Беларусь, будучы ў складзе СССР, не толькі не з'яўлялася ўскраінай Саюзнай дзяржавы, але зрабілася адной з самых высокаразвітых рэспублік свету, як у эканамічным, так і ў палітычным, культурным, навуковым плане», — упэўнены спецыяліст, жыццё якога якраз збольшага і прайшло ў СССР.
Далей навуковец кажа, што менавіта інтэграцыя з Еўрасаюзам адкінула б Беларусь на задворкі цывілізацыі. «Бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы», — бліскучая выснова для тытулаванага аўтара.
Крыштаповіч накідваецца на савецкіх дысідэнтаў. Кажа пра скупыя разумовыя здольнасці Салжаніцына, а таксама татальную хлусню гэтага аўтара. Прыкладна гэтак зніштажальна ён выказваецца пра Уладзіміра Вайновіча, Эльдара Разанава.
Крытыкуючы Булата Акуджаву, Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, ён цытуе Уладзіміра Максімава: «Ніякія яны не інтэлігенты, ніякія. Яны звычайныя кар’ерысты».
«Ліберальная інтэлігенцыя» нават знешне непрыемная і неахайная. Яна заўсёды незадаволеная і змрочная. Бо ў іх жыццё кепскае, і яны зайздросцяць тым, у каго жыццё добрае», — упэўнены спадар Крыштаповіч.
«Можна сказаць, што прысуджэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры — гэта своеасаблівая форма помсты шведаў Расіі за Палтаву», — феерычная выснова ад Крыштаповіча.
«Ліберальная інтэлігенцыя» чакала з нецярпеннем развалу Расіі, а дачакалася развалу Еўрасаюза. Як кажуць, не капай яму іншаму, сам у яе трапіш», — адзначае Крыштаповіч.
І апошняе. «У народнага інтэлігента ёсць сэнс жыцця. У «ліберала» — не. Бессэнсоўнасць існавання — ментальная прыкмета «ліберала», — сканчвае артыкул гісторык.