Абаронцы Курапатаў вырашылі зняць варту ў панядзелак
Каля Курапатаў прайшоў мітынг, падчас якога было прынята рашэнне згарнуць намётавае мястэчка ў панядзелак. Разам з тым, актывісты выказалі гатоўнасць вярнуцца, калі ўчастак будзе аддадзены іншаму забудоўшчыку.
У сходзе прынялі ўдзел каля 300 чалавек.
Напярэдадні адбыліся сустрэчы актывістаў са старшынёй Мінгарвыканкама і з кіраўніцтвам забудоўшчыка. Будаўніцтва на ўскраіне мемарыяла пакуль прыпынілі.
«Наша Ніва» вяла анлайн з месца падзей:
19:36
Зміцер Дашкевіч дзякуе ўсім і кажа, што варта будзе знятая ў панядзелак. «Калі Шорац сюды сунецца — ляжам пад колы!» — перасцярог ён.
На заканчэнне гучыць «Магутны Божа!»
19:28
Алесь Чахольскі зачытвае зварот удзельнікаў сходу да ўладаў. Адзначаецца, што Курапаты сталі народным мемарыялам без дзяржаўнай падтрымкі. Гучыць патрабаванне аднавіць раней вызначаныя межы мемарыяла, адмяніць вынікі аўкцыёна на забудову каля Курапат, добраўпарадкаваць тэрыторыю, дзе была распачата забудова, засадзіць яе дрэвамі.
Зварот прыняты адзінагалосна.
19:15
Мітынг вітае паэт Уладзімір Някляеў. Ён шмат разоў прыходзіў падтрымаць лагер абаронцаў. Яму дзякуе лідар абаронцаў Зміцер Дашкевіч. Ён адзначае, што ніводнага шансу не было адбіць гэтую тэрыторыю. Так здавалася. «Але правільна тое, што праведна!» — кажа Дашкевіч.
19:00
Выступілі Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч. Следам за імі Марат Гаравы заклікаў успомніць пабудаваны два гады таму назад побач з Курапатамі забаўляльны цэнтр «Бульбаш-хол» нягледзячы на супраціў актывістаў. Ён кажа, што неабходна захоўваць пільнасць.
18:53
Сяргей Пальчэўскі дзякуе за падтрымку. 24. лютага ён прыкуў сябе да МАЗа будаўнікоў, што стала кульмінацыяй падзей вакол Курапат. Пра яго чытайце:
Выступіла прадстаўніца жыхароў мікрараёна. Яна кажа, што без дапамогі «Маладога фронту» спыніць будаўніцтва было б немагчыма. Яна кажа, што неабходна атрымаць ахоўны дакумент, вярнуць спрэчны ўчастак у ахоўную зону мемарыяла.
18:42
Севярынец кажа дзякуй за падтрымку блогерам Матольку і Пальчысу, усім, хто прыносіў харчаванне і цёплыя рэчы.
Павел Севярынец нагадвае, што беларусы ў гэты момант выходзяць не толькі ў Курапаты, але і на вуліцы гарадоў. «Роў загінулых у Курапатах заглушае гул Мінскай кальцавой». «Курапаты — цэнтр беларускай сістэмы каардынат».
18:33
Лідар Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык: «На гэтым пагорку ляжаць беларусы, ляжыць беларуская мова. Але мы народ, мы нацыя — і абаронім Курапаты». Ён заклікаў 12 сакавіка адзначыць Дзень беларускага значка і ўпрыгожыць Мінск бел-чырвона-белымі сцягамі».
18:28
Актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі нагадвае пра тое, што з абароны Курапатаў пачынаўся Народны фронт «Адраджэнне». Ён нагадвае пра артыкул Зянона Пазняка «Курапаты дарога смерці», у якім упершыню прагучала праўда пра месца сталінскіх рэпрэсій на ўскраіне Мінска.
Ён супраць будаўніцтва капліц і заклікае не дапусціць парушэння існуючай традыцыі народнага мемарыялу. «Пусціць іх сюды — гэта значыць знішчыць народны мемарыял!»
18:21
Пастар Антоній Бокун просіць Бога блаславіць гэты лапік зямлі, каб тут нічога не будавалася, а зямля гэтая засталася месцам памяці.
18:17
Дашкевіч заклікаў пачаць мітынг гімнам «Магутны Божа». Ён заклікаў супольна вырашыць лёс лагера.
18:15
Мітынг пачынаецца традыцыйным «Жыве Беларусь!»
Сабралося пакуль 100—150 актывістаў і жыхароў суседніх дамоў.
Каментары