У лесе ў Барысаўскім раёне былі знойдзены астанкі чалавека. Як мяркуецца, яны належаць 19-гадоваму Паўлу Старанкову, які яшчэ ў лістападзе самавольна сышоў з вайсковай часткі №44540 у Мінскай вобласці і не вярнуўся. Следчыя праводзяць праверку.

Салдат не вярнуўся на пабудку ў частку яшчэ 12 лістапада мінулага года. Сам ён прыехаў служыць з аграгарадка Ходасы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, цела знайшлі непадалёк ад вайсковай часткі.

Інфармацыю аб выяўленні цела пацвердзілі ў Міністэрстве абароны:

— 12 лістапада 2016 года адзін з вайскоўцаў Барысаўскага гарнізона самавольна пакінуў вайсковую частку. Быў ажыццёўлены комплекс мерапрыемстваў па яго вышуку. 10 лютага паступіла інфармацыя пра выяўленне цела чалавека, па шэрагу прыкмет скончыў жыццё самагубствам. Следчыя органы праводзяць ідэнтыфікацыйныя мерапрыемствы і праверку па факце смерці, - распавёў прэс-сакратар ведамства Уладзімір Макараў.

Па папярэдніх дадзеных, знойдзена цела менавіта зніклага салдата. Але апазнаць асобу загінулага без экспертызы немагчыма з-за ўздзеяння перападаў тэмпературнага рэжыму і навакольнага асяроддзя. Пра гэта распавялі ва Ўпраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці.

— Падчас агляду месца здарэння былі знойдзены рэчы і дакументы, якія належаць салдату, які пакінуў вайсковую частку ў лістападзе 2016 года. Барысаўскім РАСК па факце смерці мужчыны праводзіцца праверка. Прызначаны шэраг экспертыз, у тым ліку — судова-медыцынская і біёлага-генетычная з мэтай высвятлення асобы загінулага, дакладных прычын і механізму смерці, а таксама даўнасці надыходу смерці, - паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па вобласці Таццяна Беланог.

Паводле інфармацыі следчых, на дадзены момант не ўстаноўлена слядоў крымінальнага характару смерці. Паводле папярэдняй версіі, гаворка ідзе пра суіцыд. Апытваюцца калегі і родныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?