Мядовая прэмія за 2016 год засталася ў Брэсце

Фота: Яўген Бяласін, bk-brest.by

«Паколькі сёлета Рада прамаўчала, то вырашыў сам аддаць Сянкевічу — за сумарны ўнёсак у літаратуру і ў сувязі з юбілеем», — пракаментаваў фундатар прэміі, паэт-пчаляр Мікола Папека. І, нядоўга думаючы, дадаў чарговую папекаўку: «І як магчымаму прапраўнуку класіка — Нобелеўскага лаўрэата».

Такім чынам, міжнародная з 2013 года прэмія (лаўрэаткай стала паэтка з Валыні Ніна Горык) сёлета не пакіне межаў рэгіёна. Агулам спадар Папека выдаў літаратарам 256 кілаграмаў мёду (16 разоў па 16 кг).

На сваім сходзе пісьменнікі абмеркавалі і скандальнае рашэнне Міністэрства культуры, паводле якога СБП не быў уключаны ў спіс творчых арганізацый. 

Абласная рада СБП вырашыла адрэагаваць адэкватна. Маўляў, чыноўнікі ў чарговы раз сапсавалі паветра. А ў такім разе, як водзіцца сярод цывілізаваных людзей, робім выгляд, што не заўважылі, але далей пабачым. Было вырашана пацвердзіць вылучэнне на прэмію імя Уладзіміра Калесніка твораў арганізаваных у СБП берасцейскіх літаратараў і прапанаваць мясцовым уладам шэраг мер дзеля паляпшэння, а то і ўратавання статусу і прэстыжу літаратуры, культуры, беларускай мовы.

Таксама абмеркавалі ўдзел у чарговым справаздачна-выбарчым з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў, які адбудзецца ў Мінску 4-га сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0