Фота: REUTERS
«Ні прэзідэнт Абама, ні хто іншы ў Белым доме не даваў загадаў весці сачэнне за грамадзянінам ЗША. Няўхільным правілам адміністрацыі Абамы было неўмяшанне чыноўнікаў Белага дома ў незалежныя расследаванні Міністэрства юстыцыі», — заўважыў прэс-сакратар былога прэзідэнта Кевін Льюіс.
Раней у суботу Трамп напісаў у твітары, што яго праслухоўвалі па ўказе Абамы.
«Жах! Толькі што даведаўся, што Абама падключыўся да маёй вежы акурат перад перамогай. Нічога не знайшоў. Гэта макартызм!», — напісаў прэзідэнт, узгадаўшы беспаспяховую, але шумную кампанію па выкрыцці «камуністычных агентаў», разгорнутую ў пасляваенныя гады сенатарам-рэспубліканцам Джозэфам Макарці.
Трамп выказаў упэўненасць, што добры адвакат мог бы давесці экс-прэзідэнта да суда. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы не паведаміў, чым пацвярджаюцца яго заявы, а таксама не ўдакладніў, які суд ён мае на ўвазе, заўважае Бі-бі-сі.