У Гродне на дыскатэцы загінуў мужчына: міліцыянты шукаюць магчымых сведак. Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Гібеллю 46-гадовага мужчыны завяршылася дыскатэка «Каму за 30». Усё адбылося ў ноч на 4 сакавіка ў будынку гандлёвага каледжа на вул. Паповіча, дзе і праводзілася мерапрыемства.

«Спачатку на вуліцы каля дзвюх кампаній па два чалавекі на глебе алкагольнага ап'янення паўстаў канфлікт. Гэтую бойку паспяхова разнялі ахоўнікі. Пазней сварка працягнулася ўжо ў фае будынка, аднак яна была славеснай», - адзначылі ў прэс-службе УУС. Нечакана адзін з удзельнікаў канфлікту, мужчына 1983 года нараджэння, нанёс моцны ўдар кулаком у галаву апаненту, у выніку чаго той упаў, моцна стукнуўся галавой і на працягу 10 хвілін памёр.

Другі ўдзельнік інцыдэнту затрыманы. Заведзена крымінальная справа па артыкуле «Наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці».

«Для высвятленння поўнай карціны просім сведак дадзенага інцыдэнту звярнуцца ў міліцыю. Па камерах відэаназірання відаць, што паблізу знаходзіліся дзве дзяўчыны ў чорных спадніцах, якія могуць валодаць каштоўнай інфармацыяй», — падкрэслілі ў прэс-службе УУС.

У міліцыі адзначылі, што гэта ўжо другі з пачатку года выпадак гібелі на дыскатэцы. Літаральна месяц таму з танцаў не вярнуўся малады чалавек 1988 года нараджэння, падзеі тады развіваліся паводле аналагічнага сцэнара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0