Буслы прыляцелі ў Беларусь раней, чым звычайна, паведамілі БЕЛТА ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

У суботу, 4 сакавіка, на ўскраіне Гродна былі заўважаныя чатыры белыя буслы, якія вярнуліся на радзіму з месцаў зімоўкі. Арнітолагі адзначаюць, што птушкі прыляцелі раней, чым звычайна.

«У пачатку сакавіка мы можам бачыць белых буслоў, якія зімавалі непадалёк: у Паўднёвай Еўропе ці ў Егіпце, напрыклад, на знакамітым курорце Шарм-эш-Шэйх. А пачатак масавага прылёту мы чакаем у 20-х датах сакавіка», - патлумачыла загадчыца лабараторыі арніталогіі НПЦ Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах Ірына Самусенка. Яна дадала, што птушкі не застануцца без ежы: яны могуць лавіць дробных грызуноў на палях і рыбу на вадаёмах.

Акрамя буслоў, у Беларусь ужо вярнуліся першыя кнігаўкі, шэрыя жураўлі, палявыя і лясныя жаўрукі, шпакі. З кожным днём колькасць птушак павялічваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0