28.07.2008 / 12:25

Замяталін прапанаваў Кудзіненку зьняць жудзік 4

Ідэя фільму «Масакра» адштурхоўваецца ад гатычнага апавяданьня Праспэра Мэрымэ «Локіс». Кожны з герояў гаворыць на сваёй мове. Граф і нявеста размаўляюць па-польску, госьці-чыноўнікі — па-расейску, а сяляне — на сакавітай беларускай. Ролі ў фільме могуць дастацца Аляксандру Дамагараву і Гражыне Шапалоўскай.

Ідэя фільму «Масакра» адштурхоўваецца ад гатычнага апавяданьня Праспэра Мэрымэ «Локіс». Кожны з герояў гаворыць на сваёй мове. Граф і нявеста размаўляюць па-польску, госьці-чыноўнікі — па-расейску, а сяляне — на сакавітай беларускай. Ролі ў фільме могуць дастацца Аляксандру Дамагараву і Гражыне Шапалоўскай.

Зь лістапада 2007 году студыя «Беларусьфільм» вяла асьцярожныя перамовы з Андрээм Кудзіненкам, які завяршаў у Маскве стужку «Розыгрыш». Апальнаму рэжысэру прапанавалі, каб ён зьняў на роднае кінастудыі фільм жахаў «Масакра».

Ідэя гэтага фільму зьявілася ў Андрэя Кудзіненкі і сцэнарыста Аляксандра Качана колькі гадоў таму. Прыдумляючы нацыянальны бомба-фільм – стужку зь вялікім бюджэтам і з пэрспэктывай рэкордных касавых збораў – Кудзіненка адштурхоўваўся ад гатычнага апавяданьня Праспэра Мэрымэ «Локіс», напісанага на літоўскім матэрыяле. І выбар нельга не прызнаць трапным.

Яшчэ ў сярэдзіне 1920-х гісторыя пра шляхціца, які на вясельлі пераўтвараецца ў мядзьведзя, зрабілася гітом савецкіх экранаў. Сцэнар да «Мядзьведжага вясельля» ўклаў тагачасны наркам асьветы Луначарскі, а Сяргей Эйзенштэйн быў вельмі незадаволены «мяшчанскім» фільмам, які адбіваў касу ў ягонага «Браняносца «Пацёмкіна». У 1970 г. «Локіса» экранізаваў у Польшчы Януш Маеўскі.

Але сучасная беларуская «Масакра» пераўзыходзіць усё раней створанае. Сцэнар Аляксандра Качана адарвалі б з рукамі на любой студыі. У творы маецца ўсё для шырокае публікі: любоў (і гумарны сэкс), жах, дасьціпнасьць. Жанр – найпапулярнейшы: гатычны хорар.

Дзеяньне «Масакры» перанесенае ў сярэдзіну 60-х г. ХІХ ст. Нязграбны аматар расейскай літаратуры прыяжджае ў беларускую глыбінку да графа Пазуркевіча, каб адшукаць у кніжках старыя легенды. Але шукаць давядзецца сродак ад мядзьведзяў-пярэваратняў дый ратаваць ад кіпцюроў сваё жыцьцё. У сцэнары — дынамічная інтрыга, страхалюдна-пацешныя слугі, ад якіх самлелі б галівудзкія знаўцы, раўнівая мядзьведзіца, сьмелая нявеста графа, фактурны поп.

У фірмовым стылі Качана й Кудзіненкі кожны з герояў гаворыць на сваёй мове, адпаведна культурнаму й сацыяльнаму статусу. Граф і нявеста размаўляюць па-польску, госьці-чыноўнікі — па-расейску, а сьвятар і сяляне — на сакавітай беларускай.

Мядзьведжая готыка абяцае вялікія зборы і, бадай, скрышыла б усе ранейшыя стэрэатыпы пра беларускае кіно. Для «Беларусьфільму», які ніяк ня можа пахваліцца пасьпяховымі стужкамі, — гэта выратавальнае кола. (І неблагая прапаганда, параўнальная зь візытам музыкаў у Адміністрацыю.)

10 красавіка забароненыя на радзіме творцы Качан і Кудзіненка былі ў Менску. Мастацкая рада выказала падтрымку сцэнару. На мінулым тыдні Кудзіненка ізноў прыяжджаў у Менск весьці перамовы на студыі.

Andrej Kudzinienka. Andrei Kudinenko. Андрей Кудиненко. Photo by Radio Mayak

Цяпер рэжысёр рыхтуецца да Нью-Ёрскага фэсту, на які запрошаны з “Розыгрышам”, а Аляксандар Качан пасьпяхова ўкладае сцэнары для ўкраінскіх тэлемувікаў.

Рэдактарка “Беларусьфільму” Натальля Сьцяжко запэўнівае, што здымкі “Масакры” пачнуцца ў сталіцы Беларусі налета. Але ніякіх дамоў пакуль ня складзена і нават сцэнар стужкі ня выкуплены.

Адначасова да карціны Кудзіненкі праявілі сур’ёзную зацікаўленасьць палякі і расейцы.

Аляксандар Дамагараў, папулярны ў абедзьвюх краінах, вельмі ўпадабаў ролю графа. Вядомая эўрапейская актрыса Гражына Шапалоўска даўно прасіла Кудзіненку зьняць яе ў сваім фільме – і ў “Масакры” для яе ёсьць надзвычай годная праца. Расейскія прадусары захапіліся сцэнарам стужкі.

Але інвэстары адразу ніякавеюць, калі гутарка заходзіць пра «Беларусьфільм».

Праблема ня столькі ў тым, што для стужкі неабходны вычварны грым і складаныя камбінаваныя здымкі, якіх на беларускае кінастудыі ніколі не рабілі. Сама здатнасьць сёньняшняй Нацыянальнай кінастудыі элемэнтарна ставіць карціны якасн выклікае сумнеў.

Наадварот, «Беларусьфільм» вылучаецца здольнасьцю ідэалягічна душыць уласных дзяцей. «Акупацыя», у стварэньні якой брала ўдзел і кінастудыя, дасюль забароненая ў краіне.

Але ў 2009 годзе «Масакра» Кудзіненкі можа-такі зьявіцца.

Вось толькі ці далучыцца да гэтага «Беларусьфільм» – пад пытаньнем.

* * *

Фота Андрэя Кудзіненкі: радыё «Маяк».

Андрэй Расінскі

0
Isnasc / Адказаць
28.07.2008 / 12:43
Хай Кудзіненка стварае "жудаснае" кіно, але яго прафесійны ўзлёт і вядомасць выраслі менавіта на гістарычнай праўдзе сцэнару "Акупацыі", а не на вялікім таленце рэжысёра. Сцяг яму ў рукі.
0
Кнехт / Адказаць
28.07.2008 / 21:41
Умоўная назва фільма "Збіццё беларускай моладзі лукашэнкаўскім ОМОНОм"?
0
канцлер / Адказаць
29.07.2008 / 12:11
А можа забамбiць стужку аб часах Сярэднявечча! Во дзе будзе жудзiк! Лiвонская вайна, войны з Масковiяй, татарскiя набегi, захоп люзей у палон, гандаль жанчынамi на \"кiрмашах\" Крымскага ханства. Сцены катаваньняу. Жанчын i дзевак вядуць у катоуню. Зрываюць вопратку, падвешваюць i расцягваюць целы. Мучаюць. Жанчыны гучна стогнуць. Аблiваюць вадой. Дапытваюць. Батальныя эпiзоды. Буйны плян. Кагосьцi праткнулi дзiдай, камусьцi адсеклi галаву. Асады замкау i умацаваньняу. Гандаль палоннымi жанчынамi у Крымскiм ханстве. Натуральна, жанчыны голыя. Iх шмат. Пакупнiкi iх аглядаюць, мацаюць грудзi i клубы, адчыняюць рот, глядзяць зубы. Калi зьняць у рэале, прачытаць старажытныя летапiсы i зьняць, то будзе жудзiк самае тое! Той шляхцiц адпачывае. Але ня хопiць духу у нашых рэжысёрау зьняць такi жудзiк. Атрымаецца наiунае дзiцячае кiно, кшталту \"Анастасii Слуцкай\".
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру