Упершыню мяса «з прабіркі» з'явілася ў 2013 годзе. Першы гамбургер са штучнага мяса быў прыгатаваны і з’едзены на прэс-канферэнцыі ў Лондане. Біёлаг Марк Пост з Універсітэта Маастрыхта, які распрацаваў тэхналогію вырошчвання мяса са ствалавых клетак каровы, тады адзначыў, што першы гамбургер са штучнай ялавічыны каштаваў 325 тысяч даляраў. Зараз Марк Пост паведаміў, што такі гамбургер каштуе ўжо каля 11 даляраў, а кілаграм штучнага мяса — каля 80 даляраў. Такім чынам, сабекошт такога мяса зменшыўся за чатыры гады ў 30000 разоў.

Пакуль, праўда, такое мяса каштуе прыкладна ў 10 разоў больш, чым звычайнае, але тэхналогія яго вытворчасці будзе станавіцца яшчэ больш таннай. Марк Пост адзначыў, што яго кампанія Mosa Meat будзе прадаваць вырашчаную ў лабараторыі ялавічыну ўжо праз 5 гадоў, калі яе кошт зраўняецца з коштам звычайнага мяса.

У галандскай Mosa Meat ужо зараз ёсць некалькі канкурэнтаў, якія займаюцца падобнымі распрацоўкамі:

  • Gelcor, Каліфорнія, вытворчасць жывёльнага жэлаціну
  • Perfect Foods, Каліфорнія, малочныя прадукты
  • Clara Foods, Каліфорнія, яечныя бялкі
  • Memphis Meats, Каліфорнія, ялавічына і свініна
  • SuperMeat, Ізраіль, курыная пячонка

Працэс вытворчасці мяса ў лабараторыі ўключае ў сябе атрыманне цяглічных клетак жывёл з выкарыстаннем бялку, які дазваляе клеткам вырастаць у вялікія кавалкі мяса.

Мяса «з прабіркі» дапаможа вырашыць вялікую колькасць праблем. Па-першае, патанненне вытворчасці мяса зробіць яго больш даступным, што дапаможа вырашыць праблему харчовай бяспекі ў бедных краінах. Па-другое, штучнае мяса будзе папулярным сярод тых вегетарыянцаў, якія адмаўляліся ад звычайнага мяса па этычных прычынах. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што каля паловы вегетарыянцаў будзе есці мяса, якое з’явілася ў лабараторыі, а не ў выніку забойства жывёлы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?