Летась у лістападзе ў маскоўскім выдавецтве «Кніжны свет» выйшла кніга «Несвядомая» гісторыя «Белай Русі». Наклад — 1000 асобнікаў. Яе аўтар нехта Усяслаў Зінькевіч. Ёсць падставы меркаваць, што адным з аўтараў стаў вядомы публіцыст беларускага паходжання Кірыл Авяр’янаў-Мінскі.

Прэзентацыя кнігі свабодна праходзіць у гарадах Беларусі. У іх удзельнічае былы першы намеснік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Леў Крыштаповіч.

А распаўсюдам кнігі займаецца праваслаўны кніжны інтэрнэт-магазін «Святло Фавора». Наколькі нам вядома, многія праваслаўныя святары выступілі супраць продажу гэтага выдання. «Святло Фавора» было вымушанае зняць «Несвядомую гісторыю» з каталогаў на сайце, аднак прададуць, калі вы патэлефануеце па пазначаным на сайце нумары.

На дадзены момант лёс выдання вырашае мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Па нашых звестках, пакуль ён не прыняў канчатковае рашэнне.

У рэдакцыю «Нашай Нівы» трапіў адзін асобнік выдання Усяслава Зінькевіча. Мы падабралі найбольш адыёзныя выказванні аўтара (ці аўтараў).

Калі казаць у цэлым, ВКЛ, Рэч Паспалітая, БССР ранняга перыяду разглядаюцца як выключнае зло. А дабром быў толькі перыяд знаходжання ў Расійскай імперыі, а таксама пасляваенны час. Аўтар нават намякае, што ўзбуйненне БССР у 1920-я праходзіла незаконна і людзі былі супраць станавіцца не рускімі, а беларусамі. Прапануем вашай увазе некалькі цытатаў.

***

«У нашы дні вобраз Еўфрасінні Полацкай прыбралі да сваіх рук местачковыя нацыяналісты, у тым ліку вельмі радыкальныя. Так, крыж з дзвюма перакладзінамі рознай даўжыні, які сімвалізуе выяву напрастольнага крыжа, які быў выраблены па заказу Еўфрасінні, з’яўляецца цэнтральным элементам эмблемы крайне русафобскага руху «Малады фронт». «Свядомы» гісторык Уладзімір Арлоў у адной са сваіх кніг называе гэты крыж сімвалам «старажытнай дзяржаўнасці беларусаў». Між тым, напрастольны крыж Еўфрасінні Полацкай заўсёды быў святыняй агульнарускага значэння. […] Крыж Еўфрасінні Полацкай з’яўляецца святым сімвалам для тых прыхільнікаў адзінства Вялікай, Малой і Белай Русі, але зусім ніяк не местачковых нацыяналістаў, якія ненавідзяць агульнарускую спадчыну беларусаў».

***

«Няма ніякіх падставаў меркаваць, што вышэйшы пласт Заходняй Русі граў значную ролю ў фарміраванні літоўскай дзяржавы ці прымушаў літоўскіх князёў лічыцца са сваімі інтарэсамі. […] Выклікае сумнеў і сцвярджэнне аб тым, што першай сталіцай ВКЛ быў Наваградак і вакол яго адбывалася фарміраванне дзяржавы. Крыніцы сведчаць, што Міндоўг не асабліва даражыў Наваградкам, успрымаў землі Чорнай Русі як правінцыі, а часам як разменную манету».

 ***

«Войны паміж Маскоўскай дзяржавай і Літвой з’яўляліся барацьбой за аб’яднанне ўсіх рускіх земляў пад адной уладай. ВКЛ не з’яўлялася выключна літоўскай дзяржавай: да пачатку XVII стагоддзя справаводства ў краіне вялося на заходнерускай літаратурнай мове, большасць шляхецкіх родаў былі са старажытных рускіх фамілій (Астрожскія, Сапегі, Агінскія, Хадкевічы), і да паланізацыі і акаталічвання яны з’яўляліся носьбітамі рускай свядомасці і спавядалі праваслаўе. Асноўную масу насельніцтва складалі рускія (продкі беларусаў і украінцаў).

***

«Калі вялікія князі і большая частка эліты ВКЛ — літоўцы, а большасць насельніцтва — рускія, то чыя гэта дзяржава? Відавочна, літоўская, створаная шляхам заваявання рускіх земляў. Сапраўды, рускі культурны ўплыў быў высокі, паколькі літоўцы стаялі на больш нізкай прыступцы развіцця, чым продкі беларусаў і ўкраінцаў: у адрозненні ад літоўцаў, рускія былі хрышчоныя, мелі пісьмовасць, высокую культуру, развітыя гарады. Аднак гэта быў уплыў падуладных на ўладу».

***

«Двухсотгадовае знаходжанне беларускіх земляў у складзе Рэчы Паспалітай з’яўляецца, мабыць, самай сумнай старонкай у гісторыі Беларусі. Да моманта раздзелаў ад (бела)рускай культуры не засталося нічога. Калі б Рэч Паспалітая не была ліквідаваная, то пра беларусаў стагоддзямі пасля нагадвалі толькі б музейныя экспанаты. Такая доля спасцігла германізаваных палабскіх славян».

***

«Падчас паўстання Касцюшкі сімпатыі падаўляльнай большасці беларускіх сялян былі на баку Расіі. […] Разам са стварэннем вобраза «беларускага героя Касцюшкі», местачковыя нацыяналісты пільна працуюць над ачарненнем найвялікшага рускага палкаводца Аляксандра Васільевіча Суворава, які атрымаў перамогу над польскімі паўстанцамі. І з артыкула ў артыкул, з кнігі ў кнігу качуе байка «аб зверствах Суворава» і яго «крывавым следзе на беларускай зямлі». Сувораў адрозніваўся прыстойным стаўленнем да мірнага насельніцтва, жорстка патрабаваў ад падначаленных не чапаць цывільных і не адбіраць у іх маёмасць. У адрозненні ад расійскіх уладаў, паўстанец Касцюшка не праяўляў джэнтльменскага стаўлення да праціўніка і мірнага насельніцтва. У дачыненні да няўгодных жыхароў Рэчы Паспалітай касцюшкаўцы развярнулі жахлівы тэрор».

***

«У 1648-1654 гадах Беларусь, як і Украіну, закранула нацыянальна-вызвольнае паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Падтрымка казакоў беларускім насельніцтвам была паўсюдная. У гісторыю нацыянальна-вызвольнай вайны рускага народа супраць польскага іга залатымі літарамі ўпісана гераічная абарона беларускага горада Пінска ад польска-літоўскіх войскаў Януша Радзівіла. […] Надзею на дапамогу беларусы і маларосы ўскладалі на сваіх адзінакроўных і адзінаверных братоў — велікаросаў. Барацьба за народнае шчасце — гэта барацьба супраць Радзівілаў, а не на іх баку».

*** 

«Уніяты лютавалі па ўсёй Беларусі. У гарадах яны не дапускалі праваслаўных на гарадскія пасады. У Полацку прымушалі пераходзіць ва ўнію пад пагрозай кайданкоў ці выгнання з горада. У Мінску царкоўную зямлю аддалі пад пабудову татарскай мячэці. […] Рана ўніяцтва на целе Белай Русі загаілася толькі ў XIX стагоддзі, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі».

***

«У Беларусі ў 1812 годзе склалася наступная сітуацыя: мясцовыя палякі — за Напалеона, беларусы з габрэямі — на баку Расіі. Здавалася б, перамога ў Айчыннай вайне не можа інтэрпрэтавацца інакш як агульнаруская гістарычная падзея, значнае як для Вялікаросіі, гэтак і для Беларусіі і пры гэтым, безумоўна, трагічнае для Польшчы. Аднак местачковыя нацыяналісты абвяшчаюць палякаў беларусамі і атрымліваецца ў выніку нешта падобнае да братазабойчай вайны, дзе іх сімпатыі, вядома, на баку ворага Расіі — Напалеона. Такія дзеянні цяжка расцаніць інакш як крадзеж чужой гісторыі».

***

«Лічачы польскі мяцеж 1863 года прагрэсіўнай з’явай, местачковыя нацыяналісты ўсімі фібрамі душы ненавідзяць яго ўсмірыцеля — графа Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва-Віленскага. Пры гэтым польскі рэвалюцыянер і правадыр паўстання на тэрыторыі Беларусі і Літвы Вінцэнт Канстанты Каліноўскі кананізаваны самасційнай інтэлігенцыяй ў ліку «беларускага мучаніка» і барацьбіта з «маскоўскімі акупантамі». […] Банды Каліноўскага развярнулі тэрор супраць мірнага насельніцтва Беларусі, бязлітасна забівалі, вешалі сялян, праваслаўных святароў. У сувязі з гэтым правільным было б называць «вешальнікам» менавіта Каліноўскага. Ва ўсякім выпадку, для беларусаў «вешальнік» — менавіта Каліноўскі. Палякі ж, калі хочуць, могуць лічыць свайго суайчынніка барацьбітом за свабоду».

***

«У складзе Расійскай імперыі Белая Русь зусім не была «расійскай калоніяй», як пішуць «свядомыя» аўтары. У гэты перыяд беларусы знаходзіліся з адзінакроўнымі велікарусамі і маларосамі ў адной магутнай дзяржаве, дзеля інтарэсаў якой яны былі гатовыя ахвяраваць сваімі жыццямі. З нашага гледзішча, імперскі перыяд з’яўляецца для народа Беларусі «залатым векам», то бок эпохай, на ўспамінах аб якой варта будаваць гістарычную самасвядомасць і нацыянальную ідэнтычнасць. Не ВКЛ, не Рэч Паспалітая, а менавіта Расійская імперыя, успрымаецца як пераемніца Старажытнай Русі, павінна стаць тым ідэнтытарным люстэркам, гледзячы ў якое беларусы ўбачаць, хто яны ёсць».

***

«БНР, у адрозненне ад шэрагу іншых палітычных фантомаў таго часу, афіцыйна не прызнала ніводная дзяржава ў свеце. Беларускія сепаратысты найперш разлічвалі на дапамогу Германіі. Аднак Германія, якая была гатовая цярпець на захопленай тэрыторыі пацешны ўрад, заахвочваць гульні ў «незалежнасць» не збіралася».

 ***

«У 1930-х многія местачковыя нацыяналісты былі рэпрэсаваныя, яны паплаціліся за сваё супрацоўніцтва з бальшавікамі, аднак ідэі местачковага нацыяналізму працягвалі развівацца на працягу ўсяго часу існавання БССР. Раскол трыадзінай рускага народа шляхам сепаравання беларусаў і маларосаў ад велікаросаў быў адным з пунктаў бальшавіцкай палітычнай праграмы. Таварыш Сталін можа лічыцца адным з бацькоў-заснавальнікаў свядомых беларусаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?