Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў новы ўказ, якім прыпыняецца на 90 дзён ўезд у ЗША грамадзян шасці краін — Ірана, Емена, Лівіі, Сірыі, Самалі і Судана, паведамляе ВВС.

Акрамя таго, на 120 дзён прыпыненая праграма прыёму бежанцаў у ЗША. У адрозненне ад папярэдняга ўказа, Ірак у гэтым спісе не фігуруе.

Як заявіў на брыфінгу прадстаўнік Белага дома, ужо выдадзеныя візы або дазволы на часовае пражыванне ў ЗША скасаваныя не будуць.

Нагадаем, у канцы студзеня Дональд Трамп падпісаў указ, якім прыпыняецца прыём Злучанымі Штатамі бежанцаў з іншых краін. Указ, паводле яго слоў, закліканы не дапусціць у краіну «радыкальных мусульманскіх тэрарыстаў».

Рашэнне Трампа выклікала крытыку з боку ААН, а таксама праваабарончых арганізацый і грамадскіх дзеячаў, як у ЗША, так і за іх межамі.

Пасля гэтага Федэральны акруговы суд у Нью-Ёрку наклаў часовую забарону на высылку мігрантаў з дзейнымі амерыканскімі візамі з аэрапортаў ЗША.

4 лютага Федэральны суд у Сіэтле (штат Вашынгтон) цалкам прыпыніў дзеянне ўказа Дональда Трампа, а праз тыдзень апеляцыйны суд у Сан-Францыска пакінуў рашэнне ніжэйстаячай інстанцыі ў сіле.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?