Брэсцкі «Марш недармаедаў» 5 сакавіка нечакана ачолілі не палітыкі, а невялікая групка маладзёнаў у чорным. Самі сябе яны назвалі анархістамі, некаторых пасля марша затрымалі і пасадзілі на суткі. «Наша Ніва» пацікавілася ў тых, хто застаўся на волі, навошта ім увогуле ўсё гэта патрэбна. Падрабязна нам адказала маладая актывістка (так, сярод іх былі і дзяўчаты).

Ілюстрацыйнае фота

«Мне 21 год. Працую ў сферы, звязанай з творчасцю.

Я выйшла на марш, таму што лічу, што такім чынам можна выказаць свой пункт гледжання, адстаяць свае правы, змагацца супраць несправядлівасці, якая акружае нас паўсюдна. Я не веру дэпутатам і чыноўнікам, бо некалькі чалавек, закрыўшыся ў сваіх кабінетах, не могуць вырашаць за ўвесь народ, што для яго лепей. Інтарэсы ўлады абмяжоўваюцца уласным дабрабытам, які дасягаецца тым, што яны адбіраюць апошняе ў людзей, у тым ліку з дапамогай новага закона або дэкрэта.

Анархісты на Маршы ў Брэсце

Сітуацыя ў краіне ўжо даўно з'яўляецца складанай: заняпад эканомікі, рост беспрацоўя, рэпрэсіі і бяспраўе — гэта тое, што стала нашай штодзённасцю. Хоць гэта няправільна, хоць так быць не павінна. Людзі ўсё часцей разумеюць, што іх падманулі ўжо шмат гадоў таму, яны пратэстуюць, і я лічу сваім непасрэдным абавязкам знаходзіцца плячом да пляча побач з тымі, каму не ўсё роўна, каб падзяліць іх імкненне да нашага агульнага вызвалення.

Па палітычных перакананнях я з'яўляюся анархісткай. Анархісты выступаюць за свабоднае грамадства, якое функцыянуе на прынцыпах самакіравання і прамой дэмакратыі. Гэта значыць, што праблемы і важныя пытанні грамадства вырашае яно само без пасярэднікаў у асобе дэпутатаў або іншых асоб, якія звычайна надзяляюцца правам вырашаць замест грамадства.

Эканоміка пры такім ладзе павінна быць абагульненай. Ніхто не мае права сцвярджаць, што беларуская зямля, яе нетры і рэсурсы — гэта яго асабістая ўласнасць. Прадпрыемствы і працоўныя калектывы павінны быць пад кіраваннем саміх рабочых, а не групы асоб, якая ў працы не ўдзельнічае, але атрымлівае асноўны даход. Толькі грамадства, заснаванае на вышэйзгаданых прынцыпах, будзе функцыянаваць у інтарэсах народа, а не паразітуючай эліты.

Калі казаць пра сам Марш, то магу сказаць, што мае чаканні апраўдаліся.

А калі казаць пра яго завяршэнне, то я была гатовая, у нейкай меры нават ўпэўненая, што акцыю разгоняць супрацоўнікі міліцыі.

Баялася я гэтага? Дакладна не. Калі жывеш у краіне, пастаянна падвяргаючыся рэпрэсіям, зневажэнням, несправядлівасці і ў перманентным стане безвыходнасці з пытаннямі: «Што рабіць далей? Як жыць годна?», то цябе ўжо не палохаюць перспектывы апынуцца за кратамі.

Можна адабраць у чалавека свабоду, але яго імкненне да барацьбы за праўду і справядлівасць адабраць немагчыма. Мы загнаныя ў сітуацыю, калі нам ужо няма чаго губляць, акрамя сваіх рабскіх кайданоў. Не будучы ў турме, нам здаецца, што мы свабодныя. Але ў рамках дзяржавы ніхто з нас не з'яўляецца такім, таму што мы не кіруем сваім жыццём.

Змагаючыся супраць дзяржавы, абавязкова сутыкаешся з яе рэпрэсіямі. Таму турма — перспектыва, з якой можа сутыкнуцца кожны. Але барацьба на гэтым не заканчваецца.

Пасля завяршэння Маршу некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным спрабавалі нас затрымаць. Адзін чалавек быў злоўлены, але пры дапамозе ціску з боку журналіста, за што яму хацелася б выказаць асобную падзяку, анархіста адразу адпусцілі.

Астатнія сутыкнуліся з рэпрэсіямі дома. Некага ўжо чакалі па месцы пражывання, альбо спрабавалі патрапіць ў кватэру.

Але я працягваць удзельнічаць у акцыях, несумненна, буду. У нашай краіне падобныя акцыі, якія распаўсюджваюцца настолькі стыхійна, на жаль, праходзяць нячаста, таму я лічу, што ігнараваць такую магчымасць нельга. Датычна астатніх удзельнікаў і іх планаў сказаць не магу.

На мой погляд, сітуацыя ў краіне спрыяе таму, каб нешта мяняць. Час пазбаўляцца ад прыгнёту ў асобе дзяржавы, які мы церпім на працягу ўжо многіх гадоў. Акцыі пратэсту, у тым ліку шэсце, якое прайшло ў Брэсце — гэта добры спосаб паказаць уладам сваю незадаволенасць, рашучасць дзейнічаць, паказаць нарэшце, што мы ёсць, у нас ёсць голас і мы ведаем як змяніць існае становішча. Улады сцвярджаюць, што ведаюць, як лепш для ўсёй краіны, але на справе гэта, вядома, няпраўда, што прыводзіць да тых наступстваў, якія мы можам назіраць. Мы павінны паказаць, што ў нас дастаткова самастойнасці, каб адказваць за свае ж жыцці без кіруючых вярхоў.

Пасіўнасць у грамадстве — гэта даволі частае становішча. Многія людзі пагружаныя ў свае бытавыя праблемы, не заўважаючы таго, што адбываецца навокал.

І беларусам гэта, на жаль, уласціва больш, чым іншым народам.

Я лічу, што збольшага каталізатарам незадаволенасці ў нашым грамадстве паслужыла сама ўлада. Метад бізуна і перніка больш не працуе: цяпер добраахвотна пазбавіцца права голасу і выбару, заплюшчыць вочы на беззаконне, якое адбывалася навокал, ужо не дастаткова, каб жыць спакойна і шчасліва. Карныя органы больш не разбіраюцца, хто ты — мірны грамадзянін або небяспечны рэцыдывіст: пад раздачу можа трапіць кожны.

На дадзены момант пратэстная хваля давяла тысячы людзей да той кандыцыі, калі на патрабаванні адмены дэкрэта яны не спыняцца. Пару гадоў таму гэта было б магчыма — уціхамірыць натоўп, пайшоўшы на саступкі, хоць звычайна, як паказвае практыка, хапала простых абяцанняў таго, што хутка ўсё зменіцца да лепшага. Але цяпер людзі больш не вераць, абяцанні сістэматычна ператвараюцца ў хлусню, сітуацыя толькі пагаршаецца і даходзіць да абсурду, што мы можам бачыць на прыкладзе дэкрэта аб дармаедстве».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?