07.03.2017 / 15:53

Дырэктар буйной друкарні ў Мінску: «На год трэба як мінімум тры новыя ідэі, інакш ты не пратрымаешся»

Напэўна, кожны хоць раз у жыцці карыстаўся паслугамі друкарні. Але мала хто ведае, што сёння гэта вельмі цяжкі бізнес, дзе з'явілася вялікая канкурэнцыя, і кожны спрабуе стварыць штосьці новае, каб завабіць новых кліентаў.

Пра цяжкасці бізнесу ў Беларусі і яго будучыню мы пагутарылі з дырэктарам буйнога цэнтра друку «Капірыч» Максімам Лаўровым.

Паглядзіце як кіпіць праца ў цэнтральным аддзяленні «Капірыча».

Максім займаецца сваёй справай ужо больш за 10 гадоў. На сёння «Капірыч» — адна з найбуйнейшых лічбавых друкарняў у Мінску. Штат яе супрацоўнікаў — каля 20 чалавек.

НН: Як у вас атрымліваецца не губляць пазіцыі ў час, калі ў Мінску з'явілася такая вялікая колькасць друкарняў?

Максім: З першага дня працы мы спрабавалі развівацца і прыносіць штосьці новае. Сапраўдны бізнес, на маю думку, пачаўся толькі нядаўна, бо раней у нас яго не было. Мы дзеці тых людзей, якія не могуць перадаць нам нейкія асновы бізнесу, бо нашыя бацькі наўпрост гэтым не займаліся. Таму думаю, многія з цяперашніх бізнесоўцаў вучыліся на сваіх памылках. На сёння я для сябе знайшоў дзве рэчы, якія вызначаюць поспех: час і працаздольнасць.

НН: Што змянілася за гэтыя 10 гадоў у бізнесе?

Максім: Я бачу, што менш людзей хоча займацца бізнесам, бо адбываецца хуткае выгаранне. Людзі не бачаць перспектывы і сэнсу, фізічна не здольныя першапачаткова працаваць за капейкі. Але сэнс бізнесу — калі браць па еўрапейскіх нормах — не толькі ў грошах, а ў праекцыі яго ў цэлую культуру. Не трэба гнацца за грашыма, якія пасля бессэнсоўна марнуюцца: трэба выпрацоўваць у сабе добразычлівасць. Я назіраю такую пазітыўную тэндэнцыю ў заходніх краінах і хацелася б, каб падобнае асэнсаванне бізнесу паступова прыходзіла да нас.

НН: Ці не цяжка гэта ажыццявіць ва ўмовах эканамічнага крызісу ў краіне?

Максім: У многіх выданнях ужо даўно адзначаюць, што крызіс спрыяе развіццю бізнесу. З’яўляецца натуральная канкурэнцыя, лідары выходзяць наперад, аўтсайдары загінаюцца. З майго пункту гледжання, крызіс — гэта добрая чыстка. Безумоўна, калі крызіс зацягнуты — гэта кепска, але цана і сабекошт увесь час адаптуюцца пад новыя ўмовы. Калі ў друкарні ламаецца тэхніка, ты не можаш без яе абысціся і вымушаны набываць новую. Але і вытворцы тэхнікі бачаць зменшаны попыт і зніжаюць кошты на тэхніку. Таму я і кажу: рынак і бізнес увесь час адаптуецца пад новыя ўмовы.

НН: Якія праблемы вы бачыце сёння ў бізнесе?

Максім: Па-першае, гэта нявызначанасць рынку. Напрыклад, я як працадаўца павінен плаціць у ФСАН за кожнага свайго супрацоўніка. Мы ўсе плацім, але не бачым гэтых грошай. Я лічу, што кожны чалавек павінен плаціць сам за сябе. Было б зручней, калі б чалавек меў сваю страхоўку, сам адлічваў грошы ў ФСАН, прычым столькі, колькі ён вырашыць. Гэта больш еўрапейскі падыход, у адрозненні ад нашай сістэмы, якая больш нагадвае савецкую.

Па-другое, я бачу праблему ў сістэме падаткаабкладання. Трэба шчыра прызнацца, што шмат буйных кампаній у Беларусі не плоцяць падаткі сумленна. Хтосьці разлічваецца ў канвертах, хтосьці хаваецца ад падаткаў. Зноў жа, гэтае пытанне можна вырашыць, калі чалавек будзе сам за сябе плаціць падатак. Для буйных кампаній гэта пакуль цяжка ажыццявіць.

Па-трэцяе, гэта адсутнасць рэальнай падтрымкі бізнеса. Гаворка ідзе не пра сталую фінансавую ці льготную падтрымку. Пры гэтым падтрымліваць варта паспяховыя і сур’ёзныя фірмы. Тут можа быць пэўная сістэма рэйтынгу, якая будзе вызначаць, які бізнес падтрымаць было б больш апраўдана і рэнтабельна.

НН: Якія задачы вы цяпер перад сабой ставіце?

Максім: Апошнія дзесяць гадоў я вучуся. Але, як правіла, на гэта сыходзяць дзесяцігоддзі. І гэта велізарны мінус, бо сыходзіць шмат часу, а мы не можам нават блізка канкураваць з еўрапейскімі краінамі. Асноўная задача, якую я стаўлю перад сабой, — каб я мог прывезці на любую выставу наш тавар і з гонарам паказаць, што гэта зроблена ў нас. На сёння поспех заключаецца ў тым, каб прыдумаць новую ідэю. Усе заўважаюць, што чым далей мы ідзем, тым хутчэй развіваюцца тэхналогіі. Калі раней новая тэхналогія магла пратрымацца і паспяхова прадавацца на рынку гадамі, то цяпер на год трэба як мінімум тры новыя ідэі, інакш ты не пратрымаешся. Таму сёння асабліва важная зваротная сувязь: трэба глядзець людзям у вочы, цікавіцца, што ім падабаецца, каб ствараць попыт.

Калі ацаніць 10-гадовы досвед, то самае цяжкое, на маю думку, — перамены. З таго часу як ты адкрываеш сваю маленькую кропку, ты пачынаеш штосьці змяняць. І гэта самы цяжкі працэс. Трэба ўвесь час адаптавацца, разумець, што на чымсьці ты ўжо не зможаш зарабіць, змяняцца кожны месяц. Трэба імкнуцца прыдумляць штосьці кожны дзень. Кожны вечар я прыходжу дадому і імкнуся прыдумаць нешта новае. Калі гэта не атрымліваецца — дзень прайшоў дарма. Гэта можа быць нават нейкая дробязь, але калі ты ўвесь час штосьці робіш, то застаешся задаволены і ў любым разе маеш перспектывы.

НН: Якія вы бачыце перспектывы ў развіцці бізнесу ў Беларусі?

Максім: Па маіх прагнозах, толькі мінімум праз тры пакаленні мы зможам рэальна развіць бізнес у нашай краіне. Усё змогуць змяніць рэформы, якія будуць стымуляваць развіццё бізнесу ў Беларусі. Зараз я не бачу, каб нашыя бізнесоўцы рэальна маглі канкураваць з замежнымі рынкамі, на якія трэба і варта выходзіць. Будуць рэформы ў падаткавай палітыцы, бізнес-адукацыі, змены ў ФСАН — тады і будзе развіццё бізнесу ў нас.

Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «Капірыч» 

УНП ‎100220190

Мікіта Недаверкаў, Ірына Арахоўская