Згодна з народнай традыцыяй, вясновае раўнадзенства — гэта той момант руху сонца, калі дзень раўняецца з ноччу і пачынае павялічвацца, святло пачынае перамагаць цемру, надыходзіць доўгачаканае абуджэння прыроды. Менавіта да гэтага часу нашы продкі прымяркоўвалі пачатак новага года. А пачатаку новага творчага жыцця беларускіх фолк-метал гуртоў прысвечана сёлета музычнае свята. У фестывалі возьмуць удзел ZNICH, FOLCORE, АДАРВІРОГ, якія прэзентуюць шырокаму колу слухачоў свае новыя праграмы і альбомы.

Легенда айчыннай металічнай сцэны, ZNICH, у мінулым годзе адсвяткаваў сваё дваццацігоддзе, але, нягледзячы на «сталасць», працягвае развівацца і радаваць сваіх слухачоў. Кліп на ваярскую народную песню «Дунаю…», які выйшаў напрыканцы 2015, выклікаў вялікі ажыятаж і назбіраў больш за 130 тысяч праглядаў. З гэтай жа песняй гурт прайшоў у паўфінал беларускага адбору на «Еўрабачанне».

На фестывалі «Купальскае Кола — 2016» музыкі прэзентавалі EP «Slova ziamli», чым падтрымалі любоў сваіх прыхільнікаў і прыцягнулі ўвагу замежных арганізатараў. У ліпені гэтага года ZNICH прадставіць Беларусь на буйным еўрапейскім фестывалі альтэрнатыўнай музыкі Ragnard Rock Fest у Францыі. Назва новага альбома гурту пакуль трымаецца ў сакрэце, але вядома, што матэрыял будзе мець вельмі філасофскі змест. У кружэлку ўвойдуць не толькі аўтарскія песні, але і песні на словы Максіма Багдановіча.

Даволі папулярны ў беларускім фолк-метал кірунку, гурт FolCore нарэшце выдаў доўгачаканы дэбютны альбом пад назвай HAERESIS, што можна перакласці з латыні, як іншадумства. Як адзначаюць самі музыкі, іх творчасць прысвечана пошуку чалавекам сябе па-за межамі рэлігій і ідэалогій. У музыцы прыгожа спалучаюцца народныя спевы і матывы з глыбокімі ўнутранымі перажываннямі. Адна з песень альбома напісаная на словы Якуба Коласа.

Творчасць гурта «АДАРВІРОГ», наскрозь прасякнутая легендамі і атмасферай слаўнай мінуўшчыны, вылілася ў стварэнне першага альбома «Край паданняў». Дарэчы, сама назва каманды робіць адсылку да твора Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы». Альбом павінен атрымацца надзвычай патрыятычным:

«У аснову канцэпцыі, — паспавядаюць удзельнікі калектыву, — закладзены агульны сюжэт, які амаль нябачнай лініяй ідзе ад песні да песні. Ён распавядае пра тое, якім мы бачым сапраўднага беларуса, якім яго бачылі раней ва ўсім свеце. Адчайнага і нязломнага, які не шкадуе ўласных крыві і жыцця дзеля абароны сваёй зямлі і ідэалаў. Але, які памятае пра тое, што ў жыцця ёсць і прыемныя бакі. Пра такога, якім мы хацелі бы бачыць кожнага з нашых суайчыннікаў».

Запрашаем усіх амаратаў беларускамоўнай цяжкай музыкі! Будзе горача!

Кошт квіткоў — ад 17,50 (Рок-крама STUFF, сэрвіс бясплатнай дастаўкі фірмовых квіткоў «Бегунок», Kvitki.by).

З 7 па 9 сакавіка будзе дзейнічаць зніжка 50%.

Падрабязнасці тут.

Тэлефон для даведак: +375-29 141-94-97 (Алеся).


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0