12.03.2017 / 16:15

Канец дынастыі. Да 100-годдзя Вялікай рэвалюцыі ў Расіі 7

Піша гісторык Анатоль Сідарэвіч. 

8 сакавіка цяпер — гэта адпаведнік 23 лютага 1917 года. 8 сакавіка паводле новага стылю зацьміла 23 лютага 1917-га. Бальшавікі не любілі гэтую дату, бо для іх пачатак Вялікай рэвалюцыі і яе перамога былі нечаканасцю. Незадоўга да рэвалюцыі Ленін, прамаўляючы да маладых швейцарскіх сацыял-дэмакратаў, сказаў, што яго пакаленне да рэвалюцыі не дажыве.

Казаць так у Леніна былі важкія падставы.

У 1905 годзе рэвалюцыйныя сілы Расіі паставілі перад сабою надта амбіцыйныя мэты. Іх не задавальняў дасягнуты ў выніку Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі поспех — Маніфест 17 (30) кастрычніка аб удасканаленні дзяржаўнага парадку (а дакладней — ладу).

Мікалай ІІ вымушаны быў даць народу «непарушныя асновы грамадзянскай свабоды на пачатках сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў». Цар даў згоду на скліканне заканадаўчай Дзяржаўнай думы, надзяліўшы пры гэтым выбарчым правам «тыя класы насельніцтва, якія цяпер зусім пазбаўлены выбарчых правоў»: наёмных работнікаў, іудзеяў, мусульманаў ды інш. Усталёўвалася правіла: ніякі закон не мог уступіць у сілу без Дзяржаўнай думы. Дума надзялялася правам наглядаць за заканамернасцю дзеянняў пастаўленых царом уладаў.

Так, новаўведзенае выбарчае права было саслоўнае, няроўнае, ускоснае; так, партыі, прадстаўленыя ў Думе, не маглі фармаваць урад; так, урад не быў адказны перад Думаю, але само яе скліканне, сама магчымасць партыям мець парламенцкую трыбуну, выдаваць газеты азначала бясспрэчны прагрэс. Да гэтага Расія ішла без малога 100 гадоў — з таго часу, як ідэю Дзяржаўнай думы сфармуляваў Міхаіл Спяранскі.

Калі думаеш пра гісторыю Расіі, не можа не кідацца ў вочы, як перыяды рэформаў змяняюцца на перыяды контррэформаў, як гэтыя контррэформы выклікаюць рэвалюцыйны максімалізм, як максімалізм выклікае рэакцыю.

Мікалай ІІ быў не толькі законным, але і духоўным спадкаемцам свайго бацькі. Палітыка контррэформаў, якую пасля забойства Ігнатам Грынявіцкім цара Аляксандра ІІ вёў Аляксандр ІІІ, магла прынесці спакой толькі на пэўны час. 90-я гады ХІХ ст. і самы пачатак ХХ ст. азнаменаваны ў Расіі стварэннем шэрагу палітычных партый, у тым ліку нацыянальных. Гэта былі выключна рэвалюцыйныя, левыя партыі. Абачлівая буржуазія і буржуазная інтэлігенцыя стваралі гурткі ці аб’яднанні кшталту ліберальнага Саюза вызвалення, які толькі ў час Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай забастоўкі 1905 г. стане асновай Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі, партыі кадэтаў.

Ужо сам гэты факт, факт стварэння партый, гурткоў і Саюза вызвалення, павінен быў штурхнуць царызм на шлях рэформаў, але гэта адбылося толькі пасля таго, як у краіне пачаліся масавыя выступленні, калі бунты пачаліся нават у войску. Аднак Маніфест 17 кастрычніка 1905 года ўжо не мог задаволіць радыкальныя палітычныя партыі і групоўкі. Натхнёныя поспехам, яны жадалі большага. І не разлічылі свае сілы. І перабольшылі (у сваёй уяве) рэвалюцыйны патэнцыял і імпэт рабочага класа і сялянства.

Контррэвалюцыйны дзяржаўны пераварот 3 чэрвеня 1907 года, узначалены Пятром Сталыпіным, у палітычна-прававых адносінах адкінуў Расію назад. Выбарчага права былі пазбаўлены вялікія групы насельніцтва, сімвалам часу сталі сталыпінскі вагон і сталыпінскі гальштук (вяроўка). У самім рэвалюцыйным лагеры з новай сілай пачаліся расколы. Дастаткова сказаць, што ў расійскай сацыял-дэмакратыі, акрамя меншавікоў і бальшавікоў, паслядоўнікаў Георгія Пляханава і Льва Троцкага, з’явіліся ліквідатары, адзавісты, ультыматысты, богашукальнікі і богабудаўнікі. Усё гэта спараджала жорсткую палеміку і разлад. Першая сусветная вайна спарадзіла ў сацыял-дэмакратыі новыя плыні — паражэнцаў, абаронцаў, інтэрнацыяналістаў. Да таго ж вядомыя бальшавікі апынуліся калі не ў эміграцыі, дык у глухіх сібірскіх кутках.

Усё пералічанае не магло не спарадзіць песімізм Леніна. Значна рэалістычней на расійскае жыццё глядзеў ягоны і апанент і разам з тым дабрадзей, наш зямляк Аляксандр Гельфанд, больш вядомы як Парвус, як сапраўдны (разам з Троцкім) аўтар і рэалізатар ідэі Саветаў рабочых дэпутатаў. Ён бачыў, што Расія цяжарная рэвалюцыяй. Ён нават планаваў рэвалюцыю на 1916 год. Так, арганізауючы забастоўкі ў Расіі, ён памыліўся. Бальшавіцкая партыя аказалася няздольнай узначаліць нават сацыяльны (яшчэ не палітычны) пратэст рабочага класа.

Няўдача не спыніла Парвуса. У расійскай сацыял-дэмакратыі ён бачыў трох асоб: Уладзіміра Леніна, Льва Троцкага і Юлія Мартава. Мартаў, хоць і меншавік, быў даўні (з 1895 года) прыяцель Леніна, рэвалюцыянер, інтэрнацыяналіст, упэўнены ў тым, што сусветная вайна вядзе да грамадзянскіх войнаў і канца капіталізму. Яшчэ большым рэвалюцыянерам быў Троцкі. Да таго ж паражэнцам і, значыць, патэнцыйным саюзнікам Леніна. Але ў паражэнца Леніна была бясспрэчная перавага над Троцкім: у яго мелася якая-ніякая, але партыя. І ў сваім плане, прадстаўленым нямецкім уладам за два гады да Вялікай рэвалюцыі (9 сакавіка 1915 г.), Парвус прадбачыў, што бальшавіцкая партыя выведзе Расію з вайны. І раіў немцам зрабіць стаўку на бальшавікоў. І на вызвольныя рухі народаў Расіі, перш-наперш украінскага.

Некаторыя гісторыкі схільныя лічыць, што Вялікая рэвалюцыя пачалася не 23 лютага 1917 г., не з дэманстрацыі піцерскіх работніц супраць голаду (хоць голаду, сапраўднага голаду, а не перабояў у забеспячэнні харчамі, не было), а раней — 1 лістапада 1916 года, тады лідар кадэтаў Павел Мілюкоў выступіў у Думе з прамовай, у якой задаў пытанне: «Што гэта — глупства ці здрада?». Выдатны расійскі гісторык, па сутнасці, абвінаваціў царыцу Аляксандру і старшыню Савета міністраў Барыса Шцюрмера ў падрыхтоўцы сепаратнага міру з Нямеччынай.

Ужо даўно ў адной кнізе расійскага гісторыка я чытаў такое: тое, што ў 1825 годзе на Сенацкую плошчу выйшлі расійскія арыстакраты, сведчыла пра існаванне супярэчнасцяў паміж рускімі і нямецкай дынастыяй Гольштайн-Готарп-Раманавых. Аляксандр Герцэн так і пісаў: Расіяй мангольскімі метадамі кіруе нямецкая дынастыя. У час 1-й сусветнай вайны рускі нацыяналізм і германафобія канчаткова выйшлі на паверхню. Ва ўсіх няўдачах на фронце вінавацілі немцаў, якіх нямала было ў расійскіх уладных, гаспадарчых і вайсковых структурах, а таксама сапраўдных або ўяўных агентаў Нямеччыны. Галоўным жа агентам уплыву Нямеччыны ўважалі царыцу, сястру вялікага герцага Гесенскага Эрнста Людвіга. Прамова Мілюкова цалкам адпавядала грамадскім настроям і задала, як цяпер кажуць, мэйнстрым.

Пад увагу трэба ўзяць і такое паняцце, як легітымнасць, г. зн. згоду падданых на тое, каб хтосьці кіраваў імі. Легітымнасць Мікалая ІІ істотна падважылася ў ходзе расійска-японскай вайны, якую цар сам і развязаў дзеля таго, каб не праводзіць рэформы і ўмацаваць аўтарытэт дынастыі. Легітымнасць была падарваная настолькі, што спатрэбіліся надзвычайныя меры дзеля навядзення парадку ў дзяржаве. У 1913 годзе, калі адзначалася 300-годдзе дынастыі, здавалася, што ўвесь народ ці прынамсі яго праваслаўная бальшыня ў купе з лаялістамі іншых вызнанняў цалкам на баку манарха. Аднак ваенныя няўдачы ўсё больш аддалялі народ ад цара. Не толькі народ, але і вялікую частку палітычнай, эканамічнай і вайсковай эліты. Незадаволенасць Мікалаем выказвалі таксама земствы і органы гарадскога самакіравання. Апазіцыя цару выспела нават у доме Раманавых. І нават у Праваслаўнай царкве, у якой усё больш раздаваліся галасы за вяртанне да патрыяршай формы кіравання ёю.

Парвус меў рацыю: Расія была цяжарная рэвалюцыяй ці хоць бы паўстаннем.

Фрыдрых Энгельс пад канец жыцця асцерагаў нямецкіх сацыял-дэмакратаў наконт збройнага паўстання. І паказваў, якую небяспеку для саміх паўстанцаў яно нясе ў новы век, калі з’явіліся новыя віды ўзбраенняў і сувязі. З выказванняў Энгельса вынікае, што паўстанне апраўданае тады, калі на бок народа пераходзіць войска. Або захоўвае нейтралітэт. У 1905 г. войска было на баку цара (асобныя бунты не лічым). У лютым 1917-га войска ўжо не было на баку цара. 26 лютага (11 сакавіка) верныя цару часткі стралялі ў рабочых, але ўжо ў той самы дзень запасныя палкі Петраградскага гарнізона пачалі пераходзіць на бок народа, а 27 лютага (12 сакавіка) пачалося братанне салдат і народа.

Не кожнае паўстанне — рэвалюцыя. Стыхійныя выступленні рабочых і салдат яшчэ нельга было назваць рэвалюцыяй. І хоць 27 лютага было рэанімавана дзецішча Троцкага і Парвуса — Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, — хоць у той самы дзень у Петраградзе быў створаны Часовы выканаўчы камітэт Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў на чале з дэпутатам Думы меншавіком Мікалаем (Нікалозам) Чхеідзэ, гэта ўсё ж былі органы паўстання, а не ўлады.

Новы орган дзяржаўнай улады — Часовы камітэт Дзяржаўнай думы на чале з яе старшынёй Міхаілам Радзянкам — з’явіўся ў той самы дзень, калі быў створаны Часовы выканкам Саветаў. У склад гэтага камітэта ўвайшоў і М. Чхеідзэ.

Нягледзячы на актыўную ролю рабочых і салдат у лютаўскіх падзеях 1917-га, асмелюся ўсё ж сцвярджаць, што Вялікая рэвалюцыя ў Расіі была рэвалюцыяй вярхоў. «Умяшальніцтва Дзяржаўнай думы дало вулічнаму і вайсковаму руху цэнтр, дало яму сцяг і лозунг, і тым самым ператварыла паўстанне ў рэвалюцыю, якая скончылася звяржэннем старога рэжыму і дынастыі», — пісаў П. Мілюкоў.

Ад 23 лютага (8 сакавіка) да 2(15) сакавіка 1917 года, калі Мікалай ІІ зрокся пасаду, прайшло роўна сем дзён.



Анатоль Сідарэвіч

14
Коверда Борис / Адказаць
12.03.2017 / 17:50
Не было никакой революции. Произошел переворот, где предали царя. А вторая, большевистская "революция" было ни что иное как захват власти, когда и была потеряна легитимная преемственность власти в России. Современная Россия - это тень того, чем могла быть Россия без революции.
2
а то! / Адказаць
12.03.2017 / 18:10
"Справа Парвуса" не адкрыцьцё. Гэтае імя толькі ў бальшавіцкім сэсэсраі было табуяванае. І нідзе больш па-за ягонымі, сэсэсрая, межамі. Што бальшавікі атрымалі грошы ад немцаў і што раней немцы - агенты спецслужбаў развалілі адміністрацыю Часовага ўрада Керанскага, каб вывесьці Расію з кааліцыі пераможцаў Першай сусветнай вайны, - гэта бясспрэчныя і даўным-даўно вядомыя і гісторыкам, і проста цікаўным асобам факты. Нічога новага тут сп. Сідарэвіч не паведаміў. Але ж рабіць з Гэльфанда-Парвуса нейкую містычную ды ці не кіраўнічую і ідэалагічную асобу актобэр-рэвалюшн ужо зусім нейкая недарэчнасьць. Гэта быў тыповы жыдоўскі круцель (якіх, між іншым, сярод бальшавікоў заўсёды хапала зь лішкам), пра якога нават прымаўка ёсьць: бог не цяля - бачыць круцяля. Пры любых абставінах ягоныя палітычныя разлікі былі такія: а што я з таго буду мець? І калі недзе меліся ляжаць без добрага нагляду грошы, дык частка зь іх або яны цалкам аказваліся ў кішэнях гэтага суб'екта. Вось і ўвесь ягоны рэвалюцыйны запал, і ўсе ягоныя "ідэі", "перакананьні", "прадбачаньні" і г.д. і г.д. Цынікі-бальшавікі, якія, захапіўшы ўладу з дапамогай парвусаў, зрабліся крывавымі ліхадзеямі і псіхапатамі, мелі патрэбу ў такіх памагатых. І памагатыя - па законах гісторыі - з'яўляліся. Што ёсьць гістарычнай праўдай ва ўсе часы, сп. Анатоль! І ня трэба "лепить горбатого". "Круцель з Беразіно" - так мог бы называцца раман ці гістарычны дэтэктыў пра гэтую персону.
0
Стас / Адказаць
12.03.2017 / 19:18
"Нягледзячы на актыўную ролю рабочых і салдат у лютаўскіх падзеях 1917-га, асмелюся ўсё ж сцвярджаць, што Вялікая рэвалюцыя ў Расіі была рэвалюцыяй вярхоў". Такое вялоікае адкрыццё зрабіў Сідарэвіч. Пра гэта ўжо ўсе студэнты ведаюць. Пэўна, Сідарэвіч з хутара нейкага вываліўся.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру