Аляксандар Мілінкевіч накіраваўся ў Беласток, каб асабіста прысутнічаць на працэсе над выдаўцамі газэты беларусаў Польшчы «Ніва» і выказаць такім чынам стаўленьне да суду.
Сёньня ў Беластоку будзе абвешчаны вырак у справе сяброў Праграмнай рады ці выдаўцоў тыднёвіка «Ніва» – гэта вядомыя дзеячы беларускай нацыянальнай меншасьці – навукоўцы, літаратары, выкладчыкі.
Пракуратура абвінавачвае іх у няправільным разьмеркаваньні буджэтных сродкаў з датацыяў на выданьне «Нівы», але прызнае, што ніводзін грош з гэтых датацыяў ня быў скрадзены. Выдаўцы газэты лічаць сябе нявінаватымі і гавораць, што спрабавалі толькі забясьпечыць бесперапынны выхад тыднёвіка.
Пракурор запатрабаваў для іх розныя тэрміны зьняволеньня ўмоўна. На працэсе будуць прысутнічаць шэраг знаных польскіх і беларускіх палітыкаў, сярод іх і лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.
На мытні Мілінкевіча надглядаі цэлую гадзіну, затрумаўшы цягнік на 15 хвілінаў, але ўрэшце прапусьцілі.
МБ, паводле інфармацыі Радыё Свабода