Дэкрэт №3 «Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства» адмяняць не стануць, але на працягу года даручана не спаганяць адпаведны збор.

Адпаведнае рашэнне сёння на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны агучыў Аляксандр Лукашэнка.

Чытайце таксама: Тым, хто ўжо сплаціў падатак на дармаедства, вернуць грошы. Пры якой умове?

«На працягу сакавіка, калі трэба, нам трэба падкарэкціраваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я сказаў», — заявіў беларускі лідар.

«Я, натуральна, назіраю, наколькі гэта магчыма, і адсочваю ўсякую пісаніну ў СМІ — і апазіцыйных, і праўладных. І ведаю заявы прадстаўнікоў пятай калоны і сёе-тое яшчэ — тое, чаго грамадства не ведае. Хоць намёк у СМІ на гэта быў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэты дэкрэт не з'яўляецца эканамічным і фінансавым. «Гэта ідэалагічны, маральны дэкрэт. Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэтай гэтага дэкрэта з'яўляецца адно — прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта — галоўнае», — адзначыў ён.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы канстатаваў агіднае і безадказнае выкананне дэкрэта з боку адказных чыноўнікаў.

«Ці не знайшлі там [у працы з насельніцтвам па выкананні дэкрэта — БелТА] сваё месца і нашы дэпутаты. Прытым розных узроўняў, асабліва мясцовых саветаў», — сказаў ён.

«Кожны старшыня райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, раённых адміністрацый — гэта іх перш за ўсё праца. А кантроль — за губернатарамі і мэрам Мінска. У вас там павінны быць гэтыя спісы гультаёў, якіх трэба прымусіць працаваць.

А сумленных людзей не трэба было чапаць наогул. Мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час. І тыя, хто сёння па 200—500 чалавек выходзяць на вуліцы і пачынаюць крычаць, гэта ж не тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды.

Гэта ў асноўным тыя людзі, якія пакрыўджаныя, якім мы ні з таго ні з гэтага паслалі гэтыя паведамленні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта №3. «Спісы павінны быць вывераныя. Прыцягнуць трэба ўсіх — дэпутатаў мясцовых саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы — усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы.

Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і горадзе Мінску. А Адміністрацыя прэзідэнта разам з урадам павінна арганізаваць кантроль за выкананнем гэтага рашэння. І не дай бог вы пакрыўдзіце хоць аднаго чалавека», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка агучыў наступнае рашэнне: на працягу 2017 года не спаганяць у рамках дэкрэта №3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы.

«Хто аплаціў ў 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на працу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы», — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

«У 2016 годзе пэўная колькасць (гэта тысячы людзей), не аспрэчваючы, унеслі плацяжы. Сёння я здымаю патрабаванне, каб усе, каго мы вычленім за першы квартал, плацілі гэтыя грошы. Не будзем за 2016 год спаганяць гэтыя грошы з тых, хто павінен плаціць. А тыя, хто заплаціў, тыя ў 2017-м не будуць плаціць. Калі яны будуць працаваць у 2017 годзе, мы павінны па іх патрабаванні вярнуць гэтыя грошы», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0