Уплывовы журналіст расійскага канала «Расія-24» і кінапрапагандыст Канстанцін Сёмін паставіў у адзін шэраг з культавымі калектывамі савецкага і расійскага року 1980-х гурт «Брута», прычым назваў яго больш цікавым, таленавітым і небяспечным.

Фота Ірыны Арахоўскай з канцэрта «Брута» 8 сакавіка

Фота Ірыны Арахоўскай з канцэрта «Брута» 8 сакавіка

Журналіст, які мае ўласную перадачу на расійскім тэлебачанні, называе савецкую рок-музыку часоў Перабудовы «саўндтрэкам да развалу дзяржавы», якая дапамагла адарваць моладзь ад камуністычных ідэй.

З'яўленне і раннюю творчасць гуртоў «ДДТ», «Кіно», «Акварыум» і іншых ён наўпрост звязвае з падрыўной дзейнасцю і ўплывам амерыканскіх спецслужбаў.

Сёмін не хавае сваіх ленінісцкіх і сталінісцкіх поглядаў і адзначае ў сваім відэаблогу, што ў ягоных расійскіх аднадумцаў «Няма чаго слухаць… Нічога новага на нашым музычным ландшафце не прабілася».

А з іншага боку, кажа журналіст, ёсць шэраг нацыяналістычных калектываў, па-сапраўднаму таленавітых і цікавых. У якасці адзінага прыкладу ён прывёў беларускі «Брута».

«Я вось цяпер з Мінска прыляцеў, паглядзеў, там 8 сакавіка будзе канцэрт групы «Брута». Паглядзіце кліпы, тэксты, паслухайце песні - і скажыце мне, што ЦРУ не піша Міхалку, не водзіць ягонай рукой, не дапамагае яму перабіраць струны», - сказаў Сёмін на відэа, якое з'явілася 5 сакавіка.

«Але я звярнуў увагу, што кліпы для «Брута» здымаюць ужо некаторыя хлопцы, якія рабілі такія ж нацыяналістычныя жорсткія кліпы ў нашай краіне. Гэта ўжо іншая культура, гэта ўжо не зусім рок, гэта рэп-кор, хіп-хоп», — дадаў ён.

36-гадовы Сёмін мае расійскі медаль ордэна «За заслугі перад Айчынай» 2-й ступені, працаваў у Чачні, Іраку, ЗША. Вядзе праграму «Агітацыя і прапаганда» на «Расіі-24», стаў вядомым, калі назваў у эфіры праграмы «Весці» забойства сербскага прэм'ера Зорана Джынджыча заслужаным, што выклікала міжнародны скандал.

У 2014 годзе стварыў фільм «Біяхімія здрадніцтва», скіраваны супраць расійскай апазіцыі Пуціну. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?