Як паведаміла даследчыца літаратуры і выкладчыца Ганна Севярынец, першы поўны пераклад знакамітага рамана ў вершах належыць паэту Алесю Дудару, які стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій.

Алесь Дудар. Фота з архіва Лявона Юрэвіча

Як распавяла Севярынец, у сярэдзіне 1930-х гадоў пачалася падрыхтоўка да 100-гадовага юбілея са дня смерці Пушкіна, які збіраліся шырока адзначаць у 1937 годзе. Камісію па перакладах узначаліў Янка Купала. Менавіта ён размеркаваў паміж беларускімі пісьменнікамі творы, якія тыя павінны былі перакласці. Напрыклад, Тодару Кляшторнаму дастаўся «Каменны госць», сам Янка Купала ўзяў сабе «Меднага вершніка», а вось Алесю Дудару быў аказаны гонар перакласці «Яўгена Анегіна». Паводле слоў Севярынец, у газетах таго часу пісалі, што беларускія пісьменнікі сабатуюць мерапрыемствы і не здаюць пераклады. Дудар і Кляшторны былі адзінымі, хто здаў рукапісы ў тэрмін.

Тэкст «Яўгена Анегіна» паспелі агучыць па-беларуску — паэт чытаў яго на творчым вечары, а па рэпрадуктарах яго выступ пачуў увесь Мінск.

Неўзабаве Алесь Дудар быў арыштаваны і ў ноч з 29-га на 30 кастрычніка 1937 года расстраляны ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД. Тады былі забітыя больш за сто прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР — літаратары, дзяржаўныя дзеячы, навукоўцы. Гэтая трагічная дата ўвайшла ў гісторыю пад назвай «ноч забітых паэтаў».

Ганна Севярынец. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Ганна Севярынец. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

«Яўген Анегін» у перакладзе Дудара так і не быў выдадзены. Па словах даследчыцы, пераклад доўгі час лічыўся згубленым, былі вядомыя толькі некалькі фрагментаў рамана. Першая частка рамана была апублікаваная ў газеце «Літаратура і мастацтва» (у Беларусі захаваўся толькі адзін асобнік гэтага нумара), трэцяя — у часопісе «Полымя».

Як падкрэслівае Севярынец, найбольшую вядомасць атрымаў пераклад «Яўгена Анегіна», які пазней зрабіў Аркадзь Куляшоў. Але тэкст Дудара стаў асновай, на якую арыентаваўся як аўтар «Алесі», так і іншыя беларускія пісьменнікі.

Севярынец лічыць знаходку перакладу цудам, бо ў беларускіх архівах захаваліся ўсяго чатыры лісты і пяць фатаграфій Дудара. Астатнія рукапісы зніклі. Яна спадзяецца, што матэрыялы, якія яна знайшла ў сваякоў паэта, далёка не апошнія.

Ганна Севярынец ласкава паказала пачатак перакладу, зробленага Алесем Дударам.

І

«Мой дзядзька правіл беззаганных,
Як не на жарты захварэў,
Узяў ён да сябе пашану
І лепш прыдумаць не ўмеў.
Яго пачын — другім навука.
Ды божа мой! Што за дакука
Пры хворым дні і ночы быць
І ні на крок не адступіць!
Якая нізасць і двудушша
Канаючага забаўляць,
З журбою лекі падаваць
І папраўляць яму падушкі
Уздыхаць і думаць пра сябе:
Калі ж ухопіць чорт цябе!»

ІІ

Так разважаў юнак свавольны
У дарозе на перакладных
З вышэйшай Зеўсавае волі
Наследнік сваякоў сваіх.
Чытач Людмілы і Руслана!
З героем гэтага рамана
Не трацячы на ўступы час
Дазвольце пазнаёміць вас.
Анегін, друг мой старадаўні,
На свет радзіўся ля Нявы,
Дзе мо радзіліся і вы,
Або жылі ў долі слаўнай.
Было там весела і мне.
Ды шкодна поўнач для мяне.

ІІІ

Служыўшы спраўна, дасканала
Даўгамі бацька яго жыў,
Даваў ён кожны год тры балы
І ўрэшце ўсё дабро спусціў.
Еўгенію жыццё спрыяла:
Madame за ім перш наглядала,
Пасля monsieur яе змяніў.
Хлапчык жывым і мілым быў.
Monsieur L’Abbe, француз убогі,
Каб хлопчык сіл не марнаваў,
Яго скрозь жартам навучаў,
Не хваляваў мараллю строгай,
Крыху за балаўства ўшчуваў
І ў Летнім садзе з ім гуляў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?