На змену глабальным інтэграцыйным працэсам прыходзіць усведамленне першаснасці нацыянальных інтарэсаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны.

«Усе выразней выяўляюцца новыя тэндэнцыі ў многіх краінах, пачынаючы з ЗША і Еўропы. Іх сутнасць заключаецца ў тым, што на змену глабальным інтэграцыйным працэсам прыходзіць усведамленне першаснасці нацыянальных інтарэсаў. Калі па-народнаму казаць, свет нацыяналізуецца», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Па словах кіраўніка дзяржавы, у эканамічнай сферы гэта выяўляецца ў імкненні абараніць унутраныя рынкі, развіваць вытворчасць на сваіх тэрыторыях, абмяжоўваючы доступ канкурэнтам. У палітыцы, адзначыў ён, увага больш канцэнтруецца на ўнутраных праблемах, якія набываюць усё большую вастрыню і напружанасць, пра што сведчыць ўсплёск пратэстных настрояў у грамадстве і рост папулярнасці правых партый і палітыкаў.

«Вы бачыце, што адбываецца ў Германіі, асабліва рэльефна гэта выказана ў Францыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў», — прывёў прыклады Лукашэнка.

«Беларусь — краіна адкрытая, экспартна арыентаваная. Таму нам трэба ўлічваць новыя тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць», — сказаў ён.

Лукашэнка канстатаваў, што праглядаюцца як станоўчыя, так і негатыўныя аспекты. «У цэлым арыентацыя на прыярытэтнасць нацыянальных інтарэсаў адпавядае і нашым памкненням — гэта факт. Тут мы ідзём у рэчышчы сусветных тэндэнцый», — працягнуў ён.

«Аднак негатыўны бок такога працэсу заключаецца ў тым, што цяпер сур'ёзна пагаршаюцца магчымасці выхаду нашай прадукцыі і паслуг на рынкі іншых краін, якія ўводзяць усё новыя бар'еры. І што насцярожвае, нашы сяброўскія, блізкія, родныя краіны гэтым таксама не грэбуюць. Таму нам трэба знаходзіць шляхі пераадолення гэтых перашкод, максімальна захоўваючы традыцыйныя гандлёва-эканамічныя сувязі, шукаць новыя нішы для беларускага экспарту», — заявіў кіраўнік Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0