Фермер Аляксандр Кабанаў з Бярозы — чалавек, якога знаёмыя апошнія тыдні сустракалі пытаннем: «О, ты яшчэ на волі?». І сапраўды, Кабанаў, лідар брэсцкага «Марша недармаедаў», 9 сакавіка быў асуджаны на 5 сутак за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах. Перад судовым пасяджэннем ён распавёў «Нашай Ніве», чаму лічыць патрэбным выходзіць на вуліцы, як прыйшоў у палітыку, і патлумачыў, чаму не баіцца ставіць перад сабой, на першы погляд, невырашальныя задачы.

Аляксандр Кабанаў.

Аляксандр Кабанаў.

«У кабінетах мы не дамовіліся б ніколі»

«Наша Ніва»: Лукашэнка «замарозіў» дзеянне Дэкрэта №3. Можа, тады не варта працягваць Маршы?

Аляксандр Кабанаў: Варта. Людзям трэба выйсці на вуліцы, каб яны адчулі і зразумелі, што гэта іх заслуга. І тыя, хто ўдзельнічаў у папярэдніх шэсцях, гэта выдатна разумеюць. Хай гэта і не адмена дэкрэта, але ўлада пайшла на саступкі. І гэта трэба данесці людзям, якія не выйшлі на Марш. Шмат было людзей, якія ставіліся песімістычна і казалі: «Нічога вы не даб'яцеся». Былі і тыя, хто казаў, што трэба сядзець у кабінетах і дамаўляцца. У кабінетах мы не дамовіліся б ніколі, гэта 100%. Ніколі.

«НН»: А сустрэча з мэрам Брэста падчас Маршу?

АК: Я туды не пайшоў. Гэта была нават не бессэнсоўшчына, а спроба сарваць Марш. Глядзіце, запрашалі людзей менавіта на Марш, а не прыйсці кудысьці гутарыць з чыноўнікамі. І тут раптам актавая зала, мэр прыехаў у нядзелю… Ну, добра ўсё тое, што добра скончылася. Але я лічу, што на падобныя мерапрыемствы клікаць кагосьці з чыноўнікаў — як мінімум глупства. Бо «мэр» — чыноўнік, які не вырашае нічога. Ён не мае дачынення да прыняцця дэкрэта. Ён не можа яго адмяніць. Хтосьці там казаў, вось, мэр можа перадаць… Мы самі перадамо нашмат лепш. Маршам па вуліцах можна перадаць больш.

«НН»: А ў Бярозе не плануецца Марш?

АК: Так, плануем зрабіць і тут.

«НН»: Але ж раней не праводзілі.

АК: Я лічу, што такі рух павінен быць зверху ўніз. Мінск. Затым абласныя цэнтры, затым рэгіёны. Каб не прайшоў раней Марш у сталіцы, то нічога не варта было б пачынаць у маленькіх гарадах. Людзей бы не было, яны б спужаліся.

А калі яны паглядзелі — колькі людзей было ў Мінску, у Брэсце… Плюс яшчэ ж шмат хто і не змог паехаць. А тыя, хто змог, тыя вярнуліся, распавялі сябрам, сказалі, што гэта крута. І вось калі я ўжо пасля брэсцкага Марша прыехаў, людзі пачалі падыходзіць да мяне і казаць, што варта правесці і ў Бярозе. Раней зваротаў такіх не было.

«НН»: Вы ж фермер, так?

АК: Так. Надзел невялікі, гектар. Займаюся мясам: трусы, свінні, гусі, індыкі, куры. Качкі былі, перапёлкі… Але сёння амаль усю гаспадарку сваю «павыбіваў». Я працую так: вырошчваю, выкормліваю пагалоўе і пасля за зіму забіваю. Вясной зноў пачынаю расціць новае пагалоўе.

Гэта мой заробак, за гэта жыву. Аформлены як чалавек, які жыве з надзелу. То бок сам я не дармаед.

«НН»: А што ж тады вы ўзяліся за гэтыя Маршы?

АК: Я быў кандыдатам у дэпутаты. І першым пунктам праграмы ў мяне была адмена дэкрэта. Калі сустракаўся з выбаршчыкамі, шмат гаварыў пра гэта. І атрымліваецца, што пасля выбараў трэба працягваць, хоць мяне ў парламент і не пусцілі. Трэба працаваць над тым, што абяцаеш, любымі метадамі.

І гэты метад, які мы выкарыстоўваем сёння — ён абсалютна прававы. Мы не парушаем закон.

Ды і ўвогуле, Дэкрэт №3 — вярхушка айсберга. Усё ідзе адно за адным, пачынаючы з выбараў. Мы не выбіралі тых дэпутатаў, іх прызначылі. І таму яны падпішуць любы закон: сёння «дэкрэт аб дармаедах», заўтра яшчэ які-небудзь. Яны ўжо задушылі іпэшнікаў.

Да мяне прыязджалі сябры з Германіі, пытаюцца: «А якія датацыі? Як дзяржава падтрымлівае?» Я смяюся, кажу — пра што вы? Яны былі ў шоку.

«НН»: А самі вы адкуль?

АК: Нарадзіўся ў Віцебскай вобласці, пасля жыў у Баранавічах. Затым пазнаёміўся з жанчынай адсюль, ажаніўся і пераехаў у Бярозу. Працаваў тут трэнерам — адзінаборствы. У тым ліку і міліцыю трэніраваў.

«НН»: А цяпер яны вас скручваюць на акцыях?

АК: Ну, яны з павагай да мяне ставяцца. Каб дубінкай ударылі ці штосьці такое — не было ніколі.

«Трайпл» нагрэў мяне на 50 тысяч даляраў»

«НН»: Як сталі фермерам?

АК: Гэтым я заняўся не так даўно, гадоў з пяць таму.

Да гэтага вось, трэніраваў. Пасля быў у Маскве, меў сваю будаўнічую фірму. А ў 2008 годзе штосьці расчараваўся ў гэтым горадзе — грошы там зарабляюцца лёгка, але жыць там немагчыма. І вярнуўся ў Беларусь.

«НН»: А чаму вас панесла ў палітыку?

АК: Гэта асабістае. Доўгая гісторыя…

«НН»: Ну падзяліцеся, калі не сакрэт.

АК: Працаваў я з такой кампаніяй «Трайпл»… І мяне «нагрэлі» на 50 тысяч даляраў.

«НН»: Гэта як?

АК: Я прыехаў з Масквы і будаваў прэзідэнцкую рэзідэнцыю ў Пушчы. Там складаная схема, але «Трайпл» быў накшталт інвестара, яны ўкладвалі грошы, перадавалі адміністрацыі Белавежскай Пушчы, і тая ўжо была заказчыкам. І ў мяне там быў будаўнічы падрад, каля 50—60 чалавек працавала.

І вось, з намі не разлічыліся, плюс спрабавалі крымінальную справу яшчэ распачаць… Я быў у шоку. Як гэта так, на прэзідэнцкім аб’екце такое адбываецца?

Доўга адыходзіў ад гэтага. У мяне было некалькі аб’ектаў — у Пушчы тая рэзідэнцыя, а ў Магілёве будавалі нейкаму прафесару дом. Там з людзьмі таксама не разлічыліся і хтосьці дом падпаліў. Ён не згарэў, падпалілі, каб напалохаць… Імітацыя. І гэты падпал хацелі на мяне павесіць, я ледзь выкруціўся з гэтага ўсяго.

І зразумеў, што адбываецца штосьці не тое. Пачаў чытаць, выйшаў на Аб’яднаную грамадзянскую партыю, з’ездзіў да іх, пагаварыў, паглядзеў на людзей… Мне падабаецца той жа Раманчук, ідэі яго. Ну і так я да іх прыйшоў. Напісаў заяву, спачатку быў даволі пасіўным, пасля больш актыўным… Ну і пайшло.

«НН»: А на прэзідэнцкіх выбарах за каго галасавалі?

АК: Не ўдзельнічаў увогуле. Прынцыпова.

«НН»: Караткевіч не падабаецца?

АК: Не.

«У нас сёння не адліга»

«НН»: На Дзень Волі ў Мінск прыедзеце на акцыю?

АК: Так, вядома. Бо трэба, каб дэкрэт быў адменены, а не замарожаны. Гэта першае. Другое — чыноўнікі, якія яго рыхтавалі… Яны працавалі над ім год. Елі народныя грошы. Гэтых чыноўнікаў трэба прыцягнуць да адказнасці, так проста адпускаць іх нельга. Вось слесар на заводзе, калі сапсаваў дэталь — у яго вылічаць з заробку за яе, пакараюць. А чыноўнікі штосьці абы-якое робяць і ні за што не адказваюць.

«НН»: Але давайце будзем шчырымі: дамагчыся, каб у нашай краіне прыцягнулі чыноўнікаў да адказнасці… Гэта фантастыка.

АК: Я скажу так: год таму было фантастыкай нават замарозіць Дэкрэт. І калі людзі павераць у свае сілы, што яны могуць дамагчыся — то гэта не будзе фантастыкай.

«НН»: Дык а што ў нас сёння — адліга атрымліваецца? Дэкрэт замарозілі, у Курапатах будоўлю спынілі…

АК: Гэта не адліга. Гэта вельмі дрэнная эканамічная сітуацыя. Наш урад проста паводзіць сябе асцярожна, бо трэба з Еўропай неяк кантактаваць. Еўропа не зразумее, калі зноў пойдуць тут дубінкі, кайданкі і гэтак далей. А Расія ж — што там нядаўна сказаў Мядзведзеў? «Хопіць нас шантажаваць», так? У іх сітуацыя вельмі складаная і без нас.

Але ж нельга забывацца, што нашая дзяржава можа рэпрэсіі вярнуць у любы момант. Калі тая ж Расія скажа, маўляў, добра, вось вам грошы — то панясецца.

«НН»: Але ж акцыі ўсё роўна варта рабіць?

АК: Галоўнае, чаго мы можам дамагчыся акцыямі — зменаў у выбарчым заканадаўстве. Напрыклад, прыбраць датэрміновае галасаванне.

«НН»: То бок паступова вы плануеце перайсці да іншых акцый, накіраваных на іншыя мэты?

АК: Вядома. Бо Дэкрэт — прадукт нашых дэпутатаў. І ён яшчэ не самае галоўнае. Заўтра-паслязаўтра прыдумаюць яшчэ што. У бюджэце праблемы, грошы шукаць трэба. Адмена дэкрэта праблемы не вырашыць.

Глядзіце, у нас тут у Бярозе два прадпрыемствы закрываюцца: «Цеплапрыборы» і маторарамонтны завод. Хутка, напэўна, будуць скарачэнні нават на масласырзаводзе.

Улада не ўмее ствараць працоўныя месцы, вось у чым праблема. Па іх законах сёння інвестары сюды не пайдуць. А грошай у краіны няма. Замкнёнае кола.

Людзі ж, большасць, «дармаедскі падатак» не плацілі.

Але есці людзям трэба. У Расію не паедзеш, сёння там такіх заробкаў, як раней, няма.

І як змяніць штосьці ў такіх умовах? Калі вы кажаце, што дэпутатаў не выбіраюць, то трэба сваё браць на вуліцах, так?

Каб улада дала выразны сігнал, што гатовая да перамоў… але не, у нас прывык гаварыць адзін чалавек. І ён прывык, што яго трэба слухаць. Ён не гатовы, што хтосьці прыйдзе і скажа, маўляў, ты робіш няправільна. Для яго тое будзе як персанальная абраза.

Дык вось, калі ўлада дае выразны сігнал, што давайце праблемы разам абмяркоўваць і вырашаць, то не будзе ніякіх Маршаў. Але трэба запрашаць на такія абмеркаванні не Мясніковіча, не Пракаповіча, трэба запрашаць сапраўдных прадпрымальнікаў. І іх прапановы прымаць. Не ўпірацца, а прымаць. Вось тое будзе сігналам.

«НН»: Ну добра, пакуль выходзіце на вуліцу. Але і ўлада пакуль дазваляе выходзіць. Калі пачнуць разганяць, ці саджаць на суткі масава — людзі проста не выйдуць у наступны раз.

АК: Так. Таму я лічу, што вулічныя акцыі павінны прайсці па ўсіх гарадах. Павінны быць без правакацый. Людзі павінны выказаць сваё меркаванне. Яны маюць права выйсці ў цэнтр свайго горада і сказаць, чаго яны хочуць. Гэта не разгойдванне лодкі. Разгойдванне — гэта калі людзі змагаюцца за свае правы, а ўлада супраціўляецца ім. Урад жа выбіраюць, каб ён працаваў на карысць людзей. А наш урад сеў там і працуе на сваю карысць.

У рабочага колькі сёння заробак? Хай чыноўнікі атрымліваюць сярэдні заробак па краіне, прывяжам іх зарплату. Тады яны будуць зацікаўленыя ў яго павышэнні.

І калі вынікаў няма, то чыноўнікам не трэба кагосьці вінаваціць. Вы ж і сядзіце там ва ўрадзе. І калі штосьці ідзе не так — то гэта вашая віна.

Так што павінен быць ці стол перамоў, такі сапраўдны… Але ж я не бачу аніякага руху ў гэтым кірунку з боку ўлады…

«НН»: Ці?

АК: Ці вуліца.

«НН»: А калі вас закрыюць на суткі? Ці нават не на суткі, а на гады?

АК: У мяне філасофскі погляд на жыццё. Што павінна здарыцца, тое і здарыцца.

«НН»: А дзеці, жонка? Як ставяцца да таго, што вы робіце?

АК: Ну… з жонкай ёсць пэўныя моманты. Па-першае, яна працуе на дзяржаўнай працы, у бальніцы… А па-другое, ёй няпроста, вядома, там кожны грукат у дзверы — а хіба гэта па мяне прыйшлі?..

А сын не бачыць перспектыў у гэтай краіне. Ён ужо дарослы, скончыў універсітэт. І хоча з’ехаць за мяжу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?