На «марш недармаедаў» у Маладзечне сабралася да 1000 чалавек. Акцыя стала тэстам, ці задаволіла людзей прыпыненне дэкрэта №3. Удзельнікі акцыі запатрабавалі поўнай адмены дэкрэта.

Да людзей на плошчы выйшаў старшыня райвыканкама Яхнавец, які прапанаваў дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у будынак выканкама.

Людзі ў адказ запатрабавалі, каб выключыў гукаўзмацняльнікі, праз якія ішло папярэджанне МНС пра пажары.

Яхнавец у выніку сышоў. Людзі пачалі крычаць «Ганьба», а затым прайшлі шэсцем па вуліцы Прытыцкага да будынка падатковай інспекцыі, дзе на дзвярах прыклеілі рэзалюцыю з патрабаваннем адмяніць дэкрэт. «Нам трэба датэрмінова правесці выбары! А каб правесці чэсныя выбары, трэба памяняць Цэнтрвыбаркам, Ярмошыну», — сказаў карэспандэнтам адзін з удзельнікаў шэсця, прадпрымальнік Аляксандр.

Па ацэнках праваабаронцаў, у мітынгу на плошчы ўзялі ўдзел 500 чалавек, у шэсці — да 1000 чалавек.

Людзі скандавалі «Жыве Беларусь!» і «Уладу — народу!».

Ніколі раней у Маладзечне не праходзіла такіх масавых акцый пратэсту. 

Напярэдадні на плошчы паставілі агароджы, але сёння іх знялі.

Сёння днём на плошчы мянялі плітку

У лютым-сакавіку аналагічныя акцыі пракаціліся па гарадах Беларусі.

Напярэдадні Лукашэнка, фактычна, прыпыніў дзеянне дэкрэта №3 на год. Грамадскія дзеячы заявілі, што патрабуюць поўнай адмены дэкрэта. Акцыя ў Маладзечне можа паказаць, ці задаволіла людзей прыпыненне дэкрэта ці яны настроеныя пратэставаць далей.

У Маладзечне дазволу на мітынг ніхто не прасіў, акцыя пройдзе ў форме народнага сходу.

У суботу аналагічная акцыя павінна прайсці ў Пінску (12:00), у нядзелю — у Бабруйску, Оршы і Рагачове. 15 сакавіка запланаваны Марш недармаедаў у Мінску. Мінгарвыканкам даў дазвол на шэсце, але адправіў па звыклым маршруце ад Акадэміі навук да Бангалор. Арганізатары заявілі, што будуць прымаць рашэнне непасрэдна на месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?