Бясплатныя экскурсіі па Беларусі пройдуць 22 і 23 красавіка падчас «Фэсту экскурсаводаў-2017». Такая інфармацыя размешчанаz на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме, паведамляе БЕЛТА.

Спіс экскурсій будзе апублікаваны за тыдзень да мерапрыемства. Традыцыйна арганізатары прысвячаюць фестываль канкрэтнай нагодзе або асобным катэгорыям помнікаў. Цяперашняе мерапрыемства пройдзе пад дэвізам «Складзі свой маршрут». Арганізатары заклікаюць ахвотных скласці ў бліжэйшы час цікавыя маршруты для сваіх падарожжаў і здзейсніць іх. Са свайго боку арганізатары прапануюць незвычайныя аб'екты, якія могуць увайсці ў гэты пералік.

Сёлета стваральнікі фэсту не ставяць за мэту павялічыць колькасць бясплатных экскурсій, але будуць больш пільна адсочваць іх якасць. Так, плануецца правесці максімальную колькасць арыгінальных аўтарскіх экскурсій, на якія можна трапіць толькі падчас «Фэсту экскурсаводаў». Плануецца, што 22 і 23 красавіка таксама адбудуцца бясплатныя экскурсіі па беларускіх мясцінах Вільні, Масквы і ўпершыню — Кракава.

Аргкамітэт запрашае экскурсаводаў, гісторыкаў-краязнаўцаў далучыцца да мерапрыемства. Для ўдзелу неабходна падаць заяўку, больш падрабязную інфармацыю можна даведацца, звязаўшыся з арганізатарамі па электроннай пошце [email protected].

«Фэст экскурсаводаў» праводзіцца ў Беларусі з 2009 года. Ён прысвечаны Міжнароднаму дню помнікаў і гістарычных месцаў (Дзень сусветнай спадчыны), які адзначаецца 18 красавіка. З кожным годам ён папаўняецца новымі цікавымі маршрутамі — падчас фестывалю праводзіліся тэатралізаваныя экскурсіі, экскурсіі ў электрычках, на ўседарожніках, па прамысловых прадпрыемствах і шэраг іншых. У 2016 годзе было арганізавана больш за 100 экскурсій па Мінску і больш за 80 у рэгіёнах, якія наведалі звыш за 4 тысячы чалавек. Традыцыйна арганізоўваюцца экскурсіі на некалькіх мовах.

Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Беларускі камітэт міжнароднага савета па помніках і гістарычных мясцінах (ІКАМОС), Беларускае грамадскае аб'яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме», грамадскае аб'яднанне «Беларускі фонд культуры».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0