Для сталічных медработнікаў плануюць узвесці даступнае па коштах жыллё, паведаміў агенцтву «Мінск-Навіны» старшыня Мінскага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Георгій Будрэвіч.
«Мы цяпер шчыльна працуем з будаўнічымі арганізацыямі, вывучаем прапановы, — адзначыў Будрэвіч. — Плануем пабудаваць жыллё для мінскіх медыкаў па прымальных цэнах. Гэта значыць, каб медработнік змог пабудаваць сабе кватэру па сабекошце. У цяперашні час у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць каля 3 тысяч медыкаў, якія працуюць ва ўстановах аховы здароўя сталіцы».
Таксама Будрэвіч сказаў, што прыкладна да сярэдзіны лета 2017-га будзе гатова праектна-каштарысная дакументацыя па будаўніцтве інтэрната для медработнікаў на вул. Выгоцкага (Цэнтральны раён).
«Па праекце будынак інтэрната будзе 10-павярховым, аднапад'ездным, — удакладніў ён. — Інтэрнат будзе сямейнага тыпу на 100 кватэр».