Вытворцы мясных вырабаў дамагліся толькі адтэрміноўкі ўвядзеньня новых стандартаў вырабу кілбасы.

Зь 1 жніўня ва Ўкраіне мусілі ўступіць у сілу новыя стандарты, якія б жорстка рэглямэнтавалі колькасьць мяса, вады, тлушчу і дадаткаў у мясных вырабах, паведамляе партал «Дело». Так, паводле новых правілаў, кілбаса вышэйшага гатунку павінна на 100% складацца зь мяса, першага гатунку — не менш чым на 80%. Аднак украінскія вытворцы мясных вырабаў заявілі, што не гатовыя да працы па новых правілах ды прыгразілі падвышэньнем цэнаў на харчовыя прадукты. Гэта падзейнічала і Міністэрства эканомікі ў чацьверты раз адклала ўвядзеньне новых стандартаў вырабу кілбасы. Такім чынам, есьці кілбасы, што на 80% складаюцца з соі, крухмалу ды іншых дадаткаў, украінцам давядзецца да красавіка 2009 году.

Прыхільнікі новых стандартаў кажуць, што вытворцы папросту не пасьпелі выкарыстаць старыя запасы соі. Гучаць таксама закіды наконт выкарыстаньня мадыфікаванай соі, пра што спажыўцы ў большасьці выпадкаў не папярэджваюцца.

Паводле «Дело»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0