Першай справай не самалёты

 Да паваротнага моманту ў сваім жыцці Вячаслаў працаваў у Мінску інжынерам: пасля заканчэння палітэхнічнага інстытута па спецыяльнасці «металазнаўства» спачатку — у Аб'яднанні парашковай металургіі, у 1988-м паступіў у аспірантуру Акадэміі навук, дзе прыкладваў з калегамі ўсе намаганні, каб знізіць вагу савецкіх самалётаў. Калі разваліўся Савецкі Саюз, большасці стала не да авіяцыі: наступілі галодныя 90-я гады.

 «Добра, калі інжынер у тыя часы атрымліваў 10-20 даляраў. На гэтыя грошы пражыць было немагчыма, але самае горшае, што, на жаль, я не бачыў ніякіх перспектыў на будучыню», — успамінае Вячаслаў.

 Яны прадалі трохпакаёўку на Паўднёвым Захадзе за 15 тысяч даляраў, і разам з жонкай Віялетай, якая тады працавала карэктаркай у газеце, і малымі дочкамі Камілай і Дамінікай перабраліся ў Таронта.

 «Ду ю спік інгліш?»

 «Чаму менавіта Канада? Краіна праводзіла вельмі лаяльную да эмігрантаў палітыку. Нават з не самай добрай англійскай мовай можна было разлічваць на тое, што ўдасца атрымаць працу. Логіка простая: эмігранты — гэта дзяржаўны бізнес. Сям’я з чатырох чалавек павінна была ўнесці мінімальны эмігранцкі дэпазіт у 10 тысяч даляраў, і гэтыя грошы мы, так ці інакш, пакідалі ў іх краіне. У нашым выпадку, шчыра кажучы, яны вельмі хутка праеліся».

Вячаслаў прыгадвае, што ў 90-я ў Беларусі складана было знайсці добрага рэпетытара па англійскай мове. На вечаровыя курсы пры Інстытуце замежных моваў, куды ён запісаўся, настаўнік часта прыходзіў п’яны і адкрытым тэкстам тлумачыў, што яму ад гэтай працы амаль ніякай выгады няма (вось калі б плацілі непасрэдна яму, дык тады быў бы ўзровень). У Канадзе таксама было складана вучыцца: дзень займала праца, а ўвечары ўвагі патрабавалі дзяўчынкі.

«Канадскія настаўнікі ў школе англійскай мовы для новых імігрантаў нас суцяшалі: «Вы ўсім авалодаеце, калі пачняце стала працаваць». Але, калі ты ўладкоўваешся ў пралетарскае асяроддзе, сапраўднай ангельскай навучыцца немагчыма, бо там інтэрнацыянал: італьянцы на італьянскай шпараць, лацінасы на іспанскай, кітайцы — на сваёй мове. Я і цяпер не магу сказаць, што добра авалодаў замежнай мовай, бо працаваў то будаўніком, то зваршчыкам, то слесарам».

Куды лягчэй мову схапілі дочкі: у Таронта яны сталі выдатніцамі. Добрая практыка была і ў жонкі: нягледзячы на тое, што спачатку на яе акцэнт нават скардзіліся наведнікі грамадскага цэнтру, дзе яна падпрацоўвала некалькі гадзін у дзень, Віялета з часам падцягнула англійскую і атрымала пасаду медыцынскай сакратаркі.

 «Тут таксама шмат праблем з працай»

 З пачатку снежня Вячаслаў зноў афіцыйна беспрацоўны. Чаму зноў? Таму што мясцовым невялікім будаўнічым канторам уласціва прыпыняць працу не ў сезон: «Гэта толькі ў нас у Беларусі да гэтага часу могуць класці асфальт у дождж. Там ніхто не будзе займацца такім позняй восенню ці зімой. Прадпрыемствы на гэты час зачыняюцца, скарачаючы былых супрацоўнікаў. Мой асабісты рэкорд — гэта 3,5 гады ў адной кампаніі. Але калі працы няма, у Канадзе хаця б можна падацца на беспрацоўе, і знаходзіцца ў такім статусе год. Дапамога па беспрацоўі складае 55 працэнтаў ад заробку, але не можа перавышаць 780 даляраў за два тыдні».

Вячаслаў на працы, 2008 год.

Вячаслаў на працы, 2008 год.

Вячаслаў прызнае, што ў Канадзе хапае сваіх праблемаў. Напрыклад, шматузроўневая бюракратычная сістэма прыводзіць да таго, што любыя змены патрабуюць працяглага часу, нават састарэлыя законы і правілы не так лёгка скасаваць. Але для Канады, якая штогод прымае больш за 100 тысяч афіцыйных новых імігрантаў, гэта можна лічыць і станоўчым фактарам.

Беларусы ў Таронта

«Пасляваенныя эмігранты з Беларусі ў 1948 годзе заклалі Згуртаванне беларусаў Канады, а ў канцы пяцідзясятых купілі цяперашні будынак Беларускага грамадска-рэлігійнага цэнтра. Тут вось ужо 16 гадоў мая жонка кіруе фальклорным гуртом «Яваровы людзі». Паўтара года таму, па ініцыятыве Ірыны Тоўсцік, у нас пачаліся курсы «Мова Нанова» — з'ява цяпер вельмі папулярная: штомесяц збірае не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, рускіх, часам завітваюць і англамоўныя госці».

Фальклорны гурт «Яваровы людзі», якім кіруе Віялета Кавалёва.

Фальклорны гурт «Яваровы людзі», якім кіруе Віялета Кавалёва.

А яшчэ ў канадскіх беларусаў ёсць летняя база адпачынку «Слуцак», якая знаходзіцца на адным з азёраў за 250 км на поўнач ад Таронта, і менавіта там «Яваровы людзі» штогод ладзяць Купалле (не выключана, што цяпер гэта самае масавае святкаванне Купалля ў Паўночнай Амерыцы). Увесь той азёрны раён, які атрымаў назву «краіна катэджаў», увогуле з’яўляецца вельмі папулярным у жыхароў Таронта: летам тэмпература там куды ніжэй, чым у паўднёвай частцы Антарыё, дзе звычайна сапраўднае пекла і саўна.

Святкаванне Купалля.

Святкаванне Купалля.

Нягледзячы на шматгадовую культурна-асветніцкую дзейнасць Згуртавання беларусаў Канады, аб’яднаць усіх суайчыннікаў наўрад ці магчыма — занадта розныя ў іх погляды.

Спадар Вячаслаў адзначае, што яшчэ да пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне беларусы Канады былі падзеленыя на два лагеры (нацыянальна свядомая частка і прыхільнікі дзейнай беларускай улады), і ўкраінскія падзеі абвастрылі гэты падзел.

Што кінулася ў вочы на Радзіме?

«Калі ў 2011 годзе, прыехаўшы ў Беларусь, я яшчэ сустракаўся з некалькімі «прапагандонамі», якія пыталіся ўпэўніць мяне ў беларускім росквіце, то цяпер амаль не. Я не эканамічны эксперт, але я бачу закінутыя заводы з забітымі вокнамі, якія стаяць, быццам прывіды з мінулага стагоддзя. Мае знаёмыя расказваюць, што ў Інстытуце парашковай металургіі засталіся усяго дзве лабараторыі, якія маюць працу і сталых заказчыкаў, у Інстытуце зваркі і ахоўных пакрыццяў скарацілі апошняга пастаяннага зваршчыка…».

«Я бачу, што людзі сталі жыць горш, нават у Мінску. Чую заклапочанасць беларусаў наконт магчымай расійскай агрэсіі… Але разам з тым выразна бачу частку актыўных, культурных людзей, якую не спыняе дзяржаўная прапаганда, і іх смела можна назваць грамадствам. Гэта добры знак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?