Еўрапейскія працадаўцы маюць права забараняць супрацоўніцам насіць мусульманскія галаўныя хусткі на працоўным месцы, пастанавіў Еўрапейскі суд у Люксембургу, вышэйшая судовая інстанцыя Еўрасаюза. Гэта першае яго рашэнне пра дэманстрацыю рэлігійных сімвалаў на працоўным месцы. Рашэнні Еўрапейскага суда абскарджанню не падлягаюць, піша ВВС.

«Увядзенне ўнутранага распарадку, які забараняе нашэнне бачных атрыбутаў, што паказваюць палітычныя, рэлігійныя або філасофскія погляды, не з'яўляецца наўпростай дыскрымінацыяй», — гаворыцца ў рашэнні суда.

Пры гэтым калі ў кампаніі няма забароны на нашэнне рэлігійных атрыбутаў, то патуранне кліентам, якія не жадаюць, каб іх абслугоўвалі работнікі ў хіджабах, ужо будзе з'яўляцца дыскрымінацыяй з боку працадаўцы, пастанавіў суд.

Падставай для судовага разбору стаў пазоў жыхаркі Бельгіі Саміры Ашбіты, якая працавала сакратаркай у адной з мясцовых кампаній, пакуль яе не звольнілі за з'яўленне на працы ў мусульманскай галаўной хустцы. Ашбіта палічыла, што яе правы былі парушаныя і падала пазоў.

У шэрагу еўрапейскіх краін у грамадскіх месцах забароненае мусульманскае адзенне, якое закрывае твар. Летась у Францыі забаранілі купальнікі «буркіні», якія закрываюць усё цела.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?