Беларуская нацыянальная платформа ФГС Усходняга партнёрства 14 сакавіка прыняла Зварот з нагоды рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту ў Беларусі (ніжэй — тэкст Звароту):

Ураду Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйнаму суду Рэспублікі Беларус
Вярхоўнаму суду Рэспублікі Беларусь
Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Міністэрству ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь

Копіі:

Прадстаўніцтву ЕС у Рэспубліцы Беларусь
Упраўленню Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека
Бюро Міжнароднай арганізацыі працы

Зварот Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

У сувязі з рэпрэсіўнымі дзеяннямі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстных акцый у розных гарадах Беларусі Мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь, аб'яднаныя ў рамках Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, выказваем сваё глыбокае абурэнне і непрыманне рэпрэсіўных дзеянняў службовых асоб і сілавых структур Рэспублікі Беларусь, звязаных з затрыманнямі і пакараннямі ўдзельнікаў шматлікіх мірных пратэстных акцый у розных гарадах нашай краіны.

У апошнія тыдні па нашай краіне ідуць масавыя мірныя пратэсты грамадзян, звязаныя з сумна вядомым Дэкрэтам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 (далей па тэксце — Дэкрэт № 3) «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», які сярод людзей атрымаў гучную назву «дэкрэт аб дармаедстве». Пратэсты, якія адбываюцца, носяць выключна мірны характар, не парушаюць правапарадак, не ўяўляюць пагрозы нацыянальнай бяспецы, маральнасці, правам і здароўю іншых грамадзян. Карані дадзеных пратэстных дзеянняў грамадзян нашай краіны, якія прадстаўляюць самыя розныя сацыяльныя пласты і групы, відавочна заключаюцца ў істотным пагаршэнні эканамічнага становішча людзей, а таксама ў дыскрымінацыйным і зневажальным характары самога Дэкрэта №3.

У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з артыкулам 41 Канстытуцыі «прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы». Згодна з артыкулам 33 Канстытуцыі «кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца». Артыкул 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кажа пра тое, што «свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай».

Нягледзячы на палажэнні Канстытуцыі, якія з'яўляюцца абавязковымі нормамі прамога дзеяння, у шэрагу гарадоў Рэспублікі Беларусь у апошні тыдзень прайшлі масавыя адвольныя затрыманні пратэстуючых грамадзян, грамадскіх актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, а таксама журналістаў, якія асвятляюць грамадска значныя падзеі. Гэтыя затрыманні праходзілі неправамерна: без прадстаўлення з боку затрымліваючых асоб, з неабгрунтавана грубым ужываннем фізічнай сілы. З боку сілавых структур рэгулярна мае месца непрымальная практыка прэвентыўных затрыманняў і «хатніх арыштаў» грамадскіх актывістаў у розных гарадах. Зафіксаваныя факты ператрусаў у прыватных памяшканнях і офісах палітычных сіл і няўрадавых арганізацый. Многія з пратэстуючых па рашэнні мясцовых судовых органаў атрымалі пакаранне ў выглядзе штрафаў і пазбаўлення волі, фактычна за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду сходаў і за прафесійную дзейнасць.

Дадзеныя дзеянні беларускіх уладаў надзвычай абвастраюць сацыяльную напружанасць, носяць рэпрэсіўны характар і істотна аддаляюць беларускае грамадства ад магчымасці канструктыўнага публічнага дыялогу па пытаннях сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Замест таго, каб звярнуць увагу на зыходныя прычыны пратэстаў, наладзіць камунікацыю з рознымі групамі інтарэсаў у беларускім грамадстве з мэтай пошуку ўзаемавыгадных рашэнняў, улады краіны абралі шлях падаўлення незадаволенасці грамадзян. Такі падыход не спрыяе ўмацаванню ў нашым грамадстве атмасферы стабільнасці, бяспекі, даверу і павагі.

Мы звяртаем асаблівую ўвагу, што апісаныя вышэй рэпрэсіўныя дзеянні наносяць сур'ёзны ўрон нядаўна адноўленаму працэсу нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін. Каштоўнасці свабоды слова, свабоды выказвання меркавання, правоў чалавека, канструктыўнага грамадскага дыялогу, уліку меркаванняў і інтарэсаў грамадзян з'яўляюцца безумоўнымі для еўрапейскіх краін. Павага да гэтых каштоўнасцей ўжо шмат гадоў з'яўляецца абавязковым закладам магчымых ўзаемавыгадных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам.

Мы заклікаем кампетэнтныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь:

1. Неадкладна адмовіцца ад практыкі рэпрэсіўных мер у дачыненні да грамадзян, у тым ліку грамадскіх актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія мірна выказваюць свой пратэст.

2. Выявіць адказных за парушэнні канстытуцыйных правоў грамадзян і прыцягнуць іх да адказнасці, устаноўленай заканадаўствам. Прыняць меры па недапушчэнні ў будучыні парушэнняў канстытуцыйных правоў грамадзян і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды выказвання меркаванняў, сходаў, слова.

3. Спыніць затрыманні і іншыя меры, накіраваныя на перашкоду ў прафесійнай дзейнасці журналістам і незалежным СМІ.

4. У самыя кароткія тэрміны вызваліць усіх арыштаваных і затрыманых з нагоды мірных выступаў у сувязі з Дэкрэтам №3, а таксама апратэставаць судовыя пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў дачыненні да гэтых людзей.

5. Адмяніць Дэкрэт №3, як неадпавядаючы канстытуцыйным правам беларускіх грамадзян і беларускаму заканадаўству.

6. Усталяваць месца і фармат дыялогу прадстаўнікоў улады, працадаўцаў, прафсаюзаў і грамадзянскай супольнасці для вырашэння праблем беспрацоўя і забеспячэння асноўных канстытуцыйных, у тым ліку сацыяльна-эканамічных, правоў. Адказна прыступіць да такога дыялогу, забяспечыўшы паўнавартасны ўдзел усіх зацікаўленых бакоў.

Толькі разам, праз мірны канструктыўны дыялог мы зможам выйсці са складанага сацыяльна-эканамічнага, палітыка-прававога крызісу на карысць беларускага народа, у імя еўрапейскай будучыні Рэспублікі Беларусь!

Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства аб'ядноўвае больш за 70-ці беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0