15.03.2017 / 17:21

Быў у «Славянскім саборы», зрабіў Шушкевіча дэпутатам: пяць фактаў пра Усевалада Янчэўскага 21

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Усевалада Янчэўскага дырэктарам Адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій. Да гэтага Усевалад на працягу дзевяці гадоў займаў пасаду памочніка прэзідэнта па пытаннях ідэалогіі.

«Наша Ніва» згадвае старонкі біяграфіі аднаго з самых прагрэсіўных і самых асцярожных беларускіх чыноўнікаў.

bymedia.net

Выхадзец з «Славянскага сабору»

Усевалад Янчэўскі нарадзіўся ў 1976 годзе ў Барысаве. Увагу да сябе ён стаў прыцягваць яшчэ школьнікам. У 1992 годзе ў газеце «Рэспубліка» з’явіўся паласны ліст з прыпіскай ад рэдактара «Хіба не цікава, што 16-гадовы чалавек думае пра наш час?» Янчэўскі сумаваў аб распадзе Савецкага саюза: «Воляй лёсу мы аказаліся юрыдычна і палітычна ізаляваныя ад Расіі», але аўтар спадзяецца, што гэты разрыў часовы. Было там і пра жаданне нацыянал-дэмакратаў прывесці Беларусь «у пагібельную залежнасць ад Захаду».

Усевалад стаў актывістам партыі Славянскі сабор «Белая Русь». Той самай, куды ўваходзілі Сяргей Касцян, Юрый Азаронак і іншыя адыёзныя людзі. Сцяг партыі быў чорна-жоўта-белы, як у расійскіх манархістаў. Яе ліквідавалі ў 1999 годзе. Партыя стаяла на ідэях агульнарускага адзінства.

На выбарах 1994 года Славянскі сабор «Белая Русь» падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, Янчэўскі становіцца даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты. У гэты час ён пачынае адыходзіць ад ідэй славянства.

Зрабіў Станіслава Шушкевіча дэпутатам

На выбарах у Вярхоўны Савет у 1995 годзе Усевалад Янчэўскі нечакана становіцца кіраўніком выбарчага штабу Станіслава Шушкевіча.

«Гэта спрытны і адукаваны чалавек. Шкоды ён мне не нарабіў, таму нічога кепскага пра яго сказаць не магу, — кажа Станіслаў Шушкевіч для «НН». — У мяне ёсць слабасць: я люблю таленавітых, працавітых і прафесіянальных людзей. І не корпаюся ў іх паходжанні, сямейных адносінах і г.д. Янчэўскі зрабіў мяне дэпутатам. Помню, што ён рабіў часопіс «Планета». Някепска рабіў, скажам прама. Пасля тых падзей сярэдзіны 1990-х я з ім ніколі не кантактаваў».

На тых выбарах у Вярхоўны савет яшчэ перамагалі дэмакраты — Станіслаў Шушкевіч, Станіслаў Багданкевіч, Андрэй Клімаў і іншыя.

Процідзейнічаў апазіцыі, узначаліў «лукамол»

Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, то Янчэўскі заснаваў арганізацыю «Прамое дзеянне». Некаторыя гісторыкі называюць галоўнай мэтай гэтай арганізацыі супрацьдзеянне вулічным акцыям апазіцыі. Фактычна гэта была адзіная арганізацыя, якая была неяк здольная на вулічныя выступы. Кажуць, што для ў дакументах для ўнутранага карыстання Янчэўскі нават лічыўся кіраўніком «Прамога дзеяння».

Напрыканцы 1990-х адбываецца знакавая падзея для Янчэўскага — знаёмства са старэйшым сынам кіраўніка краіны Віктарам. У той час яны разам вучыліся ў БДУ на факультэце міжнародных адносін. Кажуць, што ўзвышэнне Усевалада якраз і звязанае з постаццю Віктара.

Менавіта тады палічылі, што Янчэўскі можа добра справіцца з моладдзю. Асабліва выйгрышна ён глядзеўся на фоне аморфнага Беларускага саюза моладзі. Пачынаецца стварэнне масавай моладзевай арганізацыі «Беларускі патрыятычны саюз моладзі», які і ўзначальвае Янчэўскі. У народзе гэтую структуру назавуць «лукамол» за безумоўную падтрымку кіраўніка краіны.

grodnonews.by

Малады дэпутат і рэдактар

Янчэўскаму ўсяго 24 гады, а ён ужо становіцца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У 2000 годзе ён абіраецца па Слуцкай выбарчай акрузе, тыя выбары байкатавала апазіцыя.

«У Слуцку да гэтай пары памятаюць глянцавыя паштоўкі, якія дэпутат дасылаў да 8 Сакавіка ўсім жанчынам горада, а на святочных канцэртах у мясцовым ДК кожнай даме ён дарыў гваздзік», — пісала пра Янчэўскага gazetaby.com.

У 2005 годзе Янчэўскага прызначаюць галоўным рэдактарам часопіса «Планета», у якім бэсціліся сусветныя змовы, крытыкавалася Аранжавая рэвалюцыя, хапала крытыкі беларускай апазіцыі. Часопіс быў разлічаны на міжнародную тэматыку.

Нават пасля сыходу Янчэўскі яшчэ доўгі час курыраваў выданне, прымаў важныя рашэнне па рэдакцыйнай палітыцы.

Курыраваў інтэрнэт

У красавіку 2008 года Янчэўскі быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па пытаннях ідэалогіі. Ён перажыў у Адміністрацыі прэзідэнта Нявыгласа, Макея, Кабякова, Косінца. Можна сказаць, што Янчэўскі быў адным з тых, хто найбольш доўга займаў высокую пасаду ў кіроўнай эліце. Адкуль бярэцца такі сакрэт доўгажыхарства? У асцярожнасці і інтэлекце.

Янчэўскі курыраваў інтэрнэт, Лукашэнка называў яго «назіральнікам» за інтэрнэтам. Але варта адзначыць, што пры Янчэўскім інтэрнэт быў і застаецца свабодным.

Варта адзначыць цікавы факт, што ў 2008 годзе перад вяртаннем «Нашай Нівы» і «Народнай волі» ў падпісныя каталогі і кіёскі сустрэчу з рэдактарамі праводзіў якраз Усевалад Янчэўскі. Менавіта ад яго супрацоўнікі газет даведаліся, што яны зноў будуць у дзяржаўных сістэмах распаўсюду.

Зміцер Панкавец

3
Scaner / Адказаць
15.03.2017 / 17:33
Ха-ха-ха. Яго нават Рагоравiч не вельмi пераносiу у свёй камандзе, бо ён быу нiякi.
16
Галина / Адказаць
15.03.2017 / 17:42
Разумны i таленавiты. Наш жэужык усюду паспеу.
0
Ян / Адказаць
15.03.2017 / 17:42
В рамках ваших расследований поинтересуйтесь семьёй Всеволода (родителями).
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру