У даўнія часы рэкі былі дарогамі. Чым шырэйшая плынь — тым значнейшая траса.

Тым болей на берагах месцаў для жыцця, малітвы, торгу, адпачынку. Дзвіна — М1, Дняпро — М2, Нёман — М3, Вілія ці, як яе называюць тамтэйшыя, Вялля…

Апошняя, хоць і меншая за тры згаданыя раней, але займае асаблівае месца.

Артэрыя Вялікага Княства

Басейн Віліі (прыгожае слова ёсць: Павілле) быў крывяноснай сістэмай земляў, з якіх пачалося Вялікае Княства. На Вяллі стаіць наша старажытная, супольная з літоўцамі сталіца — Вільня.

Сёння не Дзвіна, не Дняпро і не Нёман, а менавіта Вілія поіць двухмільённы Мінск. Але па-ранейшаму застаецца ў ценю: паспаліты беларус і не згадае яе ў пераліку айчынных рэк, калі запытаешся. Свіслач згадае, а Вілію-Вяллю — не.

Таму радуе кожнае, хоць частковае выпраўленне гэтай гістарычнай несправядлівасці. Як публікацыя Міхася Міхалевіча «Рыбалка на Вяллі. Даследаванне паводле манаграфіі Канстанціна Тышкевіча».

Змясціў яе альманах «Вілейскі павет», які супольна робяць краязнаўцы Сяргей Макарэвіч і Дзяніс Канецкі, выдавецтва Андрэя Янушкевіча і фонд мецэната Паўла Бераговіча «Вяртанне».

Флатылія графа Тышкевіча

Асновай даследавання стала манаграфія лагойскага графа, археолага і этнографа Канстанціна Тышкевіча «Вялля і яе берагі», выдадзеная ў Дрэздэне ў 1871.

Канстанцін Тышкевіч. 1868. Мастак А.Рэгульскі.

Каб яе скласці, Тышкевіч у 1857 флатыліяй з пяці караблёў праплыў па Віліі ад вёскі Камена пад Даўгінавам да вусця (ад вытока да Камена экспедыцыя ішла пешкі).

Флагман экспедыцыі зваўся «Марыя», на ім быў усталяваны фамільны герб Тышкевічаў. Яшчэ два судны зваліся «Ад'ютант» і «Выгода».

І яшчэ два, дапаможныя, назваў не мелі. Праўда, «Марыя» — проста як Калумбава «Санта Марыя» — падчас экспедыцыі села на мель. Давялося замяніць яе на іншы карабель.

Вілейскім рыбам і спосабам палявання на іх скрупулёзны граф прысвяціў цэлы раздзел сваёй працы. Што змянілася ад таго часу, за 160 гадоў?

Прынята лічыць, што прырода бяднее, але от іхтыяфаўна Вяллі з тых часоў узбагацілася. Як піша Міхась Міхалевіч — за кошт прамысловых рыбаў, якіх разводзіць чалавек, і малакаштоўных інвазіўных, накшталт калючкі.

Усяго ў Віліі (звесткі 2001 года) жыве 43 віды рыб. Тышкевіч у свой час налічыў 17 асноўных, праўда, палічыўшы трыма рознымі рыбамі жэраха пад мясцовымі назвамі ганец, балень і жэраспень.

Жэрах, балень, ганец, жэраспень — гэта ўсё адна і тая самая рыба.

Жэрах, балень, ганец, жэраспень — гэта ўсё адна і тая самая рыба.

Таксама Тышкевіч згадвае шчупака, акуня, ліня, ляшча, плотку, ментуза, сама, язя, вугра, галаўня, ласося, якіх можна сустрэць і сёння.

Затое тры віды рыб зніклі з Віліі цалкам: балтыйскі сіг, бялуга і выразуб.

Во такія бываюць выразубы.

Во такія бываюць выразубы.

Сённяшняя ўнікальнасць Вяллі ў тым, што гэта адзіная не загароджаная плацінамі дарога ў Беларусь для марскіх рыб, накшталт ласося.

Ёсць яшчэ далёкі кружны шлях праз Віслу ў Буг і Нараў, але тыя рэкі не пасуюць ласосю па характарыстыках.

Сёмга, рыба з сямейства ласосевых. Траплялася ў Віліі аж да вусця Нарачанкі.

Сёмга, рыба з сямейства ласосевых. Траплялася ў Віліі аж да вусця Нарачанкі.

Кумжа з ласосевых амаль вывелася ў Віліі пасля будаўніцтва вадасховішча і пагаршэння якасці вады, але цяпер зноў пачала трапляцца ў вярхоўях ракі.

Кумжа з ласосевых амаль вывелася ў Віліі пасля будаўніцтва вадасховішча і пагаршэння якасці вады, але цяпер зноў пачала трапляцца ў вярхоўях ракі.

Паводле назіранняў Тышкевіча, ласось вясной заходзіў на нераст значна вышэй за вусце Ашмянкі, а цырта (рыбец, сырць) — аж да Сосенкі,

што цяпер каля дамбы Вілейскага вадасховішча. Мясцовыя жыхары апавядалі, што аж да 1965-га цырта падымалася аж да Камена, адкуль пачынаў сваё падарожжа флот Тышкевіча. Пасля таго, як выкапалі Вілейскае вадасховішча, гэтая рыба неймавернай прагажосці, занесеная ў Чырвоныя кнігі Беларусі, Польшчы і Літвы на два дзесяцігоддзі знікла з Вяллі. Але цяпер зноў пачала нерасціцца на каменных перакатах.

Цырта (сырць, рыбец) з сямейства карпавых.

Цырта (сырць, рыбец) з сямейства карпавых.

Міхалевіч адзначае, што будаўніцтва вадасховішча зменшыла і колькасць у Віліі ракаў, з якімі было звязанае цікавае народнае павер’е. Нібыта іх мяса «станоўча ўздзейнічае на сэксуальную актыўнасць мужчын і жанчын», спрыяючы падвышэнню лібіда.

Вясковы донжуан, запрашаючы дзяўчыну на лоўлю ракаў, загадзя хаваў ва ўмоўленым месцы джэнтльменскі набор — соль, запалкі, кацялок. Калі сяброўка пагодзіцца пакаштаваць злоўленых ракаў, можна было спадзявацца на рамантычнае развіццё падзей. 

Ракі-афрадызіякі.

Ракі-афрадызіякі.

Яшчэ цікавей, чым вытрымкі з Тышкевічавых назіранняў, чытаюцца нядаўнія ўспаміны пра рыбаў і рыбалку.

Міхась Міхалевіч зрабіў вялізную працу, апытаўшы жыхароў вёсак ўздоўж Вяллі: якая рыба з ракі самая смачная, як і чым яе лавілі.

Цікава, што людзей, якія памятаюць панскія часы (не кажучы пра царскія) трапіла «на дыктафон» вобмаль. У асноўным гаварылі людзі 1950—60-х гадоў нараджэння, якія, у лепшым выпадку, пераказваюць успаміны бацькоў.

Але і з прыгадак гэтага ўжо савецкага пакалення паўстае тысячагадовая Атлантыда.

Дзівосныя рыбы з мора

У тых успамінах — разгул першабытнай стыхіі палявання, рыбацкая бравада і пахвальба.

Там самы на дзесяць пудоў, здольныя праглынуць гуся; там язі, якія могуць вырваць восці з рук рыбака, а то і самога рыбака выкінуць з чаўна; там найсмачнейшая рыба-свіння і слізкія цені вялізных «рыбаў з мора» з дзівосным ротам і галавою.

«А адзін раз злавілі не нашу, прышэдшую аднекуль, вялікую рыбу. Як тарганула ў сетку, дык я мужыку і кажу: давай на бераг. Вялікая і смачная тая рыба была, але як правільна яе завуць мы не ведалі, галава і рот у яе быў незвычайны. Мусіць была тая рыба з мора…»

Чытаеш — і ўспамінаюцца легенды Сярэднявечча:

пра ірландскіх манахаў-падарожнікаў, якія прычалілі да спячага левіяфана, палічыўшы яго востравам; пра «марскога біскупа», які выйшаў з балтыйскіх водаў і гаварыў з польскім каралём — ці не Ягайлам-Уладзіславам.

Нечакана знайшлося і рэалістычнае тлумачэнне паходжання легенд пра крылатых цмокаў, што жывуць у вадзе.

«Я яшчэ малая была. Прачнулася раніцай, выйшла з хаты — чую гвалт стаіць. Гляджу — чуць не ўся Сосенка сабралася на беразе Віліі.

Бабы — хто хрэсціцца, хто моліцца, хто лямантуе — бо па рэчцы носіцца ці то цмок, ці то чорт… А гэта ў сама вялікі каршун спікіраваў, усадзіў кіпцюры і заграз.

А сом пачаў тапіць яго. Як забілі таго сама, то на 45 кілаграм быў», — расказвала баба Вікця. І такі выпадак згаданы не адзін.

«Ён у сваім жыры распусціцца»

А якое раблезіянства пачынаецца, калі даходзіць гаворка да пытання пра найсмачнейшую рыбу!

«Даўней, як не было вадасховішча, сюды ў маі прыходзіла самая смачная рыба — свіння. От укусная рыба! Як яна ішла касякамі на нераст, дзе жарства і каменьчыкі, дык спадніцамі лавіць можна было…» 

«Лінь, карась — гэта такая более салодкая рыба. Акунь — тожа харошая. Але найболей мне нравіўся мянтуз, асабліва пячонка. Яна ў яго асабліва вялікая пад нераст…»

«Самая смачная рыба — рачны сазан. Яго трэба абычна, па-вясковаму, проста жарыць.

Яго як нажарыш, як чалавек не рыбак, а так, скажаш: «На рыбу еш», дык другі скажа: «Якая дзе рыба? Гэта ж мяса, якая рыба!» Такое мяса цёмнае.

І жэрах — укусная рыба. Яна харошая і ўкусная. А што вы думаеце, лешч не ўкусны? Калі лешч больш за тры кілаграмы, няма ўкуснейшай рыбы. Мянтуз тожа харошая рыба, касцей няма. Судакі тутака спярша былі — тожа смачныя. Вот як мы празывалі бялуга і цырта такая…

Бялуга — такая таўстая рыба, але яна з касцямі. З кілю такая, можа, крапчэй. Рыла як у свінні. Круглаватая белая рыба. А цырта — яна плоскінькая…

Але калі тушонку з яе зрабіць, то смачная. Добра скапціць. Жырная рыба, але надта касцей у ёй… Цырта і бялуга нагладка звялася, нават на зелле не знайдзеш…»

М.Міхалевіч сумняецца, якую з рыбаў меў на ўвазе Тышкевіч, калі пісаў пра бялугу: ці то класічную прэснаводную рыбу з роду бялуг (фота вышэй), ці то балтыйскага асятра (фота ніжэй). 

М.Міхалевіч сумняецца, якую з рыбаў меў на ўвазе Тышкевіч, калі пісаў пра бялугу: ці то класічную прэснаводную рыбу з роду бялуг (фота вышэй), ці то балтыйскага асятра (фота ніжэй). 

«Самая смачная рыба — гэта вугор. Вугор па расе паўзе як гадзіна. Ён на сваім жыры і распусціцца. Не трэба на патэльню ані тлушчу. Але як жарыць, трэба кожу здзіраць. Скурай вугровай раней падпяразаваліся, як каму сярэдзіна баліць…»

«Даўней цырты тут кішэла, мяшкамі бралі. Як ход, на перакаце стаіць, дык яе проста рукамі бралі.

Акуратненька так яе пагладзіў, а яна трэцца ля рук. Па бачку так, да жабраў, і ў торбу, і пайшоў далей.

Помню, мы з Бронюсем насолім, тады бяром дзесяць літраў піва і сядзем тут над Вяллёй пад яблынькай… Благадаць!»

«Палякі за рыбалку дзяўблі мазгі толькі так»

Памежныя забароны 1920—30-х, аддаванне ўчасткаў ракі ў прыватныя рукі злавалі людзей. Прыроднае неразуменне, чаму нельга лавіць, калі тысячу гадоў было можна, адчуваецца і ў словах рэспандэнтаў Міхалевіча. Даследаванне поўніцца расказамі пра дзяцей, якіх лупцавалі (а недзе і стралялі) за рыбалку польскія памежнікі, пра чалавека, які ў 1939-м, пачуўшы пра набліжэнне бальшавікоў, паляцеў не сустракаць «вызваліцеляў», а з вудамі на раку — бо польскія забароны ж касаваліся.

Але тыя забароны не выклікалі масавага абурэння і паўстання, як на Нарачы, дзе ад рыбы залежала выжыванне. Я помню аповед прабабы, як рыбакі з Мястра, Мядзела, Нарачы зімой ездзілі па акрузе на вазках, поўных мерзлай, перакладзенай саломай рыбы. Тую рыбу мянялі на хлеб. Яна і была хлебам для азёрных вёсак на беднай пясчанай зямлі.

Невераемнымі, канечне, падаюцца аповеды пра вялейскую вендэту — пакаранне смерцю тых, хто меў звычай выбіраць рыбу з чужых сетак ды экспрапрыяваць самі сеткі.

Такога зуха, нібыта, запрашалі лавіць з найлепшымі рыбакамі, вывозілі на сярэдзіну ракі, заблытвалі ў сеткі і тапілі. Усё ж рыба ў мадэрны час на Вяллі была давескам да сельскай гаспадаркі. «Я ў 14 гадоў пайшоў касіць разам з бацькам, на гэтым і скончылася мая рыба», — расказваў адзін з апытаных.

Згадаўшы пра суровыя звычаі, чапляюць павілейскія дзядзькі і тэму самагоншчыкаў, якіх за палякамі і за саветамі каралі турмой. Выйшаў у лесе выпадкова на самагонны апарат — трапляеш на цэлы дзень у рабства: маеш разам гнаць гарэлку і пасля каштаваць. Пасля гэтага робішся саўдзельнікам, і значыць не закладзеш у міліцыю. Адмовішся працаваць ля апарата — будзеш мець праблемы са здароўем.

Гэта не вайна, гэта рыбу глушаць

Звяртае на сябе ўвагу тое, што да сярэдзіны ХХ стагоддзя рыбу лавілі метадамі каменнага веку.

Вуда-алешына; леска з конскага воласу (выбіраўся спакайнейшы конь, каб не ўбрыкнуў, як будзеш дзерці волас з хваста); восці на пяць ці восем зубоў, сеткі-таптухі і трыгубіцы, лазовыя бучы, доўбня для зімовай рыбалкі (раней лёд быў празрысты, а як зрабілі вадасховішча — нічога пад ім не відаць).

Можа, таму і рыба не выводзілася, што здабывалі, як у неаліце?

Сусветныя войны далі рыбакам дынаміт, электрыфікацыя ўсёй краіны — электравуды.

Пра дынаміт запісаны характэрны анекдот: глушылі рыбу пасля вайны і выбухоўка паплыла далей, чым трэба — пад чыгуначны мост. А тут цягнік. Пачуўся выбух. Машыніст быў з прыезджых, франтавік, спыніўся за мастом і загадаў эвакуявацца — думаў, бамбёжка, Амерыка напала. Яго злавілі аж пад лесам, вярнулі і супакоілі: няма вайны, проста рыбу глушаць — тут заўсёды так.

Беларускае жыццё: спытай старэйшага чалавека хоць пра якую драбніцу — пра тую ж рыбу — і ўсё ХХ стагоддзе ўстане перад табой — і ў светлым-смешным, і ў страшным-крывавым абліччах.

* * *

Вілія — 7-я па даўжыні беларуская рака

(агульная працягласць 510 км, беларуская частка — 280 км). За яе большыя Дняпро (2145—690 км), Дзвіна (1020—328 км), Нёман (937—459 км), Прыпяць (761—495 км), Сож (648—493 км), Бярэзіна (613 км). Але толькі ў Прыпяці жыве болей відаў рыб: 46 (у Віліі — 43).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?