Акцыя пратэсту адбылася ў Маладзечне 10 сакавіка, на наступны дзень пасля таго, як Лукашэнка, фактычна, прыпыніў дзеянне дэкрэта №3 на год. Тым не менш, сотні людзей сабраліся на Цэнтральнай плошчы, каб паказаць, што гэта не вырашае іх праблем: адсутнасці працы, перспектыў, годных заробкаў.

Падчас «Маршу недармаедаў» у Маладзечне, які адбыўся 10 сакавіка.

Падчас «Маршу недармаедаў» у Маладзечне, які адбыўся 10 сакавіка.

Адразу пасля Маршу жорстка затрымалі найбольш яркіх пратэстоўцаў і лідараў апазіцыі. Цяпер пачалі ціснуць на ўсіх без разбору. Як паведамляюць нашы чытачы, некаторым мітынгоўцам тэлефануюць з Маладзечанскага райвыканкама і высвятляюць, навошта тыя хадзілі на акцыю і чым незадаволеныя.

Іншых выклікаць на размову начальнікі на працы, якія намякаюць на магчымыя праблемы ў сувязі з удзелам і прапаноўваюць запоўніць анкету з тымі ж пытаннямі: навошта пайшоў, што не задавальняе, з кім быў.

Да некаторых прыходзяць на працу супрацоўнікі міліцыі, зноў жа, пагутарыць.

А некаторым адразу прапаноўваюць пісаць заяву на звальненне.

Пры гэтым адбываецца шмат недарэчнасцяў. Як распавяла «НН» намесніца старшыні партыі БНФ Вольга Лагвіновіч,

праблемы на працы ўзніклі ў маці маладога чалавека, які ўдзельнічаў у мітынгу. Жанчыну прымушалі звальняцца, хоць яе і блізка на Плошчы не было. Ці, да прыкладу, прымусілі пісаць тлумачальную запіску жанчыну, чый муж быў на акцыі.

І гэта не адзінкавыя выпадкі.

Імаверна, улады маюць спіс тэлефонных нумароў людзей, якія падчас акцыі знаходзіліся на Плошчы. Паколькі часта нумары аформленыя на сваякоў, а не на тых, хто імі непасрэдна карыстаецца, узнікае шмат непаразуменняў.

Так выйшла, што адзін хлопец, што ўдзельнічаў у дэманстрацыі, меў у тэлефоне бацькаву сімку. Пачалі цягаць бацьку.

Па нашых дадзеных, такім чынам ужо вылічылі 380 чалавек, і з усімі імі правядуць «прафілактычную работу».

«Апошнім пытаннем было: ці не перашкаджалі вам гукаўзмацняльнікі?»

Маладзечанцу Яўгену Сухаверху патэлефанавалі з райвыканкама ў чацвер. Малады чалавек не мае сталага месца працы, зарабляе на жыццё фрылансам.

«Цікавіліся маім стаўленнем да Дэкрэта №3. Стаўленне сваё я апісаў адкрыта: супярэчыць Канстытуцыі, здароваму сэнсу, уведзены ў без таго няпросты час.

Цікавіліся таксама, ці не звяртаўся я ў райвыканкам па дапамогу. На гэта адказаў, што з прычыны маёй прафесіі Маладзечанскі райвыканкам нічым мне дапамагчы не можа, таму са сваёй праблемай разбірацца буду ўласнымі сіламі. Згадаў, што ў перыяд занятасці (увесь 2015-ы і частка 2016-а года), падаткі я плаціў, і хочацца, каб дзяржава пра гэта памятала. Асаблівай дапамогі мне не трэба, проста не перашкаджайце», — патлумачыў Яўген.

Супрацоўніца райвыканкама таксама пацікавілася, чаму, на думку маладога чалавека, ніхто не пайшоў на прыём да старшыні Маладзечанскага райвыканкама Аляксандра Яхнаўца.

«За ўсіх адказваць не стаў, але адзначыў, што Яхнавец свой зварот пачаў з таго, што мітынг не санкцыянаваны. Хоць Канстытуцыя гарантуе грамадзянам права на мірныя мітынгі, дэманстрацыі і шэсці наогул без ўзгаднення з уладамі якога б там ні было ўзроўню. Таму дзівіцца рэакцыі народа не варта, — зазначае малады чалавек. —

Апошнім было пытанне пра тое, ці не перашкаджалі гукаўзмацняльнікі, якія працавалі на Цэнтральнай плошчы. Натуральна, адказаў, што перашкаджалі вельмі моцна. Прычым і самому Яхнаўцу, якога народ проста не пачуў, нават калі ён казаў нешта правільнае».

Напрыканцы размовы супрацоўніца райвыканкама падзякавала і паабяцала дапамагчы, калі Яўген звернецца ў райвыканкам. 

Чытачы таксама паведамляюць, што найактыўней з тэмай «дармаедаў» у райвыканкаме працуе аддзел адукацыі, спорту і турызму на чале з Ірынай Драпеза.

Маўляў, цяпер ідуць унутраныя разборкі, высвятляюць, чаму выйшла так шмат людзей і хто ў гэтым вінаваты.

Дарэчы, «прафілактычная работа» ў сувязі з акцыяй, што мае адбыцца 25 сакавіка ў Мінску, ужо пачалася. Вось такія паведамленні разаслалі па навучальных установах горада.

Самі бачыце, чыноўнікі без работы не сядзяць, — лаканічна напісаў нам чалавек, які даслаў гэты дакумент.

Мы датэлефанаваліся да Ірыны Драпезы, аднак яна паведаміла толькі тое, што ніякіх каментароў даваць не будзе і што яна нікога не абзвоньвае. Пасля гэтага загадчыца аддзела адукацыі, спорту і турызму кінула слухаўку. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?