Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан пачаў візіт у Кітай. Кітай з'яўляецца апошнім пунктам у турнэ новага кіраўніка амерыканскай дыпламатыі па Усходняй Азіі.

Галоўнай тэмай турнэ стала абмеркаванне паўночнакарэйскай ядзернай і ракетнай праграм.

Напярэдадні ў Сеуле Тылерсан заявіў, што ў выпадку, калі КНДР будзе пагражаць бяспецы Паўднёвай Карэі або амерыканскім аб'ектам на яе тэрыторыі, можа быць ваенны адказ.

Між тым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у Twitter, што Пхеньян «паводзіць сябе вельмі дрэнна», а Пекін «робіць занадта мала, каб з гэтым справіцца».

6 сакавіка Паўночная Карэя запусціла чатыры балістычныя ракеты, назваўшы гэта рэпетыцыяй ўдару па амерыканскіх базах у Японіі.

Міжнароднае грамадства асудзіла гэтыя дзеянні, а ЗША і Японія патрабавалі склікаць Раду Бяспекі ААН.

Тры з чатырох ракет упалі ў моры ў эканамічнай зоне Японіі. Тады ж прэзыдэнт ЗША заявіў, што рэгіён выйшаў «на новы ўзровень пагрозы».

Кіраўнік кітайскага МЗС Ван Лі заклікаў Паўночную Карэю спыніць запускі балістычных ракет і ядзерныя выпрабаванні, каб «прадухіліць надыход крызісу».

Пекін лічыць, што ў адказ ЗША і Паўднёвая Карэя павінны прыпыніць сумесныя вайсковыя вучэнні, якія заўсёды выклікаюць раздражненне КНДР.

На наступны дзень амерыканскія вайскоўцы паведамілі аб прыбыцці ў Паўднёвую Карэю супрацьракетных сістэм THAAD.

Раней планы ЗША размясціць гэтыя сістэмы ў Паўднёвай Карэі, узгодненыя ў 2016 годзе, выклікалі пратэсты Кітая, які асцерагаецца, што радары супрацьракетнай абароны здольныя кантраляваць яго паветраную прастору на вялікую глыбіню. Незадаволенасць сістэмай ПРА выказалі і ў Маскве.

Чакаецца, што менавіта гэта стане адной з тэм цяперашніх перамоваў у Пекіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?