Пры канцы мінулага года не стала заснавальніка Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея Алеся Мікалаевіча Белакоза. 2 снежня на жалобным мітынгу ідэю надання музею імя яго заснавальніка і шматгадовага дырэктара выказаў прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч.

Каб гэтая прапанова не засталася толькі прапановаю, прыхільнікі дзейнасці і сябры Алеся Мікалаевіча з мястэчка Лунна Уладзімір Брыцько і Лявон Карповіч выказаліся за збор подпісаў пад калектыўным зваротам аб наданні Гудзевіцкаму музею імя Алеся Белакоза. Каардынатарам выступіў мастаўлянін Васіль Клімовіч.

Цяпер збор подпісаў знаходзіцца на стадыі завяршэння, і неўзабаве калектыўны зварот будзе накіраваны ў Мастоўскі райвыканкам.

Толькі ёсць адна акалічнасць у тым мерапрыемстве, якую мне даводзіцца назіраць як зборшчыку подпісаў. Алеся Мікалаевіча добра ведалі простыя мастаўляне і ахвотна падпісваюцца, але ёсць катэгорыя грамадзян, якія ставяцца да ідэі з перасцярогай і не падпісваюць зварот. На жаль, як ні прыкра казаць, нават не называючы прозвішчаў, гэта работнікі культуры, настаўнікі ды чыноўнікі. А яны возяць у гэты музей, які чыніць гонар раёну, рознага кшталту дэлегацыі, школьнікаў ды самыя наведваюць той музей. Проста сорамна слухаць іх аднекванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?