Ягор Шаранкоў выступіць ад Беларусі на XXVI Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2017». Такое рашэнне прыняло журы па выніках адборачнага тура на конкурс «Славянскага базару ў Віцебску», які прайшоў у Тэатры эстрады ў беларускай сталіцы.

Дзевятнадцацігадовы Ягор Шаранкоў - студэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, саліст Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.

Выкананне песні «Чырвоная ружа» легендарнага ансамбля «Песняры» журы ацаніла ў 86 балаў, а ўсяго малады чалавек набраў 171 бал.

Усяго дзесяць фіналістаў адбору на вакальны конкурс у Віцебску разыгрывалі шчаслівы квіток. Сярод тых, хто змагаўся за сімпатыі членаў судзейскай калегіі — выканаўцы-пачаткоўцы, а таксама тыя, хто па роду прафесійнай дзейнасці не звязаны наўпрост з музыкай, але для каго без музыкі жыццё не ўяўляецца поўным. Прэтэндэнты выконвалі беларускую песню і сусветны хіт.

Журы прымала рашэнне па выніках выступлення канкурсантаў у адкрытым фармаце, вынік галасавання судзейскай калегіі адбіваўся на экране. Такі фармат галасавання на адборы на вакальны конкурс «Славянскага базару» выкарыстаны ўпершыню.

Ганаровым старшынёй адбору стаў народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг.

Упершыню фінальны тур прайшоў у фармаце канцэрта. Падчас галасавання журы для гледачоў у Тэатры эстрады выступілі вядомыя артысты, сярод якіх Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, Васіль Раінчык, ансамбль «Верасы», Аляксандр Сухараў. Тэлеверсія канцэрта будзе транслявацца 25 сакавіка на тэлеканале «Беларусь 3».

XXVI Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 13 па 17 ліпеня (дадатковыя мерапрыемствы адбудуцца 11-12 і 18-19 ліпеня).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?