Жыхар Слоніма Віктар Марчык.

Жыхар Слоніма Віктар Марчык.

У Слоніме быў затрыманы жыхар горада Віктар Марчык. Гэта ён узяў на сябе ініцыятыву за правядзенне мітынгу пратэсту ў горадзе над Шчарай. 

«Мы ішлі пасля акцыі па вуліцы 17 верасня, нас было пяць чалавек. Раптам пад'ехаў бус — чорны «Форд» без нумароў,

выскачылі хлопцы ў чорным, заламалі Віктара, укінулі ў бус, — расказаў карэспандэнту «Нашай Нівы» жыхар Слоніма Павал Севасцян. — Толькі пазналі аднаго з тых, у цывільным: яго прозвішча Шчурскі, ён супрацоўнік РАУС.

Мы прыйшлі ў міліцыю, і нам паведамілі, што Віктар Марчык цяпер у ізалятары часовага ўтрымання, заўтра будзе суд. Яму інкрымінуюць артыкул 23.34 АК — арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства».

На сённяшні марш у Слоніме сабраліся сотні людзей, да людзей выходзіў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі.

Арганізатарам маршу выступіла Слонімская кааліцыя дэмакратычных арганізацый. 

Людзей плошчы іх сустрэў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі і раённыя чыноўнікі.

Падчас рэзкай гутаркі ўдзельнікі яму прыгадалі, як на прадпрыемствах запалохвалі тых, хто збіраўся ўдзельнічаць у маршы, пагражалі выгнаць з працы. Старшыня Слонімскага райвыканкама папрасіў усіх, хто будзе мець на працы праблемы пасля акцыі, звяртацца асабіста да яго.

«Чулі? Нічога не бойцеся», — гучна абвясціў у мегафон актывіст Віктар Марчык.

Паводле словаў старшыні райвыканкама, у раёне было разаслана каля 1,5 тысячы «лістоў шчасця» пра выплату падатку за дармаедства. 

Людзі патрабавалі працы, Таргонскі казаў, што гатовы да кампрамісу, але «не трэба заробак называць палучкай» і «каля аднаго веніка па пяць чалавек стаяць не будзе, а грошы трэба зарабіць». У прыватнасці, ён сказаў пра перамовы з Астравецкім раёнам наконт працы слонімцаў на будаўніцтве Астравецкай АЭС.

«Ды ўсе бягуць з той АЭС! Колькі там заробіш!» — рэагавалі людзі.

Пасля слова ўзяў адзін з удзельнікаў мітынгу, былы работнік аднаго з аўтапаркаў. «Старшыня нам работы не дасць, у яго яе няма, — сказаў ён і адзначыў, што трэба проста адмяніць Дэкрэт №3. — І хай наша ўлада будзе ініцыятарам гэтага».

«Адмяніць! Адмяніць!» — скандавалі людзі.

Пасля прыняцця супольнай рэзалюцыі ўдзельнікі памалу пачалі разыходзіцца. Па індывідуальных пытаннях, якіх падчас мітынгу гучала большасць, Таргонскі запрашаў усіх у панядзелак на прыём у райвыканкам.

Маршу ў Слоніме папярэднічала масавае застрашванне людзей. Міліцыя ездзіла на прадпрыемствы і засцерагала людзей ад удзелу. Дзяржаўныя СМІ таксама знялі шэраг праграм, у якіх выстаўлялі ўдзельнікаў пратэстаў ворагамі народу.

Аляксандр Лукашэнка на публіку заявіў аб тым, што людзям трэба даць магчымасць выказацца, але правакатараў выкалупліваць як разынкі з булачак. Пасля гэтага за 15 дзён у краіне затрымалі як мінімум 210 чалавек — практычна ўсіх, хто на мітынгах бярэ на сябе ініцыятыву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?