У Баранавічах на акцыю пратэсту супраць Дэкрэту №3 выйшла некалькі дзясяткаў чалавек. Арганізатараў загадзя затрымалі.

Яшчэ да пачатку маршу былі затрыманыя актывіст прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Рыгор Грык і сябра Партыі БНФ Мікалай Чарнавус-старэйшы, якія зьяўляліся асноўнымі арганізатарамі акцыі. Сябра аб'яднанай партыі Мікалай Чарнавус-малодшы, які браў актыўны ўдзел у папярэдняй акцыі супраць Дэкрэту №3 у Баранавічах, 17 сакавіка асуджаны на 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

Акцыя 19 сакавіка плянавалася на 16.00, але шырока не анансавалася. За паўгадзіны да гэтага часу на цэнтральнай плошчы гораду зьявіліся некалькі груп з 4-5 чалавекі супрацоўнікаў у цывільным. Калі на плошчы пачалі зьяўляцца ўдзельнікі акцыі, гэтыя асобы сталі папярэджваць пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Праз адсутнасьць лідэраў і гукаўзмацняльнай апаратуры акцыя ў Баранавічах фактычна не адбылася. Людзі крыху пастаялі купкамі і паасобку, але ніхто не прамаўляў.

Адзін з удзельнікаў акцыі, мясцовы праваабаронца Сяргей Гоўша сказаў, што «па-сутнасьці акцыя не адбылася»: «Людзі проста прыйшлі і пагаварылі паміж сабою. Было вельмі шмат міліцыянтаў».

За мінулы баранавіцкі «Марш недармаедаў», які прайшоў 26 лютага, актывістаў каралі штрафамі і турмой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?