Намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Іван Кубракоў пракаментаваў у эфіры тэлеканала АНТ жорсткае затрыманне студэнтаў у мінскім тралейбусе пасля «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка.

«Не буду цалкам раскрываць усе карты, — казаў афіцэр Кубракоў, — але ў той сітуацыі супрацоўнікі органаў унутраных спраў дзейнічалі такім чынам, каб дадзеныя правапарушальнікі, якія знаходзіліся ў тралейбусе, не маглі і не мелі фізічнай магчымасці нанесці шкоду простым грамадзянам. Мы ўсе выдатна бачылі, якія прадметы былі канфіскаваныя (у правапарушальнікаў). Гэта прадметы, прызначаныя для нанясення цялесных пашкоджанняў: і нажы, і кастэты, і, натуральна, маскі», — цытуе Кубракова БелТА.

Актывістаў анархісцкага руху затрымлівалі ў транспарце па дарозе з акцыі.

Адзначым, што ў часе шэсця яны ўвесь час былі на вачах у журналістаў і нічога не парушалі. Анархісты з барабанамі былі самымі актыўнымі ўдзельнікамі акцыі. Яны ладзілі вясёлыя музычныя перформансы. На вачах у дэманстрантаў пасля шэсця яны селі ў тралейбус, аднак з'ехалі недалёка.

На прыпынку насупраць казіно «Белая вежа» па вуліцы Максіма Багдановіча людзі ў цывільным пачалі ўрывацца ў тралейбус, брутальна выцягваць актывістаў, распылілі слёзацечны газ. 

Жыхар Мінска Пятро Маркелаў стрыміў відэа затрымання — затрымалі і яго.

А на наступным відэа вы можаце бачыць, як тыя самыя «простыя грамадзяне» — жанчыны на прыпынку — спрабуюць абараніць юнакоў ад ціхароў:

«Скаціна, за што б'еш? Фашысты недабітыя! За нашы падаткі!» — крычаць на ціхароў жанчыны на прыпынку, але марна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?