«Андэрлехт» — БАТЭ — 1:2. Пра такія сустрэчы ёсьць шаблённая зьбітая фраза: «Гульня падабаецца гледачам, але даводзіць да інфарктаў трэнэраў».

«Андэрлехт» — БАТЭ — 1:2
Ужо сама магчымасьць паспаборнічаць з такім славутым клюбам, як брусэльскі «Андэрлехт» успрымалася для БАТЭ ўдачай. Ну а перамагчы такога суперніка, ды яшчэ на чужым полі, дарагога каштуе.
Пра такія сустрэчы ёсьць шаблённая зьбітая фраза: «Гульня падабаецца гледачам, але даводзіць да інфарктаў трэнэраў». Так было і ў Брусэлі.
На дзіва многіх, каманда з Барысава не акапалася каля сваіх брамаў, а спрабавала адказаць на кожны выпад гаспадароў сваім колкім ударам. Чаго толькі варты ўдар з падкруткай у далёкую дзевятку Віталя Радзівонава, але крыху міма. Дзеля справядлівасьці скажам, што некалькі разоў мяч проста цудам не трапляў у браму Сяргея Вяромкі. Нават калі прадстаўнікі брусэльскага інтэрнацыяналу білі ва ўпор.
Першы тайм так і скончыўся нулямі, але гледачы не сумавалі зусім. А на 66-ай хвіліне Гіём Жыйе проста расстраляў беларускія вароты. Здавалася б, кляс бэльгійцаў нарэшце праявіўся, і каманда ўпэўнена давядзе гульню да перамогі.

БАТЭ з гэтым было кардынальна нязгодным. Ужо ў першай жа атацы ў адказ 20-гадовы дублёр Няхайчык прымусіў у сфаліць паляка Марціна Васілеўскага ў сваёй штрафной. Македонскі арбітар выдаліў абаронцу «Андэрлехта» і прызначыў пэнальці. Сяргей Крывец справіўся з нэрвамі – 1:1.
Эмоцыі зашкальвалі ня толькі на полі, але і па-за ім. Усяго празь некалькі хвілінаў чырвоную картку ўбачыў перад сабой Ігар Стасевіч, які на той момант ужо быў заменены.
І ўсё ж БАТЭ вырвала перамогу. Бліскучая атака беларусаў на 88-ай хвіліне скончылася бліскучым пасам Сівакова на найлепшага гульца гульні Няхайчыка. Павал акуратна ўдарыў і, да зьдзіўленьня запоўненага стадыёну, патрапіў – 1:2.

Ужо ў даданыя арбітрам хвіліны барысаўцам зноў усьміхнулася ўдача. Пасьля выстралу ва ўпор мараканца Бусуфу мяч патрапіў у фартовага Вяромку. Здаецца, што бэльгійскія балельшчыкі так і не зразумелі, што адбылося.
Прыемна, што наша каманда паказала гульню эўрапейскага ўзроўню. Ужо ня першы год менавіта барысаўцы зьяўляюцца адзінай аддушынай беларускіх заўзятараў на эўрапейскай арэне.
Матч у адказ пройдзе праз тыдзень на барысаўскім гарадзкім стадыёне. Здаецца, што аншляг ужо забясьпечаны.
Цяпер чытаюць
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі
«Калі Расія нападзе на NATO, Калінінград будзе знішчаны ў першыя ж гадзіны. Але могуць прайсці два тыдні, перш чым дадатковыя сілы прыбудуць у Літву» — генерал Бэн Ходжэс

«Калі Расія нападзе на NATO, Калінінград будзе знішчаны ў першыя ж гадзіны. Але могуць прайсці два тыдні, перш чым дадатковыя сілы прыбудуць у Літву» — генерал Бэн Ходжэс
«Незалежнасць не падае з неба і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць». Ціханоўская выступіла з заявай да 35-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце

Каментары