20.03.2017 / 22:36

Польскі суд прысудзіў расіяніна да чатырох гадоў за шпіянаж

Акруговы суд у Варшаве прысудзіў юрыста Станіслава Ш., які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць Расіі, да 4 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя абвясціў прысуд у панядзелак 20 сакавіка, паведамляе Радыё Польшча.

Падсудны не прызнаў сваёй віны. Яго абарона хадайнічала аб яго апраўданні.

Станіслава Ш. абвінавачвалі ў тым, што ён удзельнічаў у дзейнасці расійскай ваеннай выведкі ГРУ супраць Польшчы.

Судовы працэс пачаўся ў верасні 2016 года. Ён праходзіў за зачыненымі дзвярыма ў спецыяльна абсталяваным зале суда ў сувязі з важнасцю справы і выкарыстаннем матэрыялаў пад грыфам сакрэтнасці.

Юрыста Станіслава Ш. (мае падвойнае грамадзянства — расійскае і польскае) і падпалкоўніка польскай арміі Збігнева І. арыштавалі ў кастрычніку 2014 года. Абодвух абвінавацілі ў шпіянажы на карысць расійскай ваеннай выведкі. У 2016 годзе Вайсковы акруговы суд у Варшаве прысудзіў Збігнева. І. да 6 гадоў пазбаўлення волі.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру